Вы тут

Называем імёны пераможцаў конкурсу «Я — малады. І мне — не ўсё роўна!»


У сённяшнім выпуску «Чырвонкі. Чырвонай змены» мы, як і абяцалі, назавём імёны пераможцаў нашага традыцыйнага творчага конкурсу для юных і маладых няштатных аўтараў «Я — малады. І мне — не ўсё роўна!» Імі па выніках сезона 2017—2018 гадоў рэдакцыйнае журы прызнала... Але перш чым агучыць імёны найлепшых удзельнікаў творчага спаборніцтва, хацелася б сказаць колькі слоў пра наступнае.


Традыцыйныя ўзнагароды і памятныя прызы для найлепшых.

Штогод, традыцыйна ў красавіку — маі, у рэдакцыю пачынаюць паступаць шматлікія электронныя звароты ад выпускнікоў прыкладна аднаго зместу. «Я абітурыент журфака, буду сёлета паступаць, патрэбны публікацыі», «дайце заданне, гатовы выканаць любое», «хачу з вамі супрацоўнічаць», «магу пісаць у любым жанры». Класіка таго самага «жанру» — «збіраюся асвойваць рэчышча журналістыкі»... Электронныя допісы, як правіла, на рускай мове, у якасці звестак пра патэнцыйнага аўтара — у лепшым выпадку толькі адно імя (ні прозвішча, ні нумара школы, ні кантактнага нумара тэлефона), электронны адрас — «дзіцячы», накшталт памяншальна-ласкальнага імя, напісаўшы на які, можна так і не дачакацца адказу, або ён прыйдзе праз некалькі тыдняў...

Усё гэта сведчыць пра тое, што такія абітурыенты ў прамым сэнсе слоў ачомаліся ў апошні момант, вырашыўшы паступаць на журфак. Заўважце, яны пішуць з адной мэтай — «патрэбны публікацыі»: не азы ведаў, не парады прафесійных журналістаў, не практыка, каб «набіць руку». Што ж, і так бывае — нехта сапраўды здолее атрымаць тыя самыя публікацыі і паступіць. Толькі ці не прыйдзе пазней пасля такога відавочна спантаннага рашэння расчараванне ў выбранай прафесіі? Абітурыент жа бачыць найперш яе знешні прыгожы бок: знаходжанне з мікрафонам у кадры, прозвішча пад артыкулам на першай паласе... Насамрэч «журналісцкі хлеб» часта мае саленаваты прысмак...

Гэта ўжо бясспрэчна ведаюць удзельнікі конкурсу. Па-першае, многія з іх дасылалі свае «пробы пяра» на наша творчае спаборніцтва не першы раз. Па-другое, амаль усе яны праявілі цікавасць да прафесіі журналіста год-два-тры таму. Па-трэцяе, падмацоўваючы і развіваючы яе, запісаліся і наведваюць гурткі журналістыкі або падрыхтоўчыя курсы для паступлення. Канешне, не ўсё заўсёды атрымліваецца гладка і ў іх. Аднак удзельнікі нашага конкурсу маюць у сваім багажы галоўнае — матывацыю. Яны ўжо паспыталі «журналісцкага хлеба» і, нягледзячы на пэўныя няўдачы, не збочылі з абранага шляху. Менавіта таму ўсе работы, якія былі апублікаваныя на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены», можна лічыць сапраўды найлепшымі. І мы раілі б патэнцыйным абітурыентам наступных гадоў браць прыклад ва ўсім менавіта з іх аўтараў.

Будзем шчырымі, не ўсе з апошніх паступяць на журфак. Проста таму, што нехта перадумае ў апошні момант, як гэта было ўжо неаднойчы з удзельнікамі і нават пераможцамі папярэдніх творчых конкурсаў. Гэта жыццё, нічога страшнага ў гэтым няма, калі малады чалавек вырашае абраць іншы жыццёвы і прафесійны шлях. Але ўменні знаходзіць тэмы, правільна выкладаць свае думкі на паперы, задаваць пытанні і літаратурна апрацоўваць тэкст могуць спатрэбіцца ў любой прафесіі.
І мы будзем рады, калі наша пляцоўка для самавыяўлення творчай беларускамоўнай моладзі — «Чырвонка. Чырвоная змена» — зможа стаць карыснай у гэтым плане...

Але вернемся да падвядзення вынікаў конкурсу сезона 2017—2018 гадоў і невялікага «разбору палётаў». На жаль, як яно здараецца амаль заўсёды, не ва ўсіх аўтараў дасланыя работы адпавядалі тэме эпісталярнага творчага спаборніцтва. Адна з такіх «проб пяра» па гэтай прычыне надрукавана па-за конкурсам як звычайны журналісцкі матэрыял. Сярод удзельнікаў трэба адзначыць тых, хто даслаў больш за адну работу (нагадаем, умовамі гэта не забараняецца). Такіх аўтараў сёлета было тры. Калі гаварыць пра геаграфію, зноў жа традыцыйна па-за канкурэнцыяй прадстаўнікі маладзечанскага «Маладзіка» — адтуль прыйшла найбольшая колькасць «проб пяра».

