Вы тут

У Слоніме падвялі вынікі конкурсу «Жывая класіка»


31 жніўня ў Слоніме прайшоў фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», скіраванага на пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Гэты штогадовы праект па чытанні ўголас прозы і паэзіі на роднай мове праводзяць сумесна Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Саюз пісьменнікаў і тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне». Сёлета паўтара дзясятка прэтэндэнтаў на перамогу выбіралі з 13 тысяч удзельнікаў з кожнага рэгіёна Беларусі.


Месца правядзення фінальных творчых іспытаў — Слонімскі драматычны тэатр — таксама можна назваць жывой класікай. Сваю гісторыю тэатр вядзе ад сярэдзіны XXVIII стагоддзя і звязаны з імем вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, які заснаваў вялікую тэатральную трупу: у яе ўваходзілі беларускі хор і балет, падмацаваныя прафесійнымі італьянскімі, польскімі і нямецкімі артыстамі. 

Але цяпер тут правілі баль не прафесіяналы, але тыя, хто цалкам можа імі стаць праз 5–10 гадоў. Сёлета конкурс быў прымеркаваны да Году малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таму большасць юных чытальнікаў выбрала творы менавіта на гэтыя тэмы. Фіналісты трох узроставых груп чыталі творы Міхася Башлакова, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Анатоля Грачанікава, Васіля Віткі — і нават свае ўласныя, як вучаніца 94-й сталічнай школы Луіза Аль-Катан. 
Прычым дзеці і падлеткі не проста чыталі вершы і апавяданні, а з дапамогай музыкі і візуальнага раду літаральна пражывалі гэтыя творы на сцэне, і часам так пранізліва, што нават у некаторых сталых гасцей—пісьменнікаў шчыпала ў вачах. Выбар найлепшага для прафесійнага журы, якое ўзначаліў міністры інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч, стаўся няпростым. «Цэлы год вы ішлі да фіналу, чыталі кнігі, шукалі блізкія па духу творы і пражывалі кожны радок», — зазначыў перад абвяшчэннем імёнаў пераможцаў адзін з суддзяў, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, пазычыўшы юным чытальнікам, «каб творчасць не пакідала і далей». 

Пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка-2019» сталі Паліна Пінчук з Петрыкаўскай гімназіі, якая пераканаўча «ажывіла» лісу і бусла з аднайменнай байкі, Марыя Наско з Тумілавіцкага дзіцячага садка—сярэдняй школы Докшыцкага раёна (да дрыжыкаў рэалістычна выканала «Крывавую баладу» Анатоля Грачанікава), прадстаўніца сш№ 2 г.Докшыцы Віялета Будзько (у яе выкананні ўжо хрэстаматыйная балада Антона Бялевіча «Смерць Маланні» прагучала як паўнавартасны акцёрскі маналог), і гамяльчанін Мікіта Шпілеўскі з гімназіі № 71, які дастукаўся наўпрост да сэрцаў балючым і моцным урыўкам са знакамітай «чарнобыльскай» паэмы Міхася Башлакова «Лілея на цёмнай вадзе».
Усе без выключэння фіналісты атрымалі ад арганізатараў і партнёраў праекту не толькі ганаровыя дыпломы, але і шматлікія падарункі, у тым ліку кандытарскія прысмакі і сертыфікаты на адпачынак — адну змену ў адукацыйна-аздараўленчым летніку «Зубраня».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота slonves.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.