Вы тут

«Канкурыраваць цяжка, але магчыма»


У межах ХХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» адбылася прэзентацыя Года турызму Беларусі ў Кітаі.


Саветнік і прэс-аташэ пасольства КНР у Беларусі Чэнь Вэйвэй нагадаў, што лідары дзвюх краін з самага пачатку дыпламатычных адносін многа ўвагі ўдзялялі развіццю здаровых, спрыяльных сувязяў. Па яго словах, даверлівае, стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з часам толькі ўдасканальваюцца, у тым ліку і ў сферы турызму.

— У студзені 2018 года былі падпісаны дакументы аб турыстычным супрацоўніцтве паміж краінамі, пасля чаго ў горадзе Чунцын па ініцыятыве беларускага боку адбылася прэзентацыя Года Беларусі ў Кітаі. Трэба падкрэсліць, што гэта важная падзея ў працэсе супрацоўніцтва, яна паспрыяе далейшаму развіццю не толькі ў плане прывабнасці для вандроўнікаў, але і паляпшэнню ўнутранай эканомікі кожнай з краін, — адзначыў Чэнь Вэйвэй.

Бакі ўжо прыкладна ўяўляюць, чым можна зацікавіць гасцей. Сярод нацыянальна-культурнай спадчыны і прыродных помнікаў Кітая беларусы імкнуцца ўбачыць Вялікую кітайскую сцяну, Імператарскі палац, Імператарскі летні парк, востраў Хайнань.Чэнь Вэйвэй мяркуе, што яго суайчыннікаў павінны зацікавіць возера Нарач, Белавежская пушча, Мірскі і Нясвіжскі замкі, а таксама помнікі, звязаныя з ваеннымі падзеямі, мемарыял «Брэсцкая крэпасць-герой», лінія Сталіна, мемарыял у Хатыні.

— Канкурыраваць Беларусі з Кітаем у плане турыстычных магчымасцяў цяжка, але магчыма, — мяркуе Андрэй Молчан, дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму. — Думаю, на карысць супрацоўніцтву пойдзе ўкараненне намі плацежнай сістэмы Chіna UnіonPay. Белгазпрамбанкам для гэтай мэты створана цэлая сетка банкаматаў. Таксама працягваецца стандартызацыя гасцініц па нормах Chіna Frіendly. На наступныя гады плануем павялічыць колькасць гідаў-перакладчыкаў з валоданнем кітайскай мовай.

Краіны плануюць правесці каля 50 мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне інфраструктуры ў Беларусі для прыёму гасцей з Паднябеснай. Андрэй Молчан расказаў пра планы сумеснага будаўніцтва беларуска-кітайскага прадпрыемства, якое будзе працаваць непасрэдна ў турыстычным кірунку. Толькі ў маі Беларусь будзе ўдзельнічаць у трох выставачных мерапрыемствах на пляцоўках усходніх сяброў, а на ліпень запланаваны прэзентацыйна-інфармацыйны тур для тураператараў Кітая. Акрамя таго, група беларускіх спецыялістаў будзе запрошана на спецыяльныя 10-дзённыя курсы, прысвечаныя вывучэнню турыстычнага вопыту КНР.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.