Вы тут

Асаблівы попыт будзе на кватэры-студыі і апартаменты еўрафармату


На што звяртаюць увагу пры куплі кватэры, ці істотна сёлета падаражэе жыллё і наколькі танней абыдуцца апартаменты ў прыгарадзе? Пра тэндэнцыі на рынку нерухомасці расказваюць эксперты.


Новае жыллё ў прыярытэце

Цяпер кватэры другаснага рынку карыстаюцца меншай папулярнасцю. Больш за 80 % патэнцыйных пакупнікоў жылля разглядаюць новабудоўлі. У кліентаў хапае на гэта грошай? Падобна на тое.

Адной з асаблівасцяў пакупніцкіх паводзін можна назваць комплексны падыход пры выбары новабудоўлі. З кожным эканамічна стабільным годам доля тых, хто кіруецца выключна цэнавым фактарам, памяншаецца. Паводле праведзенага групай кампаній «Твая сталіца» даследавання, вага цэнавага фактару цяпер складае толькі каля 20—25 %. Для параўнання: аналагічную значнасць мае размяшчэнне дома паблізу станцыі метро.

Наглядны прыклад: пакупнік выбірае паміж дзвюма аднапакаёвымі кватэрамі, адна з якіх размяшчаецца на значнай адлегласці ад метро, але каштуе 47 тысяч долараў, а другая — паблізу «падземкі», але за 53 тысячы долараў. Дык вось, пры іншых роўных умовах, з улікам атрымання транспартных выгод на перспектыву, значная частка аддасць перавагу другому варыянту. А сродкі, якія адсутнічаюць, возьме ў крэдыт.

Зніжэнне значнасці цаны, у прыватнасці, можна растлумачыць наяўнасцю крэдытаў і павелічэннем колькасці прапаноў па растэрміноўцы аплаты.

Сярод іншых фактараў уплыву на выбар пакупніка можна вылучыць стадыю будаўнічай гатоўнасці дома, месцазнаходжанне (канкрэтны раён, развітасць інфраструктуры ў наваколлі, транспартная даступнасць), планіроўку, наяўнасць паркоўкі.

Больш за ўсё за мінулы год падаражэлі новабудоўлі класа «эканом». Гэты від бюджэтнага жылля прыплюсаваў у цане 17 %. Цяпер квадратны метр «эканома» ў аднапакаёвай кватэры ў сярэднім каштуе 1235 долараў, у двухпакаёвай — 1225 долараў, у трохпакаёвай — 1110 долараў.

А вось жыллё ў дамах класа «стандарт» падаражэла ўсяго на 6 %. Сярэдні кошт квадратнага метра гэтага класа ў аднапакаёвых кватэрах дасягае 1330 долараў, у двухпакаёвых — 1250 долараў, у трохпакаёвых — 1170 долараў.

Два сцэнарыі на год

Многае на рынку жыллёвай нерухомасці будзе залежаць ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. Але ўжо цяпер можна з дастатковай упэўненасцю меркаваць, што высокі попыт на новабудоўлі за два папярэднія гады сябе вычарпаў. Нават пры захаванні бягучых умоў па даступнасці крэдытаў (стаўкі, умовы атрымання). Сёлета доля пакупнікоў з уласнымі грашыма будзе павялічвацца.

— І не таму, што дабрабыт людзей настолькі вырасце, а таму, што колькасць пакупнікоў, якім пад сілу ўзяць і выплачваць крэдыт, памяншаецца. Асноўная іх маса ўжо ўзяла крэдыт у 2017—2018 гадах, — упэўнены аналітык Андрэй Чарнышоў.

Далейшае магчымае развіццё сітуацыі на першасным рынку Мінска можна ўмоўна падзяліць на два сцэнарыі. Першы варыянт: калі даступнасць крэдытаў не зменіцца (у параўнанні з мінулым годам), то за кошт крэдытнай падтрымкі і эканамічнай стабільнасці магчымы рост цэн у межах 5—7 %.

Сцэнарый нумар два процілеглы першаму. Так, калі крэдыты істотна падаражэюць, ускладняцца ўмовы іх атрымання, то за кошт памяншэння фінансава забяспечанага попыту рынак западзе ў стан стагнацыі. На гэтым фоне будзе расці колькасць маркетынгавых акцый ад забудоўшчыкаў: яны будуць змагацца за пакупнікоў, захоўваючы цэны на ранейшым узроўні. А магчымасць пачатку зніжэння цэн будзе залежаць ад ступені ўзмацнення жорсткасці крэдытнай і эканамічнай сітуацый.

Пакупнікі, у сваю чаргу, будуць зніжаць свае патрабаванні да новабудоўляў: прыйдзецца чымсьці ахвяраваць дзеля кошту. Асаблівы попыт будуць уяўляць кватэры мінімальнага метражу, у прыватнасці кватэры-студыі і апартаменты еўрафармату. Частка пакупнікоў з мінімальным бюджэтам, пяройдзе на бок другаснага рынку — там ёсць танныя «хрушчоўкі» і «брэжнеўкі».

Усё большую цікавасць будуць уяўляць прыгарадныя (Калодзішчы) і загарадныя (Прылукі, Фаніпаль, Смалявічы) прапановы новабудоўляў. Яны ўжо зараз на 20—30 % таннейшыя за сталічныя аналагі, а пры належным падыходзе за горадам можна набыць двухпакаёвую новабудоўлю па цане аднапакаёвай кватэры другаснага рынку ў Мінску.

