Вы тут

«Рыцарскі фэст» прайшоў у Мсціславе


Старажытны Мсціслаў за тры дні свята «Рыцарскі фэст» наведалі тысячы гасцей і каля 300 рыцараў

Калі б на фэсце была традыцыя выбіраць Міс свята, напэўна, большасць галасоў гэтым разам аддалі б маленькай Сашулі з Санкт-Пецярбурга. Дзяўчынка стала гераіняй тэле- і газетных рэпартажаў. Яна самая юная ўдзельніца мерапрыемства. У суботу, дзень адкрыцця фэсту, ёй споўнілася роўна два гады!


Рыцары з клуба «Залатая шпора».

Рыцарства — хобі сямейнае

Раней даводзілася пісаць пра пару са Смаленска, якія прыязджалі на фэст разам з дачушкай. Гэтым разам цэлым сямействам прыехалі рыцары з Санкт-Пецярбурга — бацькі з двухгадовай дзяўчынкай і нават... бабуля. Усе яны — удзельнікі камандорыі Паўночнага Храма.

— Наша дзяўчынка — патомны рэканструктар, — жартуюць рыцары. — Нават дзень нараджэння прыйшоўся на фэст. Першы яе выезд на падобныя мерапрыемствы адбыўся год таму. А сёлета яна ўжо паспела пабываць на пяці фестывалях у Пскоўскай і Ленінградскай абласцях.

Каб бацькі падзялялі хобі сваіх дзяцей — гэта рэдкасць. Але Таццяна — як раз той самы выпадак. Расказвае, што сын «падсеў» на рыцарства пасля таго, як яны разам наведалі Вісбю — горад у Швецыі. Ну, а яна, як любячая маці, стала дапамагаць ва ўсім і сама непрыкметна захапілася.

Такія мерапрыемствы, кажуць рыцары, дапамагаюць на некаторы час адарвацца ад гарадскога жыцця і адпачыць душой, адчуць смак падарожжаў, перанесціся на некалькі стагоддзяў назад — рамантыка, адным словам.

—  Мы свайго роду даследчыкі, — кажа рыцар камандорыі Кірыл. — Мяне з сябрамі аб'ядноўвае гістарычнае братэрства. А ў звычайным жыцці я, напрыклад, інжынер, займаюся радыёэлектронікай.

Быць рыцарам па-сапраўднаму, гэта цэлая навука. Трэба ўмець шыць такія ж касцюмы, як і нашы продкі стагоддзі таму, гатаваць ежу ў паходных умовах, клапаціцца пра сваё паходнае жытло.

— Вось гэты шацёр я шыла ўручную два гады, — усміхаецца маці Сашулі, Насця. У рыцарскі быт яна пагрузілася гады тры-чатыры таму ўслед за мужам, а вось у Беларусь прыехала ўпершыню. І ёй спадабалася.

Што датычыцца астатніх членаў каманды, то ў Беларусі яны не такія і рэдкія госці. У Полацку, Мінску, Лідзе, напрыклад, ёсць аддзяленні камандорыі, і мсціслаўскі фэст адна з падстаў сустрэцца.

30 і болей кілаграмаў амуніцыі

Нягледзячы на тое, што сіноптыкі абяцалі ў суботу дождж і нават навальніцу, а 10-й гадзіне раніцы — час пачатку афіцыйнага адкрыцця фэсту — было, здаецца, усе плюс 30. І за дзень не выпала ні кроплі! Рыцары, асабліва тыя, што ў даспехах, дэманстравалі прыклады выключнай вынослівасці і майстэрства. Яны мужна стаялі на залітай пякучым сонцам плошчы і цярпліва чакалі, калі вялікі князь Мсціслаўскі і Смаленскі Расціслаў Мсціславіч адкрые свята і будзе па традыцыі рассечаны канат — сігнал да пачатку дзеянняў. А потым урачыстай калонай пайшлі на месца баявых дзеянняў — замкавую гару. І змагаліся там да самага вечара. Бралі замак, біліся за мост, дэманстравалі сваё майстэрства ў іншых рыцарскіх спаборніцтвах. А яшчэ танцавалі і вучылі іншых старадаўнім танцам, дэманстравалі ўсім ахвотным баявыя прыёмы. Пад сценамі вежы-данжона раскінуўся цэлы палатачны горад. Гарэлі вогнішчы, у кацялках кіпела вада, жанчыны ўвіхаліся на кухні.

Двухгадовая ўдзельніца фэсту з бацькамі і бабуляй

Рыцары не давалі сабе расслабіцца. Трэба яшчэ мець здароўе, каб у такую спякоту хадзіць у амуніцыі, вага якой 30 і болей кілаграмаў.

— Нас прыехала 10 чалавек, другі год удзельнічаем, — расказваў адзін з удзельнікаў магілёўскага ваенна-гістарычнага клуба, які займаецца рэканструкцыяй ХІV стагоддзя. — Фэст цудоўны, а сёлета яшчэ лепш, чым летась. Шмат прыезджых, з Расіі, у тым ліку. Гэтым разам некалькі нашых таварышаў пашылі сабе касцюмы чумных дактароў. Гэта ж якраз наш перыяд.

А вось убранні дзяўчат мне падаліся вельмі сціплымі.

— У кожнага сваё ўяўленне аб прыгажосці, — пакрыўдзіліся прыгажуні. — Калі вам патрэбны прынцэсы, то гэта не да нас.