...А пераможцамі конкурсу, на думку рэдакцыйнага журы, сталі Паліна ПРАКАПЕНЯ, Анастасія ЯРАХНОВІЧ і Надзея БОБРЫК.

Пераможцы конкурсу сезона 2017/2018 (злева направа): Паліна Пракапеня, Анастасія Ярахновіч і Надзея Бобрык.

Паліна Пракапеня — са Смалявіч, скончыла лінгвістычны каледж — філіял Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Сёлета збіраецца паступаць на журфак. З «Чырвонкай. Чырвонай зменай» дзяўчына супрацоўнічала з пачатку восені мінулага года. Апроч работы на конкурс Паліна за кароткі тэрмін даслала яшчэ восем матэрыялаў. Большасць з іх ужо была надрукавана, астатнія з'явяцца на старонках дадатку ў наступных нумарах. Перамога ў конкурсе аўтарцы прысуджана за матэрыял «Хлопцы, не трэба!» («ЧЗ» ад 5.04.2018).

Анастасія Ярахновіч — выпускніца 11 класа сталічнай гімназіі № 12. Марыць стаць або дыктарам, або вядучай маладзёжнай праграмы. Сёлета таксама збіраецца паступаць на журфак, дзеля чаго наведвала падрыхтоўчыя курсы. Дзяўчына адзначана за матэрыял «Вялікае маленькае шчасце» («ЧЗ» ад 3.05.2018). Апроч яго ў Анастасіі была надрукавана яшчэ адна невялікая «проба пяра».

Чаму ў конкурсе перамаглі менавіта названыя творчыя работы? Як можна заўважыць, іх аб'ядноўвае жанр — эсэ. Гэта калі аўтар дзеліцца сваімі ўражаннямі і думкамі. Падавалася б, самае простае, што можа быць. Так памылкова думаюць многія маладыя аўтары, збіваючыся ў выніку на агульны пафас і транслюючы пэўныя штампы. Насамрэч жанр не такі просты. Індывідуальныя ўражанні павінны быць выкладзены па канкрэтнай, а не абстрактнай, нагодзе. Галоўнае — не збіцца на рэфлексіі, а прапусціць эмоцыі праз сябе. У аўторак гэта атрымалася. Іх матэрыялы ў найбольшай ступені адпавядаюць назве конкурсу: дзяўчаты выразна абазначылі, што не ўсё роўна для іх, а што — каштоўна: само жыццё, блізкія і родныя людзі, Радзіма... Паўторымся, гэта зусім не азначае, што «пробы пяра» астатніх аўтараў у нечым горшыя. У нашым конкурсе мы імкнёмся «трымаць планку». Паліна і Анастасія ўзнялі яе крыху вышэй за іншых.

Тое ж самае можна сказаць і пра трэцюю пераможцу — выпускніцу 11 класа маладзечанскай гімназіі № 7 Надзею Бобрык. Па-першае, дзяўчына ўдзельнічае ў нашым конкурсе не першы год. Па-другое, яна адна з тых трох аўтарак, якія сёлета даслалі па дзве «пробы пяра», што былі апублікаваны. Па-трэцяе, тэмы яе творчых матэрыялаў (што самае галоўнае) у нечым сугучныя з пасыламі дзвюх папярэдніх пераможцаў, толькі пададзеныя ў іншым жанры. Героі Надзеі — такія ж нераўнадушныя людзі, якія, ахвяруючы асабістым, прыходзяць на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Тыя, хто ўласным прыкладам натхняе і вядзе за сабой іншых. Тыя, каму сапраўды не ўсё роўна... Найменш заўваг у рэдакцыйнага журы было да матэрыялу аўтаркі «У чым ён, цяжар сапраўднага лідарства?» («ЧЗ» ад 5.04.2018). Ён і прынёс Надзеі заслужаны поспех. Застаецца толькі дадаць, што дзяўчына, як і астатнія пераможцы, сёлета збіраецца паступаць на журфак, падоўжыўшы такім чынам сямейную дынастыю. Што цікава, дыплом і рэкамендацыя былі падпісаны ў дзень 17-годдзя аўтаркі! Тады ж мы патэлефанавалі ёй з запрашэннем наведаць рэдакцыю. Такія вось невялікія прыемныя супадзенні...

Пераможцы па традыцыі былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі ад Выдавецкага дома «Звязда». Паколькі ўсе тры аўтаркі сёлета збіраюцца «штурмаваць» журфак, ім таксама, згодна з умовамі конкурсу, былі ўручаны рэкамендацыі для паступлення. Шчыра віншуем і жадаем здзяйснення гэтай мары! Пераможцы гэта заслужылі па праве!

Надзея НІКАЛАЕВА, Сяргей РАСОЛЬКА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Прапусціць усё праз сябе, ці Прафесіі патрэбны нераўнадушныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.