Амаль «мёртвы» студзень

«Гэты першы месяц года можа стаць самым горшым на рынку нерухомасці за апошнія дзесяць гадоў», — адзначае кіраўнік камітэта па рыэлтарскай дзейнасці Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Павел Астапеня. — Колькасць здзелак на рынку чакаецца ў раёне 700. Для параўнання, у студзені 2018 года было 1273 здзелкі».

Чаму так? Кліенты рынку нерухомасці ўважліва назіралі за перагаворамі Масквы і Мінска. Таму што ўсе разумеюць, што многае залежыць не ад нас. Карацей кажучы, калі сур'ёзнай падтрымкі ад Расіі не будзе, то цэны на жыллё ў нашай краіне непазбежна ўпадуць. І таму дастаткова вялікая колькасць пакупнікоў затаілася. Гэта, адпаведна, з'явілася адным з фактараў скарачэння здзелак на рынку ў снежні 2018 года. Гэты ж настрой перайшоў і на студзень.

Калі ж сітуацыя з Расіяй упарадкуецца, то цэны будуць захоўвацца на ўзроўні мінулага года плюс-мінус 2 %, упэўнены Павел Астапеня. Таксама, на думку эксперта, актыўнасць на рынку нерухомасці будзе залежаць ад таго, ці змогуць людзі разлічваць на крэдытную падтрымку банкаў.

А як у рэгіёнах?

Гродна

Найбольш актыўна забудоўваюцца мікрараёны Гродна — Фолюш, Паўднёвы-3, Вішнявец і Дзевятоўка. У кожным з іх узводзяцца жылыя комплексы на ўмовах долевага будаўніцтва.

Самы дарагі квадратны метр у Дзевятоўцы. Там у новым доме па вуліцы Курчатава будуюць кватэры з разліку 700—710 долараў за «квадрат». У жылым комплексе па вуліцы Пралетарскай метр абыдзецца трохі танней — 600—610 долараў. А самы бюджэтны варыянт прапануюць у мікрараёне Паўднёвы-3, дзе квадратны метр каштуе ўсяго ад 500 да 520 долараў.

Дзякуючы зменам заканадаўчай базы, даўгабуды ў Гродне фактычна засталіся ў мінулым. У абласным цэнтры рэалізуюцца буйныя праекты жылой нерухомасці. Таксама кропкава забудоўваецца гістарычны цэнтр.

Брэст

За апошнія два-тры гады ў Брэсце пачата будаўніцтва некалькі буйных жылых комплексаў. Найбольш вядомыя сярод іх: Старая крэпасць, Паўночны, панэльны комплекс па вуліцы Чырвонагвардзейскай і шматфункцыянальны жылы комплекс у раёне вуліц Папаніна і Гогаля.

Цана квадратнага метра ў новабудоўлях Брэста — адна з самых высокіх у краіне. Найбольшым попытам у пакупнікоў першаснага рынку карыстаюцца аднапакаёвыя кватэры плошчай 35—45 м2. Больш за ўсё новабудоўляў узводзіцца ў мікрараёнах Граеўка і Паўднёвы Усход. Таксама кропкава забудоўваецца цэнтр горада. Кошт «квадрата» ў Старой крэпасці пачынаецца з 610 долараў і даходзіць у Цэнтральным раёне да 1350 долараў у раёне вуліц Гогаля — Папаніна. Попыт на новыя кватэры, якія рэалізуюцца з дапамогай долевага будаўніцтва, у горадзе над Бугам застаецца стабільны.

Магілёў

Большасць новабудоўляў у горадзе — панэльныя, вышынёй 9 паверхаў. Кватэры рэалізуюцца праз удзел у долевым будаўніцтве. Гэта жыллё эканом-класа, але з якасным чарнавым аздабленнем і высокімі паказчыкамі цепла- і гукаізаляцый.

Таксама ў горадзе ўзводзяцца дамы камфорт-класа, напрыклад — ЖК «Эгаіст» па вуліцы Гагарына. У ім маюцца кватэры-студыі плошчай да 49 м2, з французскімі (ад падлогі да столі) вокнамі.

Квадратны метр бюджэтнага жылля ў Магілёве каштуе 570 долараў, а ў дамах камфорт-класа кошт іх дасягае да 700 долараў.

Гомель

Асабліва інтэнсіўна тут забудоўваюцца мікрараёны № 18 і 19, вуліца Сожская. Актыўнае будаўніцтва вядзецца і ў мікрараёне № 59.

Па долевым будаўніцтве можна пабудаваць кватэры коштам ад 430 да 550 долараў за квадратны метр (у эквіваленце). Пражыванне ў элітным доме ў цэнтры горада будзе каштаваць даражэй — 725 долараў за «квадрат».

Віцебск

У Віцебску рэалізуецца некалькі буйных праектаў у сферы долевага будаўніцтва — у асноўным у мікрараёне Чаромушкі і на скрыжаванні Чырванафлоцкай і Артылерыйскай вуліц. Цікавасць з боку расіян таксама робіць унёсак у падтрымку попыту на новабудоўлі. Інфраструктура новых мікрараёнаў таксама развіваецца, што робіць новае жыллё яшчэ больш прывабным для пакупнікоў. Квадратны метр новага жылля ў гэтым горадзе абыдзецца пакупнікам ад 560 да 680 долараў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Будаваць — не бедаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.