Вы тут

Культура не мае межаў: казанскі тэатр упершыню з гастролямі ў Беларусі


Дні культуры Татарстана ў Беларусі адкрылі спектаклем «Рэвізор» у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. На мерапрыемстве прысутнічала шмат высокіх гасцей, у тым ліку намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Луцкі і міністры культуры Беларусі і Татарстана. Як была закладзена традыцыя правядзення дзён культуры, якое значэнне маюць гэтыя мерапрыемствы, і чаму менавіта Купалаўскі тэатр сёлета стаў пляцоўкай для гастролей Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя В.І. Качалава? Пра ўсё гэта ў нашым матэрыяле.


Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч на цырымоніі адкрыцця нагадаў усім прысутным, што традыцыя правядзення абменных дзён культуры была закладзена ў 2018 годзе, калі ў Белдзяржфілармоніі прайшоў гала-канцэрт майстроў мастацтваў Татарстана.

— Культурныя абмены трывала ўвайшлі ў наша творчае жыццё. Мы памятаем сардэчны прыём нашай дэлегацыі на гасціннай зямлі Татарстана ў 2022 годзе. Беларускія артысты тады паспяхова выступілі ў Казані і Ёшкар-Але,— дадаў Анатоль Маркевіч, — Сёння мы прымаем дарагіх сяброў на беларускай зямлі. У Татарстане, як і ў Беларусі, жывуць добрыя і працавітыя людзі. У сённяшнім няпростым, турбулентным свеце культурны дыялог набывае асаблівае значэнне. 

У сваю чаргу міністр культуры Татарстана Ірада Аюпава адзначыла, што выбар пляцоўкі для гастроляў казанскага тэатра невыпадковы. Па яе словах, беларускі пясняр быў звязаны з Татарстанам. Там, у вёсцы Пячышчы, існуе адзіны ў Расіі музей Янкі Купалы. Таксама Ірада Аюпава дадала, што у жылах акцёра Васіля Качалава, імя якога носіць тэатр, таксама цякла беларуская кроў, а імя Мікалая Гогаля, аўтара п’есы «Рэвізор», нагадвае аб тым, што сапраўдная культура не мае межаў:

— Хаця нас падзяляюць тысячы кіламетраў, мы аднолькава адказваем на пытанні, што такое добра і што такое дрэнна. Для нас галоўнымі каштоўнасцямі, як і тысячу гадоў таму, з’яўляюцца сям’я, родная зямля, родная мова, культура і, вядома, сяброўства.

Казанскі тэатр імя В.І. Качалава прыехаў у Беларусь упершыню. Мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст Расіі і Татарстана Аляксандр Славуцкі падзяліўся, што даўно хацеў пабываць у Мінску:

— Мне вельмі спадабаўся горад. Ціха, спакойна, мірна, чысценька, прыгожа. Мы рады сустрэчы з вашымі гледачамі.

Мастацкі кіраўнік казанскага тэатра імя В. І. Качалава, народны артыста Расіі і Татарстана Аляксандр Славуцкі

Па жанры «Рэвізор» — гэта камедыя. Аднак Аляксандр Славуцкі гаворыць, што у іх на радзіме пасля гэтага спектакля людзі выходзяць і выціраюць слёзы:

— Таму што гэта не пра дурняў-чыноўнікаў, а пра трагічны лёс краіны.

Гастролі казанскага тэатра працягнуцца ў сталіцы да 26 верасня. У праграме такія спектаклі, як «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара», «Пыл у вочы», «Скрыпач на даху», «Васа», «Баль злодзеяў» і рэтраканцэрт «Калі запаляцца ліхтары».

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.