Вы тут

На «кароткай назе» з Архімедам


Ён бы вельмі пазайздросціў сучасным метадам выкладання фізікі.

Фізіка — традыцыйна самая складаная для абітурыентаў дысцыпліна на ЦТ з самымі нізкімі сярэднімі баламі. Электрастатыка, тэрмадынаміка, асновы МКТ, законы захавання, механічныя хістанні і хвалі, оптыка, кінематыка, квантавая механіка... Нават у чалавека, які даўно скончыў школу, успаміны пра гэты прадмет нярэдка выклікаюць думкі накшталт «дзякуй богу, што ўсё гэта ўжо ў мінулым»... Але настаўнікам аптымізму не займаць. «Проста не вучы фізіку ў школе і ўсё тваё жыццё будзе напоўнена цудамі і чараўніцтвам», — смяюцца яны. Чаму крынічная вада не замярзае зімой? Што агульнага мае космас з патэльняй? Ці можна зрабіць так, каб вада кіпела толькі ў палове пасудзіны? Чаму высока ў гарах вывіхі ў людзей адбываюцца часцей, чым унізе? Ці магчыма зрабіць, каб цела рухалася бясконца? Як працуюць нашы мабільныя тэлефоны? Здавалася б, элементарныя пытанні, але ці змаглі б вы даць на іх хуткі адказ?

«Фізікі баяцца бясконцасці, а матэматыкі яе абагаўляюць, пры кожным выпадку кажуць: «Давайце разгледзім бясконцае мноства...» Матэматыкі кажуць: «Давайце возьмем паралелаграм». Фізікі: «А дзе мы яго возьмем? Нам усё трэба памацаць рукамі», — жартуе загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід МАРКОВІЧ. Трэба заўважыць, што тут з фізікай сябруюць усе — і прыхільнікі дакладных навук, і «лірыкі». І з заданнямі цэнтралізаванага тэсціравання ліцэісты нядрэнна спраўляюцца. Каб даведацца, як гэта ўдаецца педагогам ліцэя, мы накіраваліся ў навучальную ўстанову...


Ігар Ва­рак­са і Ле­а­нід Мар­ко­віч:  «Су­час­ныя ін­фар­ма­цый­ныя рэ­сур­сы  па­стаў­ле­ны на служ­бу ка­фед­ры фі­зі­кі і лі­цэ­іс­там».

Зразумець і... палюбіць

— Паколькі мы ўдзельнічаем у эксперыменце па профільным навучанні, няпрофільныя прадметы (як, напрыклад, фізіка для гуманітарыяў), выкладаюцца ў нас не два гады, а толькі год. Гэта не значыць, што нейкія раздзелы школьнага курса для іх выпадаюць, проста ён сціскаецца, і дзеці не паспяваюць спужацца, — усміхаецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ліцэя БДУ, настаўнік фізікі Ігар ВАРАКСА. — Яны маюць меншы набор прадметаў у адзін навучальны год, затое ў іх ёсць магчымасць больш часу прысвяціць любімай справе.

— Ліцэй калісьці распачынаўся менавіта з адкрыцця фізіка-матэматычнага профілю. Адметнасць нашай сённяшняй працы заключаецца ў тым, што нам даводзіцца рыхтаваць адначасова «спецназ» у фізіцы, а гэта дзеці, якім патрабуецца глыбіня, і «простых смертных», якім прадмет выкладаецца на зусім іншым узроўні. Канешне, прасцей працаваць з матываванымі дзецьмі, якія рыхтуюцца да алімпіяд, а вось выкладаць гуманітарыям — гэта ўжо алімпіядная задачка для педагога, якая патрабуе сапраўднага мастацтва, — заўважае Леанід Марковіч. — Настаўнікі, якія займаюцца з ліцэістамі, што навучаюцца на гуманітарных профілях, валодаюць пэўнай харызмай. У іх ёсць свае сакрэты з акцэнтам на відовішчныя формы работы, дэманстрацыю вопытаў, і яны могуць паказаць, што фізіка — гэта навука, без якой ты і кроку не зробіш у літаральным сэнсе, таму што крок — гэта таксама фізічны працэс. Фізіка вывучае ўсё, што нас акружае, і што з намі адбываецца! І наша мэта — дапамагчы зразумець і палюбіць гэту цікавую, але далёка не лёгкую навуку.

