Вы тут

Мінскую кніжную выстаўку наведала 30 тысяч чалавек


32 краіны прынялі ўдзел у ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. 360 экспанентаў прадставілі свае калекцыі кніг, ужо 57-ы раз падвялі вынікі конкурсу «Мастацтва кнігі», другі раз адзначылі найлепшых у конкурсе маладых літаратараў «Першацвет». Пісьменнікі з 21-й краіны сабраліся на ІV Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час». Усяго ж за пяць дзён форуму было праведзена больш за 240 мерапрыемстваў.

Такія вынікі Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая толькі-толькі скончылася. Аднак галоўнае, як вядома, не колькасць, а якасць, і з ёй на выстаўцы таксама ўсё было ў парадку. Для чытачоў праводзіліся цікавыя мерапрыемствы, дзе яны маглі не толькі пачуць шмат новага і карыснага, але і выйграць прызы. Пісьменнікі ладзілі аўтограф-сесіі і адказвалі на пытанні прыхільнікаў свайго таленту. Але самае галоўнае, прэзентаваліся шматлікія кніжныя навінкі. «А што ты набыў на кніжным кірмашы?» — не мець адказу на такое пытанне таму, хто ўсё-такі завітаў у выставачны павільён, было не зусім ёмка, бо цікавінак на выставе прадставілі дастаткова. Можна было набыць навінкі любімых аўтараў, ці пазнаёміцца з невядомымі раней творцамі — выбраць кнігі, быццам займець новых сяброў.


Яскравай кульмінацый кніжнага кірмашу стала падвядзенне вынікаў конкурсу «Мастацтва кнігі». Гран-пры сёлета атрымала «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч на галоўнай сцэне выставачнай пляцоўкі ўручыў памятныя ўзнагароды дырэктару выдавецтва Уладзіміру Андрыевічу, а таксама мастаку-дызайнеру Алене Сітайле і дырэктару паліграфкамбіната імя Якуба Коласа Ігару Маланяку, якія таксама працавалі над выданнем.

У намінацыі «Найлепшы фотамастак» перамаглі аўтары альбома «Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў» Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. «Найлепшым дызайнерам кнігі» прызнаны Уладзімір Шоўк, які працаваў над выданнямі «Кніжная спадчына Беларусі», «Францыск Скарына — беларускі гуманіст, асветнік, першадрукар», «Адкуль ёсць пайшоў буквар» серыі «Краіна замкаў», выпушчанай Выдавецкім домам «Звязда». Дыплом пераможцы ў намінацыі «АРТ-кніга» ў выдання «Рыгор Сітніца. Простыя рэчы», якое таксама пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».

Як адзначыў галоўны рэдактар часопіса «Нёман», намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксей Чарота, вынікам працы сімпозіума літаратараў сталі пагадненні з некаторымі арганізацыямі іншых краін. Так, Выдавецкі дом «Звязда» заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з Інстытутам літаратуры і мастацтва імя Аўэзава Міністэрства адукацыі і навукі Казахстана. Беларускія пісьменнікі дамовіліся аб супрацоўніцтве з сербскім выдавецтвам, з часопісам «Простор» з Казахстана, часопісам «Памир» з Таджыкістана. Часопіс «Полымя» правёў перагаворы з Саюзам пісьменнікаў Латвіі аб абмене літаратурнымі публікацыямі і перакладамі. Дарэчы, наладжана яшчэ больш кантактаў не толькі з выданнямі, але і з самімі аўтарамі. Напрыклад, у гэтым годзе на сімпозіуме быў прадстаўлены зборнік твораў 19 беларускіх паэтаў на чачэнскай мове.

Істотна ўмацавалася супрацоўніцтва беларускіх і кітайскіх выдаўцоў. Былі запланаваны пераклад і публікацыя класічных літаратурных твораў да 2020 года.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» сумесна з выдавецтвам Пекінскага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў пачынаюць рэалізацыю маштабнага друкаванага праекта. Адпаведнае пагадненне было падпісана на кніжным кірмашы. Ужо ў хуткім часе пачнецца праца па выпуску на беларускай мове серыі кніг «Тэрміналогія кітайскай ідэалогіі і культуры». Над яе складаннем працавалі больш за 100 спецыялістаў з Кітая і Еўропы. Выданне ўжо рыхтуецца да выпуску ў 12 краінах, і неўзабаве пабачыць свет і ў беларускамоўным варыянце. Пераклад будзе ладзіцца ў Беларусі, выхад кнігі запланаваны ў КНР.

Такім чынам, на выстаўцы не толькі былі прэзентаваны кніжныя навінкі апошняга часу, падведзены вынікі працы. Тут былі яскрава прамаляваны вектары працы на найбліжэйшую будучыню — яны ў рэалізацыі сумесных праектаў з суседзямі і, безумоўна, у напісанні і выданні якасных кніг.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Паспець. Прачытаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.