На Міншчыне больш за чатыры тысячы сельскіх населеных пунктаў, дзе ёсць прэферэнцыі для прадпрымальнікаў.
На пачатку жніўня адбылася сёмая сесія Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, на якой разгледжана пытанне аб унясенні змяненняў у рашэнне Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 23.11.2017 года № 235 «Аб мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.09.2017 года № 345». Паводле дакумента ўнесены змяненні і расшыраны пералік сельскіх населеных пунктаў і тэрыторый па-за населенымі пунктамі, якія адносяцца да тэрыторый сельскай мясцовасці. Гэты пералік будзе ўключаць населеныя пункты ва ўсіх рэгіёнах Мінскай вобласці, за выключэннем горада Жодзіна.
А таксама асобныя тэрыторыі ўздоўж аўтадарогі М4 (другая кальцавая дарога вакол Мінска, якая праходзіць па тэрыторыях Дзяржынскага, Валожынскага і Мінскага раёнаў). Прыняцце гэтага рашэння накіравана на стымуляванне дзелавой актыўнасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця гандлю, сістэмы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання цэнтральнага рэгіёна. Дакумент дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам, юрыдычным асобам ажыццяўляць рознічны гандаль, грамадскае харчаванне і бытавое абслугоўванне на тэрыторыях і ў населеных пунктах, вызначаных рашэннем, скарыстацца шэрагам ільгот, якія будуць садзейнічаць змяншэнню падатковай нагрузкі на ІП і юрыдычных асоб, і іншымі прэферэнцыямі. Гэта прывядзе да павелічэння колькасці суб'ектаў па абслугоўванні сельскага насельніцтва, стварэння дадатковых рабочых месцаў, паляпшэння бытавога і гандлёвага абслугоўвання сельскіх жыхароў.
Усяго ж на Міншчыне ў спісе больш за чатыры тысячы сельскіх населеных пунктаў, на якія распаўсюджваюцца льготы і прэферэнцыі.
Наша даведка
З 1 студзеня 2018 года прадпрымальнікам, якія працуюць у сферах гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на вёсцы, у сярэдніх і малых гарадах дадзены льготы. Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 22 верасня 2017 года № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Пад сельскай мясцовасцю маюцца на ўвазе населеныя пункты з сярэдняй колькасцю да дзвюх тысяч, пад сярэднімі і малымі населенымі пунктамі — адпаведна ад дзвюх да дзесяці тысяч чалавек.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.