У ліцэі заўсёды чытаўся факультатыўны курс для падрыхтоўкі да ЦТ па фізіцы, бо без гэтай дысцыпліны немагчыма ні паступіць на інжынерныя спецыяльнасці, ні трапіць у ІТ-галіну. Шэсць гадоў таму мы прапанавалі яго весці Ігару Мікалаевічу Вараксу, бо адчувалі: патрабуецца маладая і ўпэўненая рука, якая добра ведае, што трэба сучасным дзецям. Ён моцна яго мадэрнізаваў, пачаў прымяняць відэатэхналогіі, наладзіў сувязь з навучэнцамі праз электронны кабінет, перайшоў на мову, даступную для сучасных дзяцей, — мову смартфонаў. Шчыра кажучы, я і некаторыя іншыя старэйшыя педагогі спачатку скептычна паставіліся да яго ініцыятыў, казалі «дарма марнуеш час», але вопыт «баявой практыкі» паказаў, што ён меў рацыю, і мы рэзка прасунуліся наперад.

Па ме­ры за­пі­су ві­дэа­ра­шэн­няў спа­сыл­кі, якія вя­дуць на ан­лайн-плат­фор­му, за­мя­ня­юц­ца спа­сыл­ка­мі на ві­дэа­фраг­мен­ты.

На мяжы сваіх магчымасцяў

— Да 2013 года сярэдні бал нашых выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні быў 67, а цяпер мы маем 82—84 балы. Ліцэісты традыцыйна ўдзельнічаюць у міжнародных турнірах па фізіцы, фізічных баях, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. Але алімпіядная фізіка і фізіка на ЦТ — гэта ўсё ж розныя рэчы, — тлумачыць Ігар Варакса. — З пункту гледжання сярэднестатыстычнага абітурыента, заданні на ЦТ па фізіцы падаюцца непераадольнымі, але насамрэч нашы тэсты ў параўнанні з заданнямі расійскага Адзінага дзяржаўнага экзамену ці амерыканскімі сістэмамі кантролю ведаў не такія ўжо і складаныя. Зусім не абавязкова ведаць падручнік ад першай да апошняй старонкі, але ЦТ патрабуе ад абітурыента сістэматызацыі ведаў. Трэба быць знаёмым са спецыфікацыяй тэста, відамі заданняў, якія выкарыстоўваюцца на ЦТ, плюс валодаць навыкамі запаўнення бланка. Мы сабралі ўсе заданні па фізіцы на рэпетыцыйным і цэнтралізаваным тэсціраванні, якія публікаваў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў з 2003 да 2018 года, разбілі іх па тэмах і ўзроўнях складанасці, адсартавалі такім чынам, каб у нашых навучэнцаў было дакладнае ўяўленне аб тым, што ад іх патрабуецца на экзамене.

Фізіку ў ліцэі здаюць прыкладна 100 выпускнікоў, з іх 60—70 чалавек наведваюць факультатыў па падрыхтоўцы да ЦТ. А калі ў аўдыторыі сядзіць такая колькасць будучых абітурыентаў, з імі складана працаваць звычайнымі метадамі. Таму я ўвёў некалькі электронных сэрвісаў. Дзеці рэгіструюцца ў асабістым кабінеце, атрымліваюць заданні, выконваюць іх, і я адразу бачу, калі масава пачынаюць няправільна рашаць тую ці іншую задачу. Значыць, трэба спыніцца і растлумачыць матэрыял! Ці, наадварот, большасць справілася, а ў двух—пяці чалавек узніклі нейкія праблемы. Можна, не адцягваючы ўвагу ўсёй аўдыторыі, проста падысці да іх, дапамагчы і накіраваць. На такіх занятках кожны працуе на мяжы сваіх, а не чужых магчымасцяў. Пры гэтым мы адпрацоўваем усе моманты, якія выклікаюць цяжкасці.

