Вы тут

Найлепшае ў жывапісе, графіцы і скульптуры па вызначэнні саміх мастакоў


Гэта адбываецца раз на два гады і ўжо стала традыцыяй: шосты раз у Беларусі творцы, што працуюць у выяўленчым мастацтве, выносяць вынік сваёй працы за два апошнія гады на біенале. Гэтае замежнае слова прыжылося ў нашых рэаліях, таму што адразу скіроўвае ўвагу ў бок мастацтва дзякуючы сусветнаму брэнду. Але славутая Венецыянская біенале, якая стала брэндавай з’явай, прайшла вялікі шлях у больш чым стагоддзе . У нас, можна сказаць, пакуль адбываюцца першыя крокі, нягледзячы на тое, што за папярэднія пяць вялікіх агульнарэспубліканскіх выставак ужо напрацаваны пэўны досвед, зробленыя высновы і нават маюцца свае пераможцы. Іх імёны, трэба было б чакаць, ведае ўся Беларусь: не шараговая ж з’ява для нас — біенале. Але паміж імёнамі творцаў, іх творамі і айчыннай глядацкай аўдыторыяй дагэтуль існуе пэўная адлегласць, якую маецца на мэце пераадольваць таксама праз біенале. А вось тут магія слова «біенале» можа і не спрацаваць…


Аднак усё ж, здаецца, гэтаму спрыяе цэнтр сталіцы, Рэспубліканская выставачная галерэя (Палац мастацтва). Два паверхі запоўненыя творамі: 400 мастацкіх работ, што прадстаўляюць 250 аўтараў. І гэта не значыць, што аўтаматычна на выстаўку патрапіла ўсё, што было створана ў краіне за справаздачны перыяд: адбор ішоў з 700 твораў. Крытэрыі — прафесіяналізм і найбольшая тэхнічная дасканаласць.

— Гэтую падзею мы чакалі і рыхтаваліся да яе цэлы год, — патлумачыў намеснік старшыні па выставачнай дзейнасці Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў. — Мы спадзяваліся, што яна адбудзецца ў поўным аб’ёме і традыцыях, якія мы закладалі папярэднія разы: з 2008 года працуе наша прынцыповая выстаўка. Біенале ўжо мае дасягненні, розгалас і сваю гісторыю. Мастакі заўсёды разлічваюць на тое, што іх убачаць і заўважаць. Дасягненні відавочныя, яны існуюць заўсёды. І мы ўжо напачатку вызначаем лідараў у намінацыях за год. Таму што біенале — гэта магчымасць замацоўваць важныя вехі ў свядомасці людзей, зафіксаваць тое, што адбываецца ў прасторы беларускай культуры. Таму што ёсць рэчы, без якіх чалавек не абыходзіцца, найперш духоўны складнік, што вядзе яго ў гэтыя залы. Нам не сорамна казаць пра ўзровень, які мы не заяўляем, а дэманструем. Тут ёсць свае дасягненні, знаходкі, новыя формы і вызначэнне тэндэнцый. Такі матэрыял не можа знікнуць бясследна, над яго асэнсаваннем трэба працаваць: гэта тая частка культуры, без якой краіна не жыве…

У краіны (і яе жыхароў) ёсць час да 14 снежня вызначыцца, што патрэбна для жыцця, далейшага існавання і погляду збоку на сябе і навакольны свет. Гэта выстаўка па-беларуску вельмі талерантная, тут насамрэч шмат усяго: творы жывапісу розных кірункаў (і тэхнік) у цесным суседстве; колеравасць перамяжаецца з графічнай манахромнасцю; ад сцен з мастацкімі работамі погляд пераходзіць на скульптуры. Часам уражанне ад аднаго твора перакрываецца эмоцыямі ад наступнага — адна з праблем вялікіх экспазіцый, што не аб’яднаныя адной тэмай, стылем ці аўтарам. І тут ёсць глеба для развіцця і ўдасканалення самой біенале: у наш час мала адабраць найлепшыя творы і размеркаваць іх у прасторы. Прастора сама становіцца такой жа значнай часткай экспазіцыі, адпаведна, з’яўляецца месцам дыялогу, і гэта трэба ўлічваць.

