Вы тут

Матэрыяльныя ўмовы для сям'і ў Беларусі створаны. Не хапае духоўных?


Некалькі гадоў таму «дэмаграфічныя нажніцы» ў нашай краіне практычна самкнуліся. У 2015 годзе нарадзілася 119 тысяч дзяцей — рэкордная колькасць за ўсю гісторыю існавання суверэннай Беларусі. Але ўжо летась народжаных было меней, чым памерлых, на 13 %. І сітуацыя працягвае заставацца напружанай. У Беларусі шмат робіцца для таго, каб ствараліся сем'і, паляпшалася дэмаграфічная абстаноўка, але гэта не заўсёды дае свой плён. Чаму?


Ад патрыярхату да матрыярхату

Наогул, за апошнія 100 гадоў паняцце «сям'я» вельмі трансфармавалася. Ад патрыярхальнага ўкладу, дзе бясспрэчным лідарам сямейства быў мужчына, перайшлі да новай мадэлі — матрыярхальнай. Жанчыны самі вінаватыя. Навошта было ўраўноўваць сябе з мужчынамі ў правах? Займаліся б дзецьмі, вышывалі крыжыкам, гатавалі смачныя абеды і не думалі б пра пенсію. Сёння хатнюю гаспадарку прыходзіцца сумяшчаць са сваімі прафесійнымі абавязкамі, і дужая палова не заўсёды імкнецца падставіць надзейнае плячо. Думаеце, нагаворваю? Мяркуйце самі.

— Нявесты сёння больш самастойныя, моцныя, — дае ацэнку мясцовым маладажонам начальнік загса Магілёўскага гарвыканкама Галіна Аношка. — У 90 працэнтах са 100 яны дыктуюць мужчынам, што і як трэба рабіць. І толькі ў 10 % сем'яў мужчына застаецца галавой. Жанчыны больш маладыя і больш адукаваныя, чым іх жаніхі. Большасць з іх працуе, у той час як іх абраннікі знаходзяцца ў пошуках працоўнага месца.

Не факт, што ў тым далёкім «патрыярхальным» мінулым усе сем'і былі аднолькава шчаслівыя, але ж разводаў амаль не здаралася. Насамрэч, што б жанчына рабіла без мужчыны? Ён жа быў кармільцам. Сёння гэта неактуальна, як і адзін шлюб на ўсё жыццё. Развесціся можна ўжо на наступны дзень.

«У мяне сястрычкі няма, у мяне браціка няма...»

На сённяшні дзень у Беларусі існуе 11 відаў дзяржаўных дапамог. За нараджэнне трэцяга і кожнага наступнага дзіцяці можна атрымаць сямейны капітал, эквівалентны 10 тысячам долараў ЗША. Шэраг сем'яў карыстаецца льготамі, атрымлівае адрасныя дапамогі, субсідыі пры будаўніцтве жылля. Што яшчэ трэба?

Стварайце сем'і і карыстайцеся! На жаль, моладзь не спяшаецца. Па інфармацыі магілёўскага загса, сярэдні ўзрост жаніхоў, якія звярталіся сюды летась, дасягаў 29,5 года, нявест — 28. Яшчэ пяць гадоў таму лічбы былі іншымі: 26,5 і 25 адпаведна.

Але нават у гэтым амаль 30-гадовым узросце маладажоны застаюцца, мякка кажучы, дзецьмі.

— Нашы псіхолагі б'юць трывогу, што маладыя бацькі не ведаюць, як паводзіць сябе з нованароджаным дзецьмі, — сведчыць намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай абароны Ленінскага раёна Магілёва Марыя Махунова. — Яны яшчэ самі толкам не змаглі арганізаваць сямейнае жыццё, а ўжо павінны выхоўваць кагосьці трэцяга. Яшчэ горш, калі маладая сям'я жыве з бацькамі, дзядулямі і бабулямі. Атрымліваецца, што старэйшыя бяруць пад сваю апеку і дзяцей, і ўнукаў, тым самым пазбаўляючы іх адказнасці. Няма разумення, што створана новая ячэйка грамадства. Потым пачынаюцца праблемы, разводы, гвалт...

Кажуць, калі да сарака гадоў у доме не пасяліліся дзеці, там паселіцца адзінота. Але сёння бацькоўскія пачуцці можна перажыць практычна ў любым узросце. Да паслуг сурагатнае мацярынства, дзеці з прабіркі. І зоркі гэтым актыўна карыстаюцца. Ні пол, ні ўзрост ім не перашкода.

— Мне ўсё часцей прыходзіцца сутыкацца з неразуменнем моладзі, чаму сям'я — гэта толькі мужчына і жанчына. І гэта ўжо не жарты, — канстатуе метадыст і лектар перасоўных выставак, педагог Алена Ярашэвіч. — Памятаю, як адна дзяўчына не магла пагадзіцца з тым, што саюз мужчыны і мужчыны — гэта ненармальна. І пераканаць яе было немагчыма.

У чым праблема?

Парадокс: у Беларусі існуе імідж шматдзетнай сям'і, але пры гэтым цнатлівасць у маладзёжным асяроддзі ўспрымаецца як прыкмета ненармальнасці. Кантрацэптывы можна купіць дзе пажадаем, у тым ліку ў прадуктовай краме. Пасведчанне аб шлюбе ўсё роўна не папросяць. Пазашлюбныя адносіны, магчыма, дапамогуць зняць стрэс, але наўрад ці прынясуць шчасце. Бо першапачаткова будуюцца зусім на іншых інтарэсах.