QR-код пе­ра­на­кі­роў­вае навучэнцаў да да­дат­ко­вых  ма­тэ­ры­я­лаў, ві­дэа­ра­шэн­ня або ан­лайн-фор­мы з тлу­ма­чэн­нем ал­га­рыт­му вы­ка­нан­ня.

Інтэрактыў для візуалаў

Кожны тыдзень нам трэба разгледзець 60—70 задач на пэўную тэму. Зразумела, што за дзве гадзіны на факультатыве мы праходзім недзе палову, а астатняе прыпадае на хатняе заданне. Але як можна ў гэтым выпадку ліцэістам дапамагчы? Так з'явілася ідэя запісу відэарашэнняў. Я пачаў убудоўваць іх у раздатачны матэрыял. З 1,5 тысячы задач, якія зараз ёсць у нашай базе, тысяча ўжо маюць відэарашэнні. І калі вучань дома не можа самастойна справіцца з тым ці іншым заданнем, ён з дапамогай мабільнага тэлефона «счытвае» QR-код і трапляе на сайт, дзе знаходзіцца відэатлумачэнне.

Кожны, хто займаецца падрыхтоўкай да ЦТ, раней ці пазней знаходзіць заканамернасці ў складанні тэстаў, прыдумвае розныя лайф-хакі, якія дапамагаюць сэканоміць час і дасягаць выніку з меншымі намаганнямі. Вось так і нарадзілася ідэя аб'яднаць усю гэтую карысную, але разрозненую інфармацыю пад адной вокладкай, а прагрэс у тэхналогіях дазволіў перанесці разбор рашэнняў задач у віртуальную прастору. Мне даўно хацелася зрабіць факультатыўны курс даступным для ўсіх старшакласнікаў, а не толькі для ліцэістаў. Выйсцем стала серыя з 11 інтэрактыўных друкаваных дапаможнікаў. У новым выданні сабраная база заданняў за 15 гадоў з усімі змяненнямі па раздзелах фізікі: «Законы захавання. Гідрастатыка», «Дынаміка», «Кінематыка», «Асновы МКТ», «Тэрмадынаміка», «Электрастатыка», «Пастаянны ток», «Магнітнае поле», «Ваганні і хвалі», «Оптыка» і «Квантавая механіка».

Адметнасцю дапаможнікаў з'яўляецца выкарыстанне ў іх тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Кожнай задачы ў падручніках прысвоены QR-код. Ён перанакіроўвае чытача да дадатковых матэрыялаў, відэарашэння або анлайн-формы з тлумачэннем алгарытму выканання. Я лічу гэтую працу плёнам сумеснай творчасці — педагогаў і ліцэістаў, якія на працягу многіх гадоў задавалі пытанні, дзяліліся цяжкасцямі, забяспечвалі вельмі каштоўную зваротную сувязь...

У Ліцэі БДУ таксама запісалі поўны цыкл лекцый Леаніда Марковіча.

Нашы дапаможнікі атрымаліся насамрэч інтэрактыўныя — кожны можа далучыцца да іх напаўнення. Калі пры навядзенні камеры смартфона на QR-код відэарашэння па нейкай задачы не будзе, абітурыент перанакіроўваецца да анлайн-формы, у якой можна заказаць тлумачэнне ходу задачы. І па меры запісу відэарашэнняў спасылкі, якія вядуць на анлайн-платформу, замяняюцца спасылкамі на відэафрагменты. Такім чынам ты сам уплываеш на змест дапаможніка, а ўся астатняя супольнасць застаецца ў плюсе.

Калі мы выпусцілі ў лістападзе серыю SMАRT-дапаможнікаў, было запісана 65 гадзін відэа, але за два месяцы я запісаў яшчэ сем гадзін відэарашэнняў. За тыдзень набіраецца 420 гадзін праглядаў. Зразумела, што я ніколі б у жыцці не змог столькі часу запар тлумачыць дзецям, як рашыць тую ці іншую задачу — трэба было б не есці, не піць, а толькі займацца з абітурыентамі. Між іншым, у тыдні ўсяго 168 гадзін.

