У Мінску адбыўся чарговы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме». З розных гарадоў і вёсак прыехалі ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі юныя таленты — лепшыя з 1500 выканаўцаў, якія выступалі перад гэтым у сваіх школах.
Дэвіз конкурсу — «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!». Сэнс гэтых слоў выразна перадавалі выступленні ўдзельнікаў творчага спаборніцтва. Перад строгім журы ў аўдыторыі, запоўненай аднагодкамі, канкурсанты чыталі любімыя вершы, урыўкі з празаічных твораў беларускіх літаратараў розных часоў.
З дапамогай бацькоў і настаўнікаў вучні падрыхтавалі да конкурсу сапраўдныя тэатралізаваныя выступленні. Зразумела, галоўная ўвага была скіраваная на глыбокае пранікненне ў сэнс выбранага твора. Не меншую ролю адыгрываў артыстызм выканання. Журы звяртала ўвагу і на выбар тэксту: конкурсны твор літаратуры павінен адлюстроўваць маральныя каштоўнасці грамадства, спрыяць пашырэнню цікавасці да нацыянальнай літаратуры і культуры.
Многія чытальнікі ўзмацнялі ўражанне ад сваіх выступленняў з дапамогай трапна падабранага музычнага фону, традыцыйнага вышыванага адзення, дэкарыравалі сваю часовую «сцэнічную пляцоўку» невялічкімі прадметамі хатняга ўжытку.
Рыхтуючыся да спаборніцтваў, дзятва выбірала творы не толькі прызнаных класікаў (што вынікала з назвы конкурсу), але і паэтаў і празаікаў, якія ўвайшлі ў літаратуру параўнальна нядаўна: творы пра Радзіму, гераічны і працалюбівы народ, пра нашы цудоўныя краявіды, мінулае і будучыню. Мастацкае чытанне ацэньвала кампетэнтнае журы — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, дасведчаныя педагогі, спецыялісты ўстаноў адукацыі. Выступленні лепшых юных чытальнікаў з усіх абласцей можна будзе пачуць у першую нядзелю верасня на свяце Дня беларускага пісьменства.
Яўген ПЯСЕЦКІ, фота аўтара
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.