Вы тут

У нядзелю яўрэі святкавалі Новы год дрэў


Свят шмат не бывае. І калі многія ўжо спакавалі свае ялінкі, даелі апошнія мандарыны і пачалі выконваць загаданыя жаданні, дык у некаторых урачыстасць яшчэ толькі набліжаецца. Новы год дрэў — свята яўрэйскага календара. Гэта напамін і пра тое, як калісьці народ быў у бядзе, як, знаходзячыся за крок ад смерці, атрымаў жыццё і перамогу. Такі Новы год, натуральна ж, прысвечаны і дрэвам. Існуе традыцыя не толькі іх пасадкі (у спрыяльны час і пры адпаведных умовах). На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна. Пра гэты і іншыя звычаі ў нашым інтэрв'ю з равінам Рыгорам Абрамовічам.


— Раскажыце, як з'явіўся Новы год дрэў?

— Першапачаткова ён служыў для таго, каб вызначыць узрост дрэў, аднак з часам традыцыя сышла, бо большасць яўрэяў не жыла ў Ізраілі. Аднак прыблізна да ХVІ стагоддзя на гістарычную радзіму вярнуліся містыкі, якія вырашылі, што было б добра гэта свята адрадзіць. Вырашылі, што варта з'ядаць садавіну ад дрэў і думаць пра іх карыснасць для нас.

За кароткі час стала папулярным есці некаторую садавіну, і не проста так, а ў пэўнай паслядоўнасці. Бо ўсе ўжыванні ежы ў рэлігійным уяўленні павінны мець абгрунтаванне, і яны павінны быць зразумелыя наступнаму пакаленню.

Садавіну падзялілі па пэўнай сістэме, атрымалі чатыры светы. Садавіна ў скурцы і з костачкай унутры (гранат) — гэта першы свет, дзеяння. Кожны з нас штосекунду прысутнічае ў свеце дзеяння: складае рукі, глядзіць у акно, ідзе. Садавіна без скуркі або з ядомай тонкай скуркай, але з костачкай (аліва, вінаград, фінік) сімвалізуе свет творчасці. У свеце творчасці мы час ад часу знаходзімся, прыдумваючы, ствараючы. Праўда з адной умовай: мы можам ствараць, толькі маючы зыходны матэрыял — веды або матэрыял для будаўніцтва чагосьці. Тая садавіна, у якой няма ні скуркі, ні костачкі (інжыр, курага), прадстаўляе свет стварэння з нічога. Так стварае толькі Усявышні. Згадваючы пра чацвёрты свет, мы нічога не ядзім, гэта «свет гармоніі». Мы не ўяўляем, як ён выглядае, толькі здагадваемся, што ў ім пануюць душы і анёлы.

Гэтыя чатыры светы сімвалізуюць чатыры этапы прымання ежы на Новы год дрэў, якія мы называем «сэдар», або «парадак». Бярэцца пэўная садавіна, гаворыцца дабраславенне на яе, згадваецца пэўны свет і гэтак далей. Аднак ёсць яшчэ тое, што мы п'ём — чатыры келіхі віна. Часам мяне пытаюцца: яўрэі ж непітушчыя, чаму вы ўжываеце віно? Насамрэч адказ вельмі просты. Справа ў тым, што ніколі не рабіўся акцэнт на алкагольны складнік. Калі мы чытаем старадаўнюю крыніцу, мы бачым, што віно разбаўлялі. Ёсць дзве версіі, як гэта рабілася: адна чвэрць віна і тры чвэрці вады або адна пятая віна і тры чвэрці вады. Мы ўвогуле не кажам пра градус як такі. Таму калі ты ўжываеш такое разбаўленае віно, яно ніяк не ўплывае на твой стан, не надта ахмеліць цябе. Калі чалавек не ўжывае ніякага алкаголю, прадугледжаны вінаградны сок.

Мы ведаем, што дрэвы кладуцца спаць на зіму і вясной прачынаюцца. Такім чынам мы пераходзім ад белага віна або вінаграднага соку да чырвонага. Першы келіх сімвалізуе зіму і сон. У другі дадаём крыху чырвонага віна, яно атрымліваецца ружовым і сімвалізуе абуджэнне, але яшчэ на пачатковым узроўні. У трэці келіх мы дадаём яшчэ віна — і ўжо цёмна-ружовы, амаль вясна. Чацвёрты, чырвоны, — гэта вясна. Такі пераход ад зімы да вясны.

