Вы тут

Невыпадковасць паклікання


Добрая нагода сабрала ў адной зале вядомых навукоўцаў, акадэмікаў, даследчыкаў літаратуры. 14 лютага ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы віншавалі доктара філалагічных навук, пісьменніка Міхася Тычыну. Як крытык і літаратуразнавец ён выступіў упершыню ў 1969-м (часопіс «Маладосць»), а першая публікацыя, якая адбылася на шэсць