Тым больш што ў мастакоў ёсць і адмысловы спадзеў, як адзначыў скульптар Аляксанр Шапо: «Лепшыя мастакі краіны перад вачыма — на ваш суд, на ваша разуменне. У тым ліку і на ваша разуменне лёсу творцы ў наш час».

Вядома, што для творцы важны глядач неабыякавы, уважлівы, які цікавіцца мастацтвам. Гледачу абазнанаму хочацца мастацтва новага, таго, што здзіўляе і не паўтараецца. Той, хто сочыць за працэсам і ходзіць на выстаўкі рэгулярна, усё ж адзначыць для сябе творы, што ўжо «засвяціліся» ў іншых праектах. А ў мастакоў, якіх гэты глядач ужо ведае, ён будзе шукаць рух, імкненне да развіцця, на свой погляд (але гэты погляд маецца на ўвазе). Ці шмат у нас такіх гледачоў — вось у чым пытанне.

У ідэале — калі ёсць агульнарэспубліканская выстаўка, што ладзіцца ня часта і мае на мэце агляд найлепшага (і доўжыцца да таго ж зусім непрацяглы тэрмін), то ў Палац мастацтва павінны стаяць чэргі. І зразумела, што над гэтым таксама трэба працаваць у наш час — мэтанакіравана, упарта, доўга і на перспектыву. Галоўнае — ужо зараз. Калі мы хочам, каб наша біенале стала асобным брэндам (у сваёй краіне), патрэбна над гэтым працаваць сістэмна. І не толькі Саюзу мастакоў, які выступае арганізатарам. Вялікая выстаўка агляднага характару патрабуе дзяржаўнай увагі і падыходаў, каб гэта падаваць годна, на ўзроўні значнай культурнай падзеі. Бо неабавязкова быць спецыялістам у выяўленчым мастацтве, каб разумець: у ім адлюстроўваецца твор грамадства, па ім можна меркаваць пра ментальныя характарыстыкі і рэальны стан, па ім можна адчуць, што мяняецца, у які бок і нават уявіць, куды гэта можа прывесці. Праз яго ж — шукаць, марыць і камунікаваць.

Усё ж у гледачоў яшчэ ёсць час на тое, каб агледзець выстаўку павольна і абраць сваіх улюбёных творцаў. А вось прафесіяналы і журы гэта зрабілі ўжо ў дзень адкрыцця. Пераможцы біенале і ўладальнік Гран-пры будуць абвешчаны напрыканцы. Аднак ужо названыя пераможцы ў намінацыях «Жывапіс года», «Графіка года» і «Скульптура года».

«Жывапіс года»: Першае месца журы аддало Уладзіміру Канцадайлаву, другое — Генадзю Козелу, трэцяе — Станіславу Гурскаму. Ганаровыя дыпломы атрымалі Алег Ладзісаў, Алена Шлегель, Віталь Герасімаў, Зоя Луцэвіч, Васіль Касцючэнка.

«Графіка года»: У «Арыгінальнай графіцы» першае месца за Аляксандрам Некрашэвічам, другое — у Антона Баранава, трэцяе — у Валянціны Шобы. Ганаровыя дыпломы ў Зоі Луцэвіч і Уладзіміра Лавецкага.

У «Друкаванай графіцы» пераможцамі сталі Юрый Тарэеў (першы), Андрэй Басалыга (другі) і Марына Мароз (трэцяя). Дыпломы — у Андрэя Якубава, Ганны Мельнікавай, Вольгі Нікішынай. «Скульптура года»:

Першае месца прызначана Вользе Орсік, другое — Аляксандру Мінкову, трэцяе — Аляксандру Шапо.

Дыпломамі адзначаныя Сяргей Сотнікаў, Юрый Пеўнеў, Хрысціна Кулагіна.

Марыя АСІПЕНКА

Фота Кастуся Дробава

Загаловак у газеце: Што маем...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.