Вы тут

Наш Шубуршун у сербскай прасторы


Аљес Карљукевич

Шушкало и његови пријатељи

Превела са белоруског Дајана Лазаревић

Београд: КИЗ «Центар», 2018.


Як вядома, казачныя «Прыгоды Шубуршуна» Алеся Карлюкевіча сталі імкліва распаўсюджвацца па шырокім свеце. Зусім нядаўна з’явілася і асобнае іх выданне на сербскай мове.

Атэставаць аўтара і пераказваць змест гэтай яго кнігі, думаецца, няма патрэбы. А вось пра тое, як герой беларускага пісьменніка прадстаўлены сербскім юным чытачам, сказаць некалькі слоў усё ж такі варта.

Нельга не адзначыць, што перакладчыцы ўдалося трансфармаваць імя «Шубуршун» не толькі з максімальнай адпаведнасцю ў плане гукапераймальных асацыяцый, але і зусім без страт, здавалася б, непазбежных. Так што яно загучала цалкам натуральна па-сербску: «Шушкало». Каб належным чынам ацаніць праяўленае тут майстэрства, удакладнім, што ў гэтак перададзеным, «асербленым», імені надзвычай удала спалучанымі аказаліся значэнні сербскіх слоў «шушкати» (шалясцець, шаптаць, шушукацца), «шушица» (вельмі маленькі чалавечак, гномік), а яшчэ таксама і «шушкор» (сухое, апалае лісце). А гэта стварыла шырокае поле асацыяцый, якія здольны дадаткова стымуляваць творчае ўяўленне маленькіх чытачоў-сербаў. Плюс да ўсяго перакладчыца досыць грунтоўна, цікава і ўзнёсла-творча адрэкамендавала гэтага героя ў сваім уступным слове, галоўны змест якога тэхнічны рэдактар вынес на тыльны бок вокладкі выдання. Вось гэты тэкст:

«Шушкала — адважны, разумны, прыязны і добры сябар. Ён не чалавек і не жывёла; Шушкала — гэта ідэя і энергія, любоў да прыроды, да сяброў, да падарожжаў. Яго душа чыстая, ён любіць жыццё, родны кут, літаратуру.

Сваёй сяброўцы Вераніцы ён раіць чытаць паэзію і не можа зразумець, чаму яна слаба адказвала на ўроку пра паэта Янку Купалу Шушкала — маленькі, цікавы і цікаўны. Гэта ты, гэта я, і мы разам падарожнічаем па свеце, падарожнічаем па дзяцінстве. А наш дом там, дзе нашы бацькі, дзе нашы сябры, наша краіна — там, дзе сэрца».

 Дзякуючы перакладчыцы характары ўсіх іншых герояў раскрыты таксама «эквівалентна», як гавораць перакладазнаўцы, паколькі ўважліва перададзены пасербску ў адлюстраваных аўтарам паводзінах, учынках, размовах. І нельга не адзначыць, што пры перакладзе аповед захаваў уласцівую арыгіналу непасрэднасць, жывасць, займальнасць. Нават больш за гэта: ён набыў яшчэ і новыя станоўчыя якасці, паколькі стаў істотнай крыніцай ведаў пра нашу Беларусь, яе людзей, прыроду, гісторыю і сучасныя ўмовы жыцця. Прычым гэты, надзвычай важны для дзяцей-замежнікаў, аспект зместу кнігі данесены перакладчыцай належным чынам — як з веданнем, так і з любоўю. Адпаведна, яе досвед як пасрэдніцы ў збліжэнні і ўзаемапазнанні заслугоўвае адназначнай ухвалы.

