Вы тут

Незвычайны эксперымент БДУ: абітурыенты часова сталі студэнтамі


У Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце правялi незвычайны эксперымент — трое абiтурыентаў часова сталi студэнтамi: наведвалi лекцыi i практычныя заняткi, харчавалiся ў сталовай i ўвогуле вялi студэнцкi лад жыцця. «Палiгонам» для праекта «Студэнт на тыдзень» стаў Iнстытут журналiстыкi БДУ. Пасля яго завяршэння ўдзельнiкi падзялiлiся ўражаннямi.


Ме­ды­я­тэ­ка — вы­дат­нае мес­ца, каб спа­лу­чыць пры­ем­нае з ка­рыс­ным.

У склад шчаслiвай «тройкi» трапiлi два адзiнаццацiкласнiкi — Уладзiслаў КАРАЛЁЎ са сталiчнай гiмназii №2, Ганна КРУК з Сёмкаўскай сярэднай школы, што пад Мiнскам, а таксама выпускнiца 148-й школы расiйскага Краснаярска Лiлiя МЯШАЛКIНА (сям'я дзяўчыны сёлета пераехала ў Беларусь). Усе яны наведваюць падрыхтоўчыя курсы.

Для iх склалi асобны расклад, у якiм былi профiльныя дысцыплiны ўсiх спецыяльнасцей. Таму фактычна кожную пару яны знаёмiлiся з новай групай. Вядома, не абышлося i без агульнаадукацыйных прадметаў: мовы, гiсторыi i iншых.

— Мне больш за ўсё запомнiлася пара па камп'ютарнай вёрстцы, — узгадвае Ганна. — Хоць студэнты казалi, што дысцыплiна не самая захапляльная, мне на ёй было цiкавей за ўсё. Менавiта тады я змагла зразумець, як дзясяткi асобных тэкстаў i фотаздымкаў ператвараюцца ў газету. Яшчэ спадабалася «Кiраванне кар'ерай» — дысцыплiна, якая ёсць на спецыяльнасцi «Менеджмент СМI». На занятках мы iнсцэнiравалi перамовы з работадаўцам, вывучалi тэхнiку правiльных паводзiн у такiх умовах i iншае.

— А мяне зачапiла «Тэхнiка теле- i радыёвяшчання», якую выкладаюць студэнтам «Аўдыёвiзуальных СМI», — прызнаецца Лiлiя. — Мы паспрабавалi сябе ў ролi радыёвядучых, запiсвалi iнтэрв'ю (мне было вельмi цiкава задаваць пытаннi!), толькi што скорагаворкi не чыталi. Студэнты нам расказалi пра адно практыкаванне для правiльнага вымаўлення: трэба чытаць тэкст з зацiснутым у зубах алоўкам.

Дзяўчаты сцвярджаюць, што трапляць кожную пару ў новы калектыў iм было няцяжка — «аднакурснiкi» ставiлiся да навiчкоў вельмi прыхiльна.

— Больш за тое, мы былi «мясцовымi» славутасцямi, — смяецца Лiлiя. — Да нас усе самi падыходзiлi знаёмiцца, таму напрыканцы тыдня мы ведалi вельмi многiх. Давалi iнтэрв'ю факультэцкiм СМI, наогул кажучы, мы — «зоркi».

Вядома, студэнт жыве не аднымi заняткамi. Адно з месцаў «паломнiцтва» i абавязковага вiзiту «студэнтаў на тыдзень» — сталовая. Дзяўчаты прызнаюцца, што пакаштавалi амаль усё меню — вынiкамi задаволены. Адпачываць на «фортках» хадзiлi ў факультэцкую медыятэку — разглядалi ўпрыгожаныя малюнкамi сцены, гулялi ў шашкi i, вядома, чыталi кнiгi...

— Унiверсiтэт моцна адрознiваецца ад школы, — кажа Лiлiя. — Калi ад настаўнiка iнфармацыя iдзе ў адным кiрунку, то на парах мы пераважна вядзём дыялог, абмяркоўваем розныя тэмы, самi робiм высновы. Гэта, безумоўна, цiкавей. Тыдзень мне адназначна дапамог — я ўпэўнiлася ў сваiм выбары будучай прафесii, пабачыла навучальны працэс знутры i вызначылася са спецыяльнасцю, якая мне найбольш даспадобы — хачу працаваць на радыё.

— Мне тут таксама падабаецца больш, чым у школе, — дадае Ганна. — Я займалася тым, што мне па душы, на кожнай пары было нешта цiкавае. Ды i сама прафесiя журналiста вельмi захапляе. Я зразумела, што праца на тэлебачаннi цi радыё не для мяне, пакуль вагаюся памiж менеджментам i вэб-журналiстыкай. А яшчэ мы атрымалi магчымасць напiсаць па публiкацыi ва ўласныя партфолiа, якiя патрабуюць пры паступленнi, — увесь тыдзень вялi асабiстыя дзённiкi, куды запiсвалi свае ўражаннi. Пазней iх апублiкуюць на факультэцкiм сайце.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Фота Сяргея НIКАНОВIЧА

Загаловак у газеце: Студэнцтва... «на пробу». Яго адчулi на сабе школьнiкi

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.