Вы тут

Гродзенцы агучылі свае прапановы па развіцці культурнай прасторы


Гродзенцы агучылі свае прапановы па развіцці культурнай прасторы. Сярод іх — пашырэнне беларускамоўнага асяроддзя, стварэнне ў горадзе мастацкага музея і ўвекавечванне памяці славутых землякоў.


Група гродзенцаў звярнулася з амбіцыёзным праектам — стварыць у горадзе мастацкі музей. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі бачаць гэтую ўстанову ў былым палацы тэкстыльшчыкаў. У хуткім часе тут пачнецца рэканструкцыя, і будынак будзе перапрафіляваны.

Па словах мастацтвазнаўцы Наталлі Паўленкі, мастацкія музеі ёсць ва ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах. У Гродне такой установы няма — існуюць асобныя выставачныя залы, некаторыя экспазіцыі месцяцца ў замках, альбо іншых месцах. У той жа час у Гродне ёсць і мастацкая школа, і каледж, і факультэт у ГрДзУ. У Гродне працуе нямала таленавітых мастакоў, тут можна прымаць іх калег з іншых краін з творчымі работамі. З цягам часу мастацкі кірунак мае ўсе падставы стаць такім жа папулярным у горадзе, як музычнае і тэатральнае мастацтва, сцвярджаюць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Яны адзначылі, што мастацкі музей — гэта таксама твар горада, свайго роду Эрмітаж для Гродна.

Абласныя і гарадскія ўлады, як паведаміў Уладзімір Краўцоў, бачаць рэалізацыю гэтага праекта больш пашырана. Напрыклад, можна стварыць у былым палацы тэкстыльшчыкаў не проста мастацкі музей, а вялікі культурны цэнтр, дзе будуць размешчаны экспазіцыя гісторыі ХХ стагоддзя і музей прыроды, які цяпер знаходзіцца ў старым замку і павінен адтуль пераехаць. Па словах спецыялістаў аблвыканкама, фондаў для аднаго толькі мастацкага музея недастаткова. Такая ўстанова разлічана на мэтавых наведвальнікаў, а культурны цэнтр у гэтым сэнсе можа прапанаваць больш шырокі дыяпазон.

У горадзе ёсць яшчэ некалькі аб'ектаў, якія могуць прэтэндаваць на мастацкае напаўненне. Гэта гістарычны будынак першай на Беларусі медыцынскай акадэміі, які зараз пустуе і чакае інвестара. Такі ж лёс і яшчэ аднаго архітэктурнага помніка перыяду канструктывізму, — былога Дома афіцэраў. Усе названыя будынкі могуць стаць прыдатнымі для гэтых мэт, адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Яшчэ некалькі прапаноў агучылі гродзенцы Аляксандр Місцюкевіч і Віктар Парфёненка. На думку грамадскіх актывістаў, у горадзе недастаткова візуальнай інфармацыі на беларускай мове. Дарэчы, заяўнікі паведамілі, што зараз актыўная работа ў гэтым кірунку вядзецца з адміністрацыяй Гродзенскага заапарка.

Таксама прагучала прапанова ўшанаваць памяць пісьменніка Васіля Быкава, які жыў і працаваў у Гродне. Гродзенцы не ўпершыню звяртаюцца да ўлад з гэтым пытаннем. Абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы гатова знайсці сродкі на шыльду, але на гэта павінна быць згода мясцовых улад.

Уладзімір Краўцоў паведаміў, што гэтае пытанне не застаецца па-за ўвагай. Вызначаны пэўныя месцы ў Гродне, дзе зафіксавана дзейнасць Васіля Быкава. Ёсць музей у рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда», дзе ён працаваў, ёсць асобныя экспазіцыі. У гэтым кірунку ўжо прынята рашэнне: мемарыяльны пакой будзе арганізаваны ў доме-музеі Максіма Багдановіча, у той частцы, якая пакуль жылая. Калі яна вызваліцца, а жыхары пераселяцца, гэтая палова адыдзе пад музей Васіля Быкава. Было таксама ўзнята пытанне па ўвекавечванні памяці Кастуся Каліноўскага. Асобы, якія пакінулі свой след у гісторыі, будуць цікавы для турыстаў, лічаць гродзенцы.

— Тэмы духоўнага развіцця, падтрымкі гісторыка-культурнай спадчыны, на якія багатая наша вобласць і горад, — гэта свайго роду сігналы, якія дазваляюць уладам правільна зарыентавацца ў сваіх дзеяннях і больш разумна, кампрамісна рэалізоўваць тыя дзеянні, якія мы таксама трымаем у цэнтры увагі, — гэта культурнае развіццё рэгіёна. Тым больш што ў наступным годзе Ліда будзе культурнай сталіцай Беларусі. У Слоніме сёлета пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Гэта сугучна з тымі прапановамі, якія прагучалі адносна пашырэння беларускамоўнага і культурнага асяроддзя, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Звароты з культурным акцэнтам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.