Вы тут

Сёння стане вядомы пераможца конкурсу «Славянскага базару-2018»


У другі конкурсны дзень, 15 ліпеня, са сцэны Летняга амфітэатра гучаў “Фестывальны хіт” – вядомыя па сусветных хіт-парадах творы на розных мовах. Зрэшты, акрамя англійскай, французскай, італьянскай і іспанскай, Віцебск пачуў таксама прывітанні і словы падзякі на ўсіх мовах канкурсантаў – ад рускай да кыргызскай.


Артысты стараліся ўразіць як выбарам песень, так і вакальным дыяпазонам і драматычным талентам. Прыкладам, удзельнікі з Беларусі і Італіі з галавой нынрулі ў рок, выканаўшы хіты Aerosmith i Queen, расіянка Аляксандра Карабешкіна, наадварот, прымерыла вобраз поп-ідала Брытні Спірз з яе “Oops! I did it again”. Канкурсанты з Латвіі і Літвы перанеслі на сцэну “Славянскага базару” рытмы “Еўрабачання”. Кубінка Рэбека Эмбель праспявала на іспанскай не менш палкі, чым у Глорыі Гейнар, маніфест “Я буду жыць!”. Дарэчы, нягледзячы на адносна невысокія балы журы, дзяўчына дакладна ўвойдзе ў гісторыю конкурсу як уладальніца аднаго з самых яркіх сцэнічных вобразаў: у абодва конкурсныя дні спявачка выступала ў адмысловых галаўных уборах, нібыта пазычаных на бразільскім карнавале.

А першым, хто сарваў не проста апладысменты – авацыі, – стаў Марчэл Рошка з Румыніі. Артыст па-майстэрску выканаў на два галасы і на дзвюх мовах “Малітву” – і набраў максімальныя 80 балаў!

Таксама ўсе “дзясяткі” паставіла міжнароднае журы Міле Ніціч з Украіны – хіт “Je suis malade” (“Я хворая”), які многія любяць і памятаюць па выкананні Даліды і Лары Фабіян, артыстка не тое што праспявала, а пражыла на сцэне.

Але асноўным сапернікам для румынскага спевака стала не яна, а адзін з лідараў першага конкурснага дня, прадстаўнік Казахстана Амрэ. Сціплы батыр сумеў і выканаць уласную даўнюю мару – узняць на віцебскай сцэне сцяг роднай краіны, але і падарыў гледачам пранізлівую “Я сплю на ружах” з французскага мюзіклу “Моцарт. Рок-опера”. Да максімума і перамогі Амрэ не хапіла ўсяго аднаго бала. У выніку ў артыстаў з Казахстана і Румыніі аднолькавая сума балаў – па 156. Крыху менш – 154 – набрала ўкраінская спявачка, па 151 бале ў прадстаўніка Беларусі Яўгена Курчыча і Сільвіі з Польшчы. А значыць, інтрыга захоўваецца! І вырашыцца яна толькі сёння на ўрачыстым канцэрце закрыцця фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, калі будуць уручаныя ўсе ўзнагароды конкурсу.

Тое, што выбар быў складаны, пацвердзіў і адзін з удзельнікаў міжнароднага журы, знакаміты італьянскі спявак Раберціна Ларэці: “У сёлетніх канкурсантаў, можа, і не максімальны выканальніцкі ўзровень, але дакладна вельмі высокі. Мяне асабіста радуе, што многія спяваюць сэрцам – гэта самае важнае, ў размове са слухачом”.

Нагадаем, паводле рэгламенту, Гран-пры конкурсу не дзеліцца і можа не прысуджацца. Гэта значыць, што ў канчатковым абмеркаванні альбо скажа сваё важкае слова старшыня журы – расійскі кампазітар Аляксандр Марозаў, які можа даць дадатковы пераможны бал аднаму з прэтэндэнтаў, альбо Гран-пры сёлета зноў уручаны не будзе, і тады канкурсантам давядзецца падзяліць першую і трэцюю прэміі (а гэта 15 і 5 тысяч долараў адпаведна). Ці спраўдзяцца гэтыя прагнозы, стане вядома ў ноч з 16 на 17 ліпеня.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.