— Некаторыя мастацкія фільмы, выступленні, якія маскіруюць адмаўленне сям'і і дэманструюць перавагі іншага жыцця, наносяць адчувальную шкоду грамадству, — лічыць дэпутат камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Старавойтаў. — У мяне трое дзяцей. Моцная сям'я, якая яднае дзяцей, бацькоў, бабуль, дзядуль, з'яўляецца асновай шчасця і доўгажыхарства.

Сям'я перш за ўсё — гэта маленькая дзяржава са сваімі патрабаваннямі і абавязкамі. І трымаецца яна на аўтарытэце бацькоў. Сёння існуе шмат розных меркаванняў наконт ювенальнай юстыцыі, прынцыпы якой могуць з'явіцца і ў заканадаўстве Беларусі.

— Будзе цалкам знішчаны працэс выхавання. Праз 15 гадоў мы атрымаем пакаленне некіраваных маладых людзей, якія будуць не проста эгацэнтрычныя, а наогул не пажадаюць прызнаваць іншага меркавання, акрамя свайго. У выніку гэта прывядзе да скарачэння насельніцтва. «Новыя» людзі не будуць нараджаць, паколькі караць дзіця нельга, а як выхоўваць яго — невядома. Дэмаграфічная яма стане безданню. Мы атрымаем тое, што зараз адбываецца ў Еўропе. Поўнае знікненне нацыі, — перасцерагае дырэктар дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч.

— Абвяшчэнне гендарнай ідэалогіі ставіць пад пытанне саюз мужчыны і жанчыны, а ўзаконьванне прынцыпу прыярытэтнасці правоў дзіцяці над правамі дарослых робіць немагчымым правільнае выхаванне дзяцей у сям'і, — аргументуе архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі ўладыка Сафроній.

Як ратаваць сям'ю

Заклапочанасць будучыняй традыцыйнай беларускай сям'і сабрала нядаўна ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ўсіх тых, каму не абыякавая гэта праблема. Ініцыятарам круглага стала «Моцная сям'я — моцная дзяржава» стала Магілёўская епархія Беларускай праваслаўнай царквы. Сваімі думкамі наконт пагроз для будучыні сям'і дзяліліся педагогі, дзяржаўныя служачыя, народныя абраннікі, прадстаўнікі розных канфесій, грамадскія дзеячы, якія прыехалі ў Магілёў з усіх абласцей.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Кіраўнік Цэнтра абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў іерэй Уладзімір Котаў лічыць, што прыйшла пара зафіксаваць паняцці «бацька», «маці», «сям'я» на ўзроўні заканадаўчай базы. Каб не было іх двухсэнсоўных трактовак.

— Аднойчы я выступаў у маладзёжнай аўдыторыі і мяне спыталі, чаму царква асуджае нетрадыцыйныя адносіны людзей, што дрэннага ў тым, што мужчына кахае мужчыну. Я адказаў: мы жывём на гэтай зямлі толькі дзякуючы таму, што нарадзіліся ў традыцыйнай сям'і і нашы маці не зрабілі аборт, — кажа клірык.

Шмат было сказана і пра тое, што ў Беларусі не хапае спецыяльнага кантэнту для павышэння прэстыжу традыцыйнай сям'і, некаторыя відэа і аўдыяматэрыялы ставяць пад сумненне сямейныя каштоўнасці, няма тэлесерыялаў і шоу-праграм, дзе б прысутнічаў вопыт пераадольвання цяжкіх жыццёвых сітуацый.

— У нашай арганізацыі ёсць прытулак і перадабортнае кансультаванне, і мы, пасля стасункаў з жанчынамі, якія да нас звярнуліся, упэўніваемся, што дзяржава добра падтрымлівае сем'і на матэрыяльным узроўні, але не здольная дапамагчы ў крызісных сітуацыях. У нас, на жаль, няма мадэляў іх пераадолення, — кажа Вераніка Сярдзюк, старшыня Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля». — У нас рэгіструюць шлюбы, разводы, але нічога не робяць, каб навучыць маладую сям'ю спраўляцца з праблемамі.

Па выніках сустрэчы быў створаны каардынацыйны савет, які выпрацаваў шэраг пазіцый па захаванні інтарэсаў галоўнай ячэйкі грамадства. Сярод іх прапанова распрацаваць дзяржпраграму падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцця і асобна для ўстаноў адукацыі, павялічыць колькасць мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, а таксама культурных праграм, прысвечаных папулярызацыі прэстыжу сям'і і дзеталюбства, на заканадаўчым узроўні замацаваць выхаванне дзяцей у шматдзетных сем'ях як форму працоўнай дзейнасці, умацаваць гарантыі бацькоўскіх правоў на выхаванне дзяцей і абмежаваць празмернае ўмяшанне ва ўнутраныя справы сям'і органаў апекі, шырока інфармаваць насельніцтва наконт шкоды абортаў для здароўя жанчыны і бесчалавечнасці забойства новага жыцця на ранніх этапах яго з'яўлення. Прапаноўваецца таксама распрацаваць Кодэкс сямейных каштоўнасцяў, дзе будуць раскладзены па палічках усе тыя паняцці, якія садзейнічаюць умацаванню саюза мужчыны і жанчыны, а таксама захаванню духоўна-маральных каштоўнасцяў і павышэнню ролі бацькоў у сям'і. Акрамя гэтага, звяртаецца ўвага на тое, што некаторыя паняцці і фармуліроўкі скажаюцца, а гэта недапушчальна пры выхаванні здаровага грамадства. Напрыклад, грамадзянскі шлюб — гэта афіцыйны саюз, таму не трэба прыкрываць ім пазашлюбную сувязь. Трэба ўсё выразна называць сваімі імёнамі. Тады не будзе ніякай двухсэнсоўнасці. З гэтымі і іншымі прапановамі каардынацыйны савет мае намер звяртацца ў вышэйшыя структуры ўлады.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Не трапіць у «яму»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.