Вы тут

Тэатр беларускай драматургіі прадставіў новую версію «Мудрамера»


Знакамітую сатырычную камедыю Мікалая Матукоўскага неаднаразова ставілі ў тэатрах, рабілі пастаноўкі на радыё і нават знялі ў 1988 годзе, у часы татальнай галоснасці, на «Беларусьфільме» двухсерыйны фільм. Але, відаць, маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што аб'ём розуму на планеце — велічыня пастаянная, а насельніцтва імкліва расце... Словам, актуальнасці п'еса не згубіла і сёння, што і пацвердзіў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які прадставіў у РТБД на суд гледачоў яе сучаснае прачытанне.


Фабула засталася нязменная: вынаходнік-самавучка Мурашка прапануе запусціць у масавую вытворчасць апарат пад назвай «дурамер», які вымярае ўзровень чалавечага інтэлекту па шкале ад «ПД» (поўны дурань) да «Г» (геній), прычым кожны паказчык суправаджаецца адпаведнай класічнай мелодыяй: «Танец маленькіх лебедзяў» для звычайнага чалавека, паланэз «Развітанне з радзімай» Агінскага для дурня, «Ода «Да радасці» Бетховена — для генія. У Міністэрстве ўзгадненняў, куды звярнуўся вынаходнік, яму перадусім раяць змяніць назву прылады на «мудрамер» і вымяраць не дурасць, а мудрасць — ці яе адсутнасць. У працэсе выпрабавання прыбора пералічваюцца самыя неверагодныя аргументы «за» і «супраць», адбываецца мноства размоў і падзей, сумных і смешных, але завяршаецца справа цалкам лагічна: бяздушная бюракратычная машына праглынае Мурашку і перажоўвае разам з косткамі.

Зала Тэатра беларускай драматургіі досыць камерная, таму спачатку адчуваеш сябе няўпэўнена побач з празмерна вялікім настольным календаром, асадкай і селектарам. Зрэшты, паступова ўсё становіцца на свае месцы — гэтыя рэчы больш чым дэкарацыі: яны паўнапраўныя (а часам нават галоўныя) дзеючыя асобы спектакля. Што, праўда, ніколькі не перашкаджае праявіць сябе ўсім астатнім героям — а ў пастаноўцы занята цэлае сузор'е вядомых акцёраў: Андрэй Дабравольскі, Ілья Ясінскі, Людміла Сідаркевіч, Валянцін Салаўёў, Таццяна Мархель ды іншыя. Максім Паніматчанка проста бліскуча спраўляецца з роляй вынаходніка-прайдзісвета Залівакі — здаецца, яшчэ крыху, і ўся зала ў адзіным парыве следам за ім раскіне рукі і будзе паўтараць «Куд-куд-куды... Куд-куд-куды...», як няшчасныя нясушкі, з дапамогай якіх Залівака плануе заваліць усю краіну, увесь свет курынымі яйкамі. На кантрасце ўраўнаважвае гэту эксцэнтрыку бабуля ў выкананні Таццяны Мархель: народная артыстка дае той глыток свежага паветра, без якога ў гіпербалізаваных вобразах персанажаў задыхаюцца не толькі гледачы, але, здаецца, і самі акцёры. Цікава, колькі людзей у зале пасля ціхага маналогу бабулі Загуменнай «У мяне дзеці вельмі харошыя! Толькі вельмі занятыя...» адкладзе свае важныя справы, каб зрабіць паўзу і патэлефанаваць бацькам? Мабыць, сакрэт у тым, што юбілярка — якраз сёння Таццяна Рыгораўна адзначае 80-годдзе — ніколі не пераігрывае, незалежна ад памеру ролі і колькасці рэплік, увасабляе штосьці сапраўднае і глыбокае, — нездарма ж многія рэжысёры бачылі і падкрэслівалі яе «сапраўдную беларускасць».

...Можна спрачацца, ці не варта было зрабіць пастаноўку больш дынамічнай, з улікам таго, што частка персанажаў п'есы, накшталт мадэляў фабрыкі адзення і тэлефаністак, выведзеная па-за рамкі падзей наогул. Прынамсі на перадпаказе гледачы абмяркоўвалі, што гадзіна танцаў з бубнамі вакол магчымай карысці ці шкоды апарата — гэта зашмат, так і на іспыты часу не застанецца. Але рэжысёр, доўга заціскаючы спружыну глядацкага чакання, зрабіў так, што «Мудрамер» глядзіцца на адным дыханні: тут і экшн, і эмацыянальна выразныя акцёрскія эпізоды, і кранальныя моманты, і ўмела расстаўленыя акцэнты, на якіх публіка мусіць смяяцца (і яна такі сапраўды шмат смяецца). Але галоўнае — камедыя пры амаль даслоўным пераказе не пахне нафталінам і не ператвараецца ў фарс, бо ўтрымлівае не толькі мноства зразумелых сучаснікам намёкаў, але і падтэкст. І ён значна глыбейшы, чым супрацьстаянне асобнага генія і бюракратычнай сістэмы, чым прабіўное спалучэнне дурасці і нахабства, што дазваляе адваяваць вельмі прыстойнае месца пад сонцам, чым ідэйная бездапаможнасць офісна-планктоннага «нармальнага чалавека». Бо мала ведаць межы нормы — трэба яшчэ задумацца, як быць з тымі людзьмі, хто ў гэтыя межы не ўпісваецца, і што рабіць, калі гэты чалавек — ты сам?... «Мудрамер» такую прастору для роздуму дае.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Па кім гучыць паланэз

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.