Якія яшчэ перавагі мае відэа? Калі табе незразумела, ты можаш запіс пераматаць. На сваім дэвайсе можна праглядаць тлумачэнне хоць дзесяць разоў, а вось калі ты перапытаеш у настаўніка тры-чатыры разы, то апошні, хутчэй за ўсё, пачне нервавацца. Да таго ж цяперашнія дзеці — гэта пакаленне візуалаў: яны не вельмі добра разумеюць прачытанае, а відэа ўспрымаюць значна лепш. Вось толькі відэаролікі не павінны перавышаць дзесяць хвілін, бо ніхто не стане глядзець на смартфоне твае паўтарагадзінныя лекцыі.

Выйсцем стала серыя з 11 інтэрактыўных друкаваных дапаможнікаў. Кожны абітурыент можа далучыцца да іх напаўнення. Сёння яны змяшчаюць спасылкі на 72 гадзіны відэарашэнняў.

Гладыятары на тэстах

Цікавімся ў педагогаў, а якія ж з раздзелаў фізікі даюцца старшакласнікам цяжэй за ўсё?

— Найбольшая колькасць відэа (9 гадзін) утрымліваецца ў дапаможніку з заданнямі па электрастатыцы, таму што было вельмі шмат пытанняў ад ліцэістаў, — кажа Ігар Варакса. — Шэсць гадзін відэа запісана па тэме «Дынаміка», а вось, напрыклад, па квантавай фізіцы — усяго адна гадзіна відэарашэнняў, таму што ўсё, што вывучаецца ў 11 класе, — гэта, прабачце, дзіцячы сад. Самая складаная фізіка ў дзясятым класе: МКТ, тэрмастатыка, электрадынаміка... Патрэбны час, каб усё гэта асэнсаваць і засвоіць.

— Мы вельмі рады, што сучасныя інфармацыйныя рэсурсы з іх неабмежаванымі магчымасцямі пастаўлены на службу кафедры фізікі і ліцэістам, — канстатуе Леанід Марковіч. — Праблема скарачэння гадзін па прадмеце ў школьным курсе — праблема глабальная. І я, напрыклад, лічу, што квантавай фізіцы трэба аддаваць у 11 класе больш увагі, бо менавіта гэтыя веды спатрэбяцца затым у ВНУ.

Відэарашэнні Ігар Варакса запісвае з дапамогай відэаробата SWІLV, мабільнага тэлефона і інтэлектуальнай платформы для работы з відэа.

У Ліцэі БДУ плануюць падрыхтаваць падобныя інтэрактыўныя выданні таксама па біялогіі і матэматыцы.

А што лічыцца сярод ліцэістаў найбольш прэстыжным: атрымаць 100 балаў на ЦТ або заваяваць узнагароду на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах?

— Ліцэісты заўсёды на «баявым кані», і самая прэстыжная перамога ў нас — гэта перамога з «адкрытым забралам» на алімпіядзе. Калі ты гладыятар, то выйдзі на арэну і гэта дакажы, — канстатуе Леанід Марковіч. — Але ў нашых выпускнікоў ёсць і восем стабальных вынікаў. Практычна кожны год хтосьці паказвае максімальны ці блізкі да яго бал, так бы мовіць, узорнае валоданне «зброяй» пры любым надвор'і.

Летась адзін з нашых выпускнікоў, які перамог на міжнароднай алімпіядзе па фізіцы, вырашыў пайсці на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ў БДУ, але для яго стала нечаканасцю, што без здачы ЦТ туды прымаюцца толькі пераможцы алімпіяд па матэматыцы, інфарматыцы і астраноміі. Фізікі ў гэтым пераліку, на жаль, няма. Ён усміхнуўся і... пайшоў на цэнтралізаванае тэсціраванне. Як і належыць алімпіядніку, дапусціў памылку ў заданні з вобласці А (у адным з самых простых). Проста калі ты лятаеш на звышгукавым самалёце, то забываеш, як карыстацца тумблерамі і выпускаць шасі на «кукурузніку». Мы жартавалі: «Лепш бы ты загінуў, як герой, у вобласці В». Але 98 балаў ён набраў і стаў студэнтам. Я проста хачу заўважыць, што падрыхтоўка да алімпіяды гарантуе вам паспяховую здачу ЦТ і высокія балы, а вось адваротнае — зусім не факт. Алімпіяднікі — людзі зусім іншай загартоўкі...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.