— На звычайны Новы год прынята падводзіць вынікі або пісаць планы на будучы год. Вы ж ужываеце садавіну, згадваеце пра сакральны сэнс. Аднак ці кажаце нешта пра сваё ўласнае жыццё, напрыклад: у гэтым годзе я добра тварыў, напісаў шмат вершаў або ў наступным планую пісаць карціны?..

— Так, мы безумоўна абдумваем планы. Аднак у нас ёсць яшчэ адзін Новы год, які адзначаюць у верасні. Ёсць дзве задачы — будаваць планы на будучы год і падумаць, які быў мінулы год. Мы павінны яшчэ на працягу 10 дзён — ад часу Выкуплення да Новага года — папрасіць прабачэння ва ўсіх, каго пакрыўдзілі. Гэта вельмі важны звычай. Тут мы кажам «прабач» усім, каго маглі пакрыўдзіць, нават выпадкова ці патэнцыяльна. А заканчваецца ўсё тым, што мы просім прабачэння ў Бога, якога мы таксама пакрыўдзілі. Гэта пра разуменне, што ты штосьці зрабіў не так, але можаш выправіць і ўпісаць у далейшыя планы.

— Што яшчэ прынята рабіць на Новы год дрэў?

— Ёсць цікавы звычай, які з'явіўся ў 1909 годзе ў Ізраілі, калі не было самой дзяржавы, але людзі ўжо прыязджалі. Вырашылі не толькі есці плады, але і саджаць дрэвы. Такая традыцыя існавала і раней, увёў яе равін у горадзе Зіхрон Якаў. Вельмі цікава, што дагэтуль равін вучыўся ў некалькіх равінаў з Брэсцкай вобласці. Можа быць, гэта ідэя нарадзілася і дзесьці ў Беларусі. Але я ўвесь час думаў, як ідэя магла нарадзіцца тут, дзе ў гэты час мерзлая зямля? Аднак у Беларусі акурат садзяць елкі і сосны — тыя дрэвы, якія высякаюцца. Гэта вельмі важная традыцыя, яна сведчыць: тое, што мы бяром у прыроды, мы можам ёй вярнуць пасадкай новых дрэў. Цікава, што ў Мінску да 20-х гадоў ХХ стагоддзя існаваў звычай у скрынку для дабрачыннасці складваць манеткі, каб на іх хтосьці пасадзіў дрэва ў Ізраілі. Такім чынам ты далучаеш да добрай справы яшчэ больш людзей.

Кажуць, што кожны чалавек павінен пражыць жыццё так, каб выгадаваць сына, пабудаваць дом, пасадзіць дрэва. Асабіста я ўжо ўсё гэта зрабіў — раю запланаваць і іншым. Такім чынам, на розныя свае святы мы садзім дрэва, будуем часовы шалаш, вучым дзяцей не забываць справы продкаў. І так кожны год. Я лічу, не трэба думаць пра ўсё жыццё. Калі ты годна пражывеш адзін год, годна пражывеш і ўсё жыццё.

— Скажыце, чаму менавіта дрэва, а не іншая расліна?

— Бо першапачаткова размова ішла менавіта пра дрэвы, якія прыносяць плады. Частку садавіны ты аддаваў на дабрачыннасць, на храм або прадаваў і ўносіў сродкі. Але гэта могуць быць і кветкі. Мы неяк на вуліцы Шорнай каля сінагогі звярнулі ўвагу, што раней тут уся вуліца была ў дрэвах, а цяпер няма ніводнага. Мы папрасілі членаў нашай абшчыны, якія дрэнна чуюць, выразаць выцінанку з дрэвамі і павесіць на вокны. Быццам бы яны хоць бы ў гэта свята ўпрыгожваюць вуліцу. Справа настолькі спадабалася, што мы паўтаралі яе некалькі гадоў. Моладзь з другаснай сыравіны рабіла дрэвы.
А малым дзецям, якія пакуль не могуць садзіць дрэвы, мы прапаноўваем садзіць цыбулю — гэта таксама сімвал.

— Тое, што вы расказалі, — проста прыгожая традыцыя, або вы сапраўды святкуеце Новы год дрэў у гэту нядзелю?

