Вы тут

Адкрылася ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі»


Учора ў сталічным Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа», што на праспекце Пераможцаў, 14, урачыста адкрылася ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі» — традыцыйнае месца сустрэч супрацоўнікаў айчынных медыя і іх чытачоў, слухачоў і гледачоў.


Аляксандр Карлюкевіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Жаўняк, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Шанаваць давер аўдыторыі

— Шчыра прадстаўляючы грамадству жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці і не хаваючы праблем, СМІ ўсё ж трэба больш канцэнтравацца на прасоўванні пазітыўнага парадку дня. Не разбураць, але ствараць, — адзначыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. — Цэлыя дзяржавы на розных кантынентах сёння не проста выказваюць заклапочанасць засіллем фэйкавых навін, нянавісці і жорсткасці ў медыяпрасторы, а на заканадаўчым узроўні спрабуюць змагацца з гэтым глабальным злом. Разумеючы яго прыроду, мы адчуваем і тое, што аднымі забаронамі праўду не абараніць, а нянавісць не спыніць. Менавіта ў гэтай сітуацыі як ніколі важная роля прафесійных, аўтарытэтных СМІ. Вы можаце эфектыўна супрацьстаяць гэтай агульнай для розных краін і народаў праблеме. Усё, што для гэтага патрабуецца, — свята ахоўваць прынцыпы журналістыкі і вышэй за ўсё шанаваць давер аўдыторыі — свайго галоўнага рэдактара.

Аляксандр Карлюкевіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк таксама прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі і зачытаў прывітальнае слова кіраўніка краіны. «Паспяховае развіццё прафесійнай журналістыкі з'яўляецца адным з найважнейшых фактараў забеспячэння інфармацыйнага суверэнітэту Беларусі. Захаванне этычных нормаў, прынцыпаў сумленнасці і дакладнасці ў падачы навін, наяўнасць дакладнай грамадзянскай пазіцыі — прыкмета салідных друкаваных і электронных выданняў, тэлевізійных праектаў, якія выклікаюць давер і гатовы супрацьстаяць выклікам сучаснасці», — гаворыцца ў прывітанні.

Убачыць дадатковую рэальнасць

— Асаблівасць сёлетняй выстаўкі СМІ ў тым, што мы прадстаўляем не толькі нашы інфармацыйныя рэсурсы — газету, часопіс, інтэрнэт-пляцоўкі. Мы ўпершыню ўзялі на сябе смеласць паказаць перадавыя тэхналогіі вырабу нашай інфармацыйнай прадукцыі, — расказаў палкоўнік Андрэй САБАЛЕЎСКІ, начальнік ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр». — Напрыклад, калі браць друкаваныя СМІ, то газета абмежавана плошчай, і сучаснаму маладому чалавеку сёння ўжо не так цікава проста прачытаць, убачыць здымак. Ён хоча акунуцца ў атмасферу. Таму мы актыўна выкарыстоўваем QR-коды — гэта дае магчымасць расшырыць плошчу газет віртуальна. Мы маем дадатковыя здымкі і іншыя матэрыялы, выкарыстоўваем праграму дадатковай рэальнасці.

Іншых паглядзець і сябе паказаць

Даволі шырока прадстаўлены сродкі масавай інфармацыі з усіх абласцей краіны. Так, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу «Аршанскай газеты» Іна КАСІНЕЦ расказала:

— Як заўсёды на такіх мерапрыемствах надзвычай прыемна ўбачыць сваіх калег, адшукаць знаёмых і наладзіць новыя кантакты. Мы звычайна звяртаем увагу на тое, што прывозіць кожная вобласць на выстаўку. Як яны рыхтуюцца, якія прадстаўляюць праграмы? Бо самі мы два мінулыя гады запар працавалі на ўласным стэндзе, рыхтавалі сваю праграму. Цікава ўбачыць, што ж робяць калегі? Натуральна, для кожнага журналіста гэта нармальны працэс — пастаянна сябе параўноўваць з іншымі, знаходзіць для сябе новыя ідэі. Таму тут, на выстаўцы, усё сабрана ў адным месцы як найлепш.

Надрукаваць старонку Бібліі

На стэндзе «СМІ Брэстчыны», арганізаваным Брэсцкім аблвыканкамам, усе ахвотныя маглі паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай старадаўняму гораду, які сёлета святкуе 1000-годдзе, — і атрымаць прыемныя прызы. Тут жа размясціўся запрошаны тэатр, які прадставіў касцюміраваную гісторыю.

— Стэнд адпраўляе ў ХVІ стагоддзе. Можна пачуць адпаведную музыку, убачыць урачыста апранутых Мікалая Радзівіла Чорнага з жонкай Альжбетай. Прадстаўлена і рэпліка станка, на якім госці друкуюць тытульныя аркушы Брэсцкай Бібліі. Можна ўбачыць два тамы факсімільнага перавыдання Брэсцкай Бібліі — Старога і Новага Запавету. Факсімільнае перавыданне зроблена ў Германіі ў пачатку 2000-х гадоў, і яно даволі рэдкае — такіх копій Брэсцкай Бібліі ў Беларусі не больш за 10 асобнікаў, — адзначае адзін з удзельнікаў стэнду, гісторык Антоній БОКУН. — Такім чынам, на стэндзе «СМІ Брэстчыны» можна перанесціся на 500 гадоў назад, у часы Вялікага Княства Літоўскага.

* * *

3 мая на стэндзе Выдавецкага дома «Звязда» ў 12 гадзін адбудзецца паэтычная сустрэча з аўтарамі газеты «Літаратура і мастацтва». У 13 гадзін тут пройдзе майстар-клас ад заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Сяргея Волкава «Як малюецца карыкатура». З 14 да 15 гадзін можна далучыцца да акцыі «Падпішыся на часопіс «Вожык» — атрымай шарж» мастака-карыкатурыста Аляксандра Каршакевіча. У 16 гадзін — прэзентацыя кнігі Анатоля Бутэвіча «Таямніцы Нясвіжскага замка. Падарожжа ў глыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Відэа Дзмітрыя СУГАНЯЕВА

Загаловак у газеце: Роля аўтарытэтных СМІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.