Вы тут

Як прайшлі навучальныя будні ўдзельнікаў праекта «Студэнт на тыдзень»


Шосты раз праект «Студэнт на тыдзень» прыняў абітурыентаў на 16 факультэтах Белдзяржуніверсітэта: іх дзверы адчыніліся для 136 удзельнікаў. Старшакласнікі на працягу пяці дзён наведвалі розныя лекцыі і «прымяралі» на сябе такую жаданую ролю студэнта. Як прайшлі навучальныя будні «навабранцаў»? Каб даведацца аб гэтым, мы зазірнулі на філалагічны факультэт БДУ.


Ка­ця­ры­на Ба­ко, Ган­на Сня­гір, Ган­на Клі­мо­віч (зле­ва на­пра­ва).

...У калідорах філфака шумна і шматлюдна. Сярод патоку студэнтаў складана вызначыць, хто з іх «пастаянны жыхар», а хто «часовы госць». Затое бачна, што ўсе любяць паесці — каля сталовай ажыятаж. Званок ад куратара групы Уладзіміра Рыдкіна — і праз некалькі хвілін перад намі 14 дзяўчынак, гатовых падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Удзельніцы праекта прызналіся, што кожны дзень знаходжання на факультэце быў насычаны цікавымі парамі. Напрыклад, яны прысутнічалі на лекцыі па кітайскай мове, знаёміліся з лацінскай, успаміналі асновы сучаснай рускай мовы, даведаліся аб новых для сябе паняццях. Акрамя таго, хадзілі на сустрэчу з вядомай дзіцячай пісьменніцай, якая, як кажуць школьніцы, не пакінула іх раўнадушнымі.

— Атмасфера на факультэце прыемная. Абстаноўка падобная на школу, толькі тут усё маштабнейшае. Сталовая добрая, з голаду дакладна не памром! А яшчэ крута, што наш куратар часта арганізоўваў для нас розныя актыўнасці. Напрыклад, мы хадзілі на экскурсію ў Нацыянальны мастацкі музей, — кажуць суразмоўніцы.

Акрамя наведвання лекцый абітурыенты пазнаёміліся з адміністрацыяй універсітэта, прыёмнай камісіяй і задалі ім пытанні аб паступленні. Аб праекце «Студэнт на тыдзень» удзельніцы даведаліся з розных крыніц. Напрыклад, дзесяцікласніца Кацярына БАКО, навучэнка навагрудскай гімназіі № 1 і падумаць не магла, што раскажа ёй пра гэта... бабуля!

— Яна прачытала ў мясцовай газеце навіну аб наборы ў праект. Ідэя падалася цікавай. Доўга не думала — адразу напісала матывацыйны ліст і... забылася пра свой магчымы ўдзел! Але калі патэлефанавалі і сказалі, што я прайшла, вельмі ўзрадавалася. Знаходжанне тут дало разуменне: мне падабаецца англійская і ўсходняя філалогія. Думаю, у хуткім часе зраблю канчатковы выбар і буду спакойна чакаць паступлення ва ўніверсітэт.

Ганна КЛІМОВІЧ, вучаніца 11 класа магілёўскай сярэдняй школы № 27 расказала, што даведалася аб праекце яшчэ два гады таму, але вырашыла прыняць удзел толькі сёлета:

— Я была няўпэўненая ў сваіх сілах, думала, што гэта не для мяне. Трэба пісаць матывацыйны ліст з выразна выкладзенымі думкамі, а ў мяне з гэтым праблемы. Але я перамагла сарамлівасць, бо вельмі хацела паступаць на філфак, і адправіла заяўку. Ні разу аб гэтым не пашкадавала. Гэта круты вопыт для ўсіх абітурыентаў. Спачатку наведванне лекцый здавалася складаным выпрабаваннем — усё ж такі гэта не 45 хвілін урока. Але пасля прызвычаілася і кожны новы дзень на факультэце чакала з нецярпеннем!

Не ўсе абітурыенты ўдзельнічалі ў праекце «Студэнт на тыдзень» упершыню. Адзінаццацікласніца Ганна Снягір, вучаніца сталічнай сярэдняй школы № 196, аб праекце даведалася з сацсеткі Іnstаgrаm тры гады таму. Летась дзяўчына была на гістарычным факультэце. Дзякуючы гэтаму вопыту яна зразумела, што ёй ён не па душы і трэба разгледзець іншыя варыянты для будучай прафесіі:

— На філалагічным факультэце мне вельмі спадабалася! На лекцыі па гісторыі рускай літаратуры мы праходзілі творчасць пісьменніка Аляксандра Радзішчава. Гэта крута, таму што ў школьнай праграме яго няма і многія падзеі з жыцця пісьменніка здзівілі і зацікавілі. На пары па сучаснай рускай мове выкладчык расказаў аб дзеясловах тое, што мы не ведалі дагэтуль. Для нас, абітурыентаў, было цікава, што інфармацыю падавалі не «з нуля», а на тым узроўні, на якім спыніліся студэнты. Прыходзілася хутка арыентавацца. А яшчэ цікава, калі выкладчык у канцы пары казаў: «Гэта мы разбяром на наступных занятках». Крыўдна, што мы ўжо туды не трапім. Хіба што як станем студэнтамі.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Зазірнуць на «кухню» ведаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.