— Безумоўна, святкуем. Наш каляндар і нацыянальны, і рэлігійны адначасова. «Сэдар» ладзім у нядзелю ўвечары. Дарэчы, наш плод са скуркай і костачкай — гэта мандарын. Аднойчы замест белага віна мы выкарыстоўвалі бярозавік. Гэты час адкрыты для пэўнай паэзіі, рознай творчасці. Менавіта на гэты Новы год мы вырашылі звярнуць сваю ўвагу на птушак, якія жывуць на дрэвах, — для чаго патрэбны шпакоўні, што мы можам зрабіць як гарадскія жыхары?

— Ці святкуеце вы традыцыйны Новы год?

— Усе па-рознаму. Хтосьці не святкуе, бо ёсць іншыя такія святы ўласнай традыцыі. Адны ставяць ялінку, іншыя не. Ёсць яўрэі, якія нават жывучы ў Ізраілі святкуюць гэты традыцыйны Новы год. Адбываецца тое ж самае сямейнае застолле, з салатамі і шампанскім. Хтосьці спрабаваў дадаць сюды пэўны яўрэйскі элемент, аднак гэта не мела вялікага поспеху. Для мяне Новы год — час з сям'ёй, амаль кожны год да нас прыязджаюць бацькі жонкі з Бірабіджана (Далёкі Усход, каля Хабараўска), дзе ідыш — адна з асноўных моў. Для іх вельмі важна, каб была ёлка. Таму мы прынялі саламонава рашэнне — знайшлі гірлянду ў форме ёлкі, упрыгожылі цацкамі: мы разумеем, што гэта не ёлка, яны разумеюць, што гэта ёлка. Мой бацька, які жыве ў Ізраілі і ходзіць у сінагогу, таксама ставіць ёлку, бо кажа, што ў яго настальгія па дзяцінстве.

— Што для вас цуд, і каму вы гатовы зрабіць цуд?

— Адразу пасля Новага года дрэў мы не расслабляемся. Бо праз месяц у нас іншае свята — Пурым, дзе нам дазволена напіцца, адзін раз на год (аднак ніхто занадта не карыстаецца гэтай прапановай). Напіцца з адной умовай: каб не адрозніць Мардахея, які ратаваў наш народ, ад Амана, які хацеў яго знішчыць. Мы паспрабуем паглядзець, што ёсць дабро і што ёсць зло праз іншае бачанне. Вельмі важна перачытаць кнігу Ясфіры, каб разумець, як мог загінуць народ, як яго выратавалі. У гэты час трэба ўзяць два пачастункі і паслаць камусьці. Засведчыўшы тым самым: ты для мяне важны, я з табой сябрую. Мяркую, гэта важная частка сацыяльнага складніка зносін. Бо мы вельмі моцна сышлі ў сацсеткі, у іншыя інтэрнэт-рэсурсы. Таму гэты звычай старадаўні і ў той жа час вельмі сучасны. І тут не прысутнічае прынцып абавязковай узаемнасці, усё ідзе спантанна. Таксама ты павінен знайсці двух чалавек, якім горш, чым табе, і даць ім падарункі. Мы ў цэнтры вырашылі збіраць грошы і цацкі і адпраўляць у дзіцячы дом у Барысаве. Для мяне гэта і ёсць цуд, для іншага і для сябе таксама.

— Другі яўрэйскі Новы год будзе святкавацца ў верасні?

— Так, час яго крыху мяняецца, сёлета — 30 верасня. Мы ядзім яблыкі з мёдам. Яблык — каб год быў моцны. Мёд — каб ён быў салодкі. Мы спалучаем моц і салодкасць. Бо калі год толькі моцны, фінансава стабільны, але ў ім няма ніякага агеньчыку, то гэта крыху сумна. А калі мора агеньчыкаў, але няма чаго паставіць на стол — таксама не вельмі. Такое спалучэнне яблыка і мёду — гэта яшчэ і спалучэнне таго, чаго мы чакаем. Пажаданні на гэта свята ў нас таксама вельмі цікавыя. Першае — каб тваё імя было запісана ў кнізе Жыцця. Другое — каб ты быў у галаве, а ў не хвасце. Плесціся ў хвасце вельмі зручна, а вось галавою трэба думаць. Затое галава заўсёды ўверсе, а хвост не.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.