У Мінску падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва «Свет маімі вачыма» для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю.
Конкурс праходзіў у рамках праграмы Беларускага дзіцячага фонду «Юныя таленты».
— На наш погляд, самае каштоўнае ў работах, прадстаўленых на конкурс, — шчырасць, — лічыць дырэктар РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Аляксандр ТРУХАН.— У гэтых работах і радасць, і дабрыня, і ўменне бачыць прыгожае, чэрпаць у ім натхненне і энергію. Такі конкурс — магчымасць для нас, дарослых, убачыць свет дзіцячымі вачыма.
У склад журы ўваходзілі вядомыя мастакі, мастацтвазнаўцы і блогеры. Партнёрамі конкурсу сталі ААТ «БПС-Ашчадбанк», кампанія «MasterCard» і прадпрыемства «Кока-кола Беўрыджыс Беларусь».
— Я ўражаны тым, што атрымаў трэцяе месца, — гаворыць Нікіта РАГАЎЦОЎ, удзельнік конкурсу. — Вучуся ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы, мая будучая прафесія не мае ніякага дачынення да выяўленчага мастацтва. Аднойчы зайшоў у кабінет да нашага выкладчыка падчас нейкага творчага хаосу, спытаў у дзяцей, што яны тут робяць, — аказалася, малююць. Застаўся паглядзець, паспрабаваў і сябе. Наша выкладчыца Данута Чэх-Астрашэўская заўважыла, што ў мяне ёсць здольнасці. Вось і прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе. Цяпер вось хаджу маляваць у майстэрню кожны тыдзень. Сам у шоку!
У конкурсе бралі ўдзел дзеці і падлеткі ад 10 да 18 гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў або маюць абмежаваныя магчымасці. Конкурс праходзіў са снежня 2018 года да сакавіка 2019-га ў дзвюх намінацыях — жывапіс і графіка. Усяго ў ім прыняло ўдзел каля 500 дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі. У выніку журы вызначыла 19 пераможцаў — яны атрымалі дыпломы і мастацкія прылады для творчасці. Яшчэ 21 удзельнік узнагароджаны памятнымі падарункамі ад членаў журы.
Але самым каштоўным падарункам стала выстаўка. Сорак работ пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу можна ўбачыць у Нацыянальным гістарычным музеі да 23 красавіка.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Што за таемнымі дзвярыма?