Вы тут

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае на EuroBirdwatch —2018


6 і 7 кастрычніка у нашай краіне пройдуць Восеньскія дні назіранняў за птушкамі — EuroBirdwatch —2018.


Падчас міграцыі мільёны пералётных птушак адпраўляюцца на зімоўку. Але іх шлях небяспечны. Паводле даследавання BirdLife International, апублікаванага ў 2015 годзе, 25 мільёнаў (!) пералётных птушак штогод незаконна забіваюць у краінах Міжземнамор'я.

Звярнуць увагу на небяспеку пералёту, шляхі міграцыі, патрэбы птушак падчас гнездавання і пра цяжкасці на зімоўцы — задача міжнароднай акцыі EuroBirdwatch, якая сёлета  пройдзе ўжо 25-ы раз.

6 і 7 кастрычніка жыхары Еўропы і Цэнтральнай Азія выйдуць на прыроду, каб паназіраць і паведаміць аб відах і колькасці ўбачаных птушак. Гэтыя звесткі будуць сцякацца ў каардынацыйны цэнтр у Люксембургу.

Ужо 8 кастрычніка мы даведаемся, якія віды птушак найчасцей бачылі ў Беларусі і ў іншых краінах, а таксама якія краіны былі самыя актыўныя. У 2017 годзе Беларусь апынулася на трэцім месцы па колькасці ўдзельнікаў, больш было толькі ў Венгрыі і Швейцарыі. У нашай краіне  2200 чалавек налічылі 29 208 птушак 131 віду.

Падчас акцыі часта можна назіраць і вельмі рэдкія віды: напрыклад, летась бачылі пустынную каменку ў Фінляндыі, жоўтазобіка — у Швецыі, чырвоназобых канькоў — у Беларусі, Швейцарыі і Літве, сокала Элеаноры — у Балгарыі.

На сайце грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”  можна знайсці падказкі, куды лепш адправіцца для назірання за птушкамі.

Брэст і Брэсцкая вобласць

У самім горадзе найбольш цікавыя месцы назірання за птушкамі знаходзяцца ў пойме ракі Мухавец, ад Брэсцкай крэпасці на захадзе да заказніка “Брэсцкі” на ўсходзе. Каля ракі захавалася нямала закустараных цяжкадаступных участкаў. Гэта любімыя месцы рассялення фазанаў. Мабыць, толькі тут іх можна назіраць рэгулярна. У іншых памежных з Польшчай раёнах Беларусі фазаны сустракаюцца вельмі рэдка.

Недалёка ад Брэста ёсць некалькі рыбгасаў, напрыклад, “Страдзеч”. Увосень тут можна ўбачыць шмат шэрых гусяў і розных відаў качак, а таксама лебедзя-клікуна, некалькі відаў паганак, арлана-белахвоста.

Крыху далей у Маларыцкім раёне размешчана Лукаўское вадасховішча. У пачатку кастрычніка на ім ужо могуць быць мігруючыя чарназобыя і чырвоназобыя гагары.

Гродна і Гродзенская вобласць

Паназіраць за птушкамі ў Гродне можна, наведаўшы адзін з паркаў гораду: Румлёўскі, Жылібера, Каложскі, Ласосна. Гарадскія паркі —  месцы канцэнтрацыі многіх лясных відаў птушак. Шмат гадоў пляцоўка па назіранні за птушкамі арганізоўвалася Гродзенскаім абласным аддзяленнем АПБА ў парку Жылібера.

Прыкладна ў 20 км на паўднёвы-захад ад горада знаходзіцца вадасховішча на рацэ Нёман. Дабраўшыся да в. Свіслач, можна прайсціся ўздоўж берагоў вадаёма і паназіраць за міграцыяй вадаплаўных птушак.

Гомель і Гомельская вобласць

У Гомелі вельмі зручна глядзець і фатаграфаваць птушак у парку, дзе размешчаны палац Румянцавых-Паскевічаў. Напрыклад, там лёгка сустрэць некалькі відаў дзятлаў (пярэстага, малога, сярэдняга і сірыйскага). Затым вы можаце выйсці да ракі Сож, дзе можна ўбачыць чаек і качак.

Далекавата ад адбласнога цэнтра, але варта з'ездзіць на Днепра-Брагінскае вадасховішча ў Лоеўскі раён. Гэта найбольш цікавае месца для пошуку вадаплаўных і каляводных відаў: лебедзяў, качак, гусей, кулікоў, чаек і нават, калі пашанцуе, паморнікаў.

Магілёў

Пячэрскі лесапарк з участкамі старога лесу і возерам дазволіць убачыць дзясяткі відаў: чубатых сініц, жоўтагаловых каралькоў, юркоў, пішчух, драздоў і іншых. Яшчэ тут гняздуюцца вушастая сава і шэрая няясыць. Але, на жаль, заўважыць іх у кронах дрэў не так проста. Можна таксама прагуляцца ўздоўж Дняпра або з'ездзіць на сажалкі ў Кастрычніцкі раён горада.

Віцебск і Віцебская вобласць

У Віцебску, мабыць, лепш за ўсё пашукаць птушак у зялёных зонах уздоўж Дзвіны. Рэкі з'яўляюцца своеасаблівымі “арыенцірамі-дарогамі” для мігруючых птушак, і Заходняя Дзвіна — адна з іх. Уверх па цячэнні ад Віцебска размешчана нядаўна пабудаванае вадасховішча. У пачатку кастрычніка тут варта чакаць пралётных качак і чаек.

 Мінск і Мінская вобласць

У Мінску можна прагуляцца па Лошыцкім або Севастопальскім парку, зазірнуць у Батанічны сад. Каб паглядзець вадаплаўных птушак, варта з'ездзіць на Чыжоўскае, Цнянскае вадасховішча або на водасховішча “Дразды”.

За межамі горада можна назіраць вадаплаўных птушак на рыбгасе “Волма” ў Чэрвеньскім раёне або на Вілейскім вадасховішчы.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да восеньскіх дзён назірання за птушкамі (арганізацыя назіральных пляцовак, экскурсіі з арнітолагам) пройдуць па ўсёй краіне. Больш падрабязная  праграма з’явіцца 1 кастрычніка на сайце ptushki.org

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.