Кацярына вось ужо восем гадоў у клубе. Прыйшла туды, калі ёй было 15.

— Цікава не проста хадзіць ў сярэдневяковых сукенках, прываблівае стыль жыцця, эмоцыі паходнага быту. Двойчы хацела кінуць, але не атрымліваецца.

Магчымасць пакланіцца святым

Арганізатарам рыцарскага фэсту ў свой час было ў тым ліку і духавенства. Бо рыцары — гэта яшчэ і глыбока веруючыя людзі. Успомніць тую ж Кулікоўскую бітву, на якую Дзмітрыя Данскога натхніў святы прападобны Сергій Раданежскі. Раённыя ўлады разам з Магілёўскай епархіяй далі магчымасць пакланіцца ўдзельнікам фэсту мошчам дзевяці святых. У храме Сілуана Афонскага ішлі малебны і было арганізавана вячэрняе богаслужэнне.

У кармеліцкім касцёле адбылася ўрачыстая імша ў гонар храмавага свята. У ёй прынялі ўдзел 15 ксяндзоў.

А каля кагальнага калодзежа народ адводзіў душу цалкам, бо ад яго веяла вельмі запатрабаванай у гэтыя спякотныя дні выратавальнай прахалодай. Людзі набіралі гаючую ваду і з задавальненнем гулялі па халодным да дрыжыкаў ручаі.

Савецкая, Пірагоўская, Калініна...

Падчас фестывалю гэтыя вуліцы ператварыліся ў гандлёвыя рады аднаго вялікага кірмашу, дзе можна было і смачна паесці, і выбраць сабе сувенір па душы. Шмат цікавых забаў прапаноўвала пляцоўка на тэрыторыі езуіцкага манастыра, дарэчы, таго самага комплексу, які пацярпеў падчас сёлетняй зімы, — абрынулася частка адной з пабудоў. Гэтая зона была загароджана, працавала частка, дзе ў свой час праводзіліся аднаўленчыя работы. Тут запрашала да сябе сярэдневяковая школа і старадаўняя карчма. На дэманстрацыйным стале можна было ўбачыць стравы, якія ўжывалі нашы продкі — гарох калодкай, аўсяны кісель, суп хлебны сялянскі, хлеб аржаны, кашы аўсяная і ячная... Усё гэта было прыгатавана па старадаўніх рэцэптах кухарамі мсціслаўскай гімназіі. Ахвотным не адмаўлялі ў дэгустацыі. Можна было яшчэ выпрабаваць сябе і ў якасці вучня часоў Сярэдневякоўя.

Праверка на «чуму»

— У старадаўнія часы рыцары павінны былі не толькі фехтаваць, але ведаць матэматыку і ўмець іграць на музычных інструментах, — удакладніла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гэтай установы Ганна Сокал.

У падвале старадаўняга будынка работнікі сістэмы адукацыі частавалі гарбатай і зробленымі сваімі рукамі пірагамі — з рыбай, павідлам, капустай. Смачна, словамі не перадаць.

Кожная ўстанова адукацыі, а іх у раёне каля двух дзясяткаў, рыхтавала па два вялікія пірагі.

Сустракала гасцей сама Кацярына ІІ, правярала веды па астраноміі і вершаскладанні.

Музей ад... бібліятэкі

Мсціслаўскі фэст як заўсёды прапаноўваў шмат цікавых выставак. Падвалы кармеліцкага касцёла, дзе нават у спякоту халаднавата, заўсёды вабяць гасцей сваёй загадкавасцю і таямнічасцю. Гэтым разам выстаўку тут арганізавала бібліятэка. Цікава, што кнігі на старадаўні манер віселі, прыкаваныя да сцяны.

— Кнігі ў тыя часы каштавалі шмат і вельмі цаніліся. Іх прыкоўвалі, каб ніхто не ўкраў, — патлумачыла бібліятэкар Людміла Котава.

А яшчэ дэманстраваліся строі, прадметы побыту. Цікава, што ўсё гэта належыць сельскай бібліятэцы з Падлужжа.

Творча падышлі да сваёй місіі — паказаць, з чаго ўсё пачыналася, прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы раёна. Цэнтральная раённая бальніца дэманстравала старадаўнія лекі, адвары і зёлкі.

— У нас лекі на любы густ, — запэўнівалі медыкі. — Усе, чым лячылі ў старажытнасці. Некаторымі дагэтуль карыстаемся. Гэта добрае слова, гарбата на любы густ — скрыпень, мята, меліса. Малітвы  — таксама добрая рэч. Раней так лячылі.

А яшчэ ўвесь час, пакуль у горадзе гучалі дуды і барабаны, зверху раздаваўся шум верталёта. Сёлета ў гасцей свята была магчымасць убачыць старажытны горад з вышыні птушынага палёту.

— Для нас вельмі адказна быць захавальнікамі такой багатай гісторыі, — сказаў у сваёй прамове на адкрыцці старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Аляксандр Пракопаў. — Гэта свята — візітная картка раёна. Мы заўсёды адчуваем сувязь часу і гістарычных падзей. На фэст заўсёды прыязджаюць тысячы гасцей з розных куточкаў свету. Хацелася, каб у іх сэрцы назаўжды засталася цікавасць да гэтага горада і жаданне вярнуцца сюды зноў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.