Вы тут

Спадарожнік «BSUSat-1» Белдзяржуніверсітэта паспяхова выведзены на арбіту


Знакавая падзея ў гісторыі вядучай ВНУ адбылася 29 кастрычніка 2018 года ў 03.43 (па мінскім часе). Нанаспадарожнік БДУ стаў першым універсітэцкім спадарожнікам у сістэме беларускай адукацыі і трэцім аб'ектам айчыннага паходжання на калязямной арбіце.


“BSUSat-1” быў запушчаны ў Кітаі з касмадрома “Цзюцюань” (JSLC) і паспяхова выведзены на арбіту вышынёй больш за 500 кіламетраў над паверхняй Зямлі! У дадзены  момант з апаратам устаноўлена і падтрымліваецца ўстойлівая сувязь, яго бартавыя сістэмы паўнавартасна функцыянуюць.

Параметры апарата складаюць 20x10x10 см3, маса -- крыху больш за 1,6 кг. Пры нязначных габарытах ён валодае ўсімі характарыстыкамі вялікіх універсальных спадарожнікаў: ён абсталяваны сістэмамі энергазабеспячэння, кіравання, арыентацыі і стабілізацыі, тэлекамунікацый, комплексам тэхналагічнай і навукова карыснай нагрузкі. На спадарожніку ўстаноўлены лічбавая камера, радыяцыйны спектрометр, інфрачырвоны дэтэктар і іншае спецыяльнае абсталяванне.

Праграмнае забеспячэнне для працы спадарожніка распрацавана вучонымі БДУ. Палётная праграма стваралася індывідуальна пад тэхнічныя характарыстыкі ракеты-носьбіта, службовай платформы спадарожніка і мэтавай апаратуры.

Універсітэцкі спадарожнік дазволіць выканаць шырокі спектр задач. У навуковых мэтах будзе праводзіцца даследаванне радыяцыйных палёў калязямной прасторы, радыяцыйнай трываласці электронных элементаў, дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі.

Адукацыйны складнік дазволіць выкарыстоўваць нанаспадарожнік як вучэбна-навуковую лабараторыю. Разам з наземным комплексам кіравання, прыёму і апрацоўкі дадзеных студэнты ў рэальных умовах змогуць асвойваць касмічныя тэхналогіі і праводзіць навуковыя даследаванні. Акрамя таго яны ўжо атрымалі ўнікальны вопыт поўнага цыклу распрацоўкі, стварэння і выкарыстання ўласных касмічных апаратаў, прымаючы актыўны ўдзел у яго распрацоўцы.

Першыя пазыўныя спадарожніка БДУ выкладчыкі і студэнты пачуюць 30 кастрычніка -- у Дзень нараджэння ВНУ. Над тэрыторыяй Беларусі апарат будзе пралятаць шэсць разоў у суткі, знаходзячыся ў зоне радыёбачнасці 10-11 хвілін. Перадача інфармацыі пройдзе ў радыяаматарскім дыяпазоне. Таму, валодаючы мінімальнымі сродкамі прыёму, атрымаць дадзеныя са спадарожніка могуць усе арганізацыі і прыватныя асобы. Атрыманая спецыялістамі розных краін інфармацыя будзе акумулявацца на спецыяльна створаным інтэрнэт-партале. Ім  зможа карыстацца ўся сусветная навуковая супольнасць, якая займаецца распрацоўкай службовай платформы, мэтавай нагрузкай звышмалых касмічных апаратаў, фундаментальнай космафізікай, астрафізікай, вывучэннем радыяцыйных паясоў Зямлі, верхніх слаёў атмасферы і г.д.

Запуск уласнага нанаспадарожніка стаў вынікам дзесяцігадовай працы калектыву супрацоўнікаў і студэнтаў Цэнтра аэракасмічнай адукацыі, факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій і фізічнага факультэта БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.