З самой перакладчыцай, Даянай Лазаравіч, наша асяроддзе аматараў літаратуры пазнаёмілася яшчэ ў 2013 годзе, калі штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» прадставіў дзіўную сербку, што піша вершы на беларускай мове (Гл.: «Літаратура і мастацтва», 21.06.2013. С. 6). Калі ўжо імкнуцца да абсалютнай праўдзівасці, то не лішне ўдакладніць, што гэтыя вершы былі ўсё ж такі аўтаперакладамі напісанага на роднай мове. Аднак такая таямнічая маладая паэтка сапраўды існавала, прычым пазней пабывала ў Беларусі ўжо тройчы, і не дзень-два. А тады яна наведвала нашу краіну ў складзе групы студэнтаў Бялградскага філалагічнага факультэта, якія вывучалі беларускую мову, але зусім яшчэ не ўяўлялі, у якой сферы набытыя беларусазнаўчыя веды — рэдкія нават у братняй Сербіі — можна будзе скарыстаць. Даяна таксама яшчэ не да канца разумела, куды іх прыкласці, аднак пачынала арыентавацца на мастацкі, творчы пераклад. Ужо таму, што ў паэтычнай творчасці паспрабавала сябе — «ЛіМ» яе прадставіў як паэтку нездарма. Вось так, уласна, прадвызначалася поле зацікаўленняў і будучай актыўнасці той Даяны Лазаравіч, пра плённую працу якой мы цяпер вядзём гаворку. Паступова ўключаючыся ў справу, пераклаўшы асобныя вершы П. Броўкі, М. Танка, А. Бачылы і У. Караткевіча, не за доўгім часам яна выйшла на вялікую і адказную задачу па перакладзе спадчыны Максіма Багдановіча. Над гэтым давялося каля года па-сапраўднаму высілкоўвацца, правяраючы сябе на здатнасць да вельмі цяжкай, а з матэрыяльнага боку — зусім няўдзячнай, перакладчыцкай працы. Між тым у Сербіі для Беларусі надзвычай патрэбны быў дзейсны сувязнік, у падтрымку і дапамогу шаноўнаму прафесару-славісту Міядрагу Сібінавічу, які больш за два дзясяткі гадоў заставаўся адзіным беларусістам гэтай краіны, а тым часам адзначыў ужо васьмідзесяцігоддзе. У асобе Даяны Лазаравіч, дзякуй богу, маладая змена з’явілася.

Прынятую на сябе вышэйзгаданую задачу яна выканала. І калі, дзякуючы падтрымцы нашага Міністэрства замежных спраў, летам 2017 года прыбыла ў летнюю Школу беларусістыкі пры Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, тады ледзь не ўсе нашы перыядычныя выданні радасна паведамлялі пра здзейснены гэтай маладой сербкай пераклад «Вянка» М. Багдановіча. Перакладчыцу прымалі ў музеі Багдановіча, у Міністэрстве інфармацыі, у выдавецтвах… Карацей кажучы, гэтае знаходжанне яе ў Беларусі можна было б назваць трыумфатарскім. Але яна не спачывала, што называецца, на лаўрах. У сербскім друку яе стараннямі з’явіліся вершы А. Грачанікава, В. Дашкевіча, М. Мятліцкага, С. Панізніка. Яна ж, цяпер ужо на правах прызнанай беларусісткі, была прыцягнута да падрыхтоўкі ўдзелу Сербіі як ганаровага госця ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы; адпаведна, была ўключана ў сербскую афіцыйную дэлегацыю. Для пісьменнікаў і выдаўцоў Сербіі тады прайшоў спецыяльны літаратурны вечар у Доме дружбы, дзе Даяну ўжо прымалі як сваю, што выявілася ў інтэрв’ю многім СМІ нашай краіны.

На гэты момант Даяна Лазаравіч у персанальным бібліяграфічным спісе мае тры паэтычныя зборнікі — «Скрозь прастору і час» (2011), «Сцежкі ў зорным бязмежжы» (2012), «Чужынец» (2014), раман «Замглёны шлях талентаў» (2015), жыццяпісную кнігу «Айцец Арсеній: успаміны пра духоўнага айца» (2016), больш за 50 апублікаваных перакладаў паэзіі балканскіх аўтараў на англійскую мову, а таксама празаічныя і паэтычныя пераклады з англійскай, рускай і беларускай моў.

Перастварэнне «Прыгод Шубуршуна» А. Карлюкевіча з’яўляецца, безумоўна, не толькі сур’ёзным этапным вынікам перакладчыцы, але і значнай з’яваю ў беларуска-сербскіх літаратурных сувязях. Натуральна, хочацца, каб такіх з’яў было як мага больш. І верыцца, што яны будуць.

Іван ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.