Вы тут

Багатыя гісторыяй


Турызм, бізнес, адпачынак — Мсціслаў той самы горад, дзе для гэтага ўсё ёсць. Гэта горад мінулага і сучаснага, духоўнага і свецкага, еўрапейскага і ўсходняга. Невыпадкова адным з напрамкаў развіцця раёна тут бачаць папулярызацыю горада як турыстычнай Меккі. На яго тэрыторыі размешчана 22 помнікі архітэктуры і 56 — археалогіі. Гісторыя Мсціслава багатая таямніцамі і легендамі. У вёсцы Басценавічы захаваўся старадаўні абрад — Варварынская свечка, адзін з унікальных аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. «Наша задача — захаваць цікавосткі і зрабіць іх знакавымі для жыхароў горада і краіны», — адзначае старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка.


— Летась мы прынялі канцэпцыю развіцця турыстычнай сферы, у якую ўвайшлі цікавыя мерапрыемствы, — паведамляе ён. — Так, напрыклад, гістарычныя помнікі сёлета набылі QR-коды, па якіх з дапамогай тэлефона можна даведацца, чым знакамітыя тыя ці іншыя будынкі і аб'екты. Не ўсе ведаюць, што Мсціслаў — месца, дзе адначасова можна пабываць у дзвюх еўрапейскіх сталіцах — Парыжы і Лондане. Адпаведныя будынкі — своеасаблівыя візітоўкі горада.

Як і сакральнае месца — Пустынскі мужчынскі манастыр, у адным з пакояў якога праявіўся лік Хрыста. Наш Ануфрыеўскі манастыр таксама вельмі цікавы для наведвання.

Робім стаўку на развіццё падзейнага турызму, шмат хто ведае нас па сярэднявечным рыцарскім фэсце, які сёлета наведала больш за 15 тысяч гасцей.

З развіццём турызму звязваем і развіццё эканомікі, бо кожны чалавек, які прыедзе ў наш раён, падтрымае рублём нашы аграсядзібы, рамеснікаў. На тэрыторыі Мсціслаўшчыны знаходзяцца пяць аграсядзіб, сярод якіх вылучаюцца гасцявыя дамы з гастранамічнымі кірункамі. Некаторыя спецыялізуюцца на турах выхаднога дня, займаюцца арганізацыяй рыбнай лоўлі.

Некалькі гадоў таму да паслуг гасцей горада была адрамантаваная гасцініца.

Культурную праграму знаходжання ў Мсціславе можна разбавіць спартыўнай. Для гэтага існуюць спартыўная зала, летам запрашаем ацаніць міні-футбольную пляцоўку са штучным пакрыццём, якую адкрылі сёлета. У раёне шмат увагі ўдзяляецца захаванню памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета метадам народнай будоўлі наводзілі парадак на Кургане Славы. Налета збіраемся цалкам завяршыць работы па яго добраўпарадкаванні.

— З чым яшчэ звязваеце развіццё раёна?

— Са стварэннем умоў для прадпрымальнікаў, прыватнай ініцыятывай. На працягу пяці гадоў у нас ажыццяўляе сваю дзейнасць прыватнае прадпрыемства Мсціслаўская швейная фабрыка, заснавальнік якой — Пачынкаўская швейная фабрыка са Смаленска. Сёння тут працуе болей чым 200 чалавек, трынаццаць працоўных месцаў было створана сёлета. Прадпрыемства займаецца пашывам спецадзення. Паспяховым можна лічыць і прадпрыемства «Агратэх-Усход», якое таксама створана з удзелам расійскага капіталу. У 2019 годзе, калі яно было заснавана, прадпрыемства апрацоўвала болей чым дзве тысячы гектараў зямлі, на сёння за ім замацавана 4,5 тысячы гектараў сельгасугоддзяў.

— Меліярацыя, урадлівасць зямель — сёлета кіраўнік краіны акцэнтаваў увагу менавіта на такіх кірунках. Што дзеля гэтага робіцца ў раёне?

— Меліярацыяй і ўцягненнем у севазварот нявыкарыстаных зямель у нас паспяхова займаецца «ПМК-94 Водбуд». Прычым не толькі на тэрыторыі Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага і Крычаўскага рэгіёнаў, якія абслугоўвае, але і Горацкага і нават Шклоўскага. Сёлета яно перавыканала заданне, зрабіла гэтых работ болей чым на 1,8 мільёна рублёў. Толькі на тэрыторыі таварыства «Мазалаўскае» было ўведзена ў севазварот 110 гектараў новых зямель. Больш чым 170 адноўленых, прадукцыйных гектараў зямлі атрымаў і «Мсціслаўскі райаграпрамтэхзаб». Паляпшэнне зямлі — яшчэ для дзвюх гаспадарак — «Сож-Агра» і «Кастрычнік». Толькі па першай будзе меліяравана 200 гектараў зямлі.

Хачу таксама адзначыць, што раён шмат працуе над паляпшэннем узроўню жыцця насельніцтва. Сёлета пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй была адкрыта дзіцячае аддзяленне бальніцы. Летась пасля рамонту адкрылася паліклініка. Як ужо казаў, сёлета ў горадзе з'явілася міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём, зараз робім хакейную каробку для зімовага адпачынку. Актыўна рыхтуемся да сустрэчы Новага года. Нашы арганізацыі і жыхары па традыцыі спаборнічаюць у конкурсе на найлепшае ўпрыгожванне. Для дзяцей і іх бацькоў на тэрыторыі ўстановы пазашкольнай работы будзе адкрыта рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Гэта месца стане цікавым для адпачынку як жыхароў горада, так і яго гасцей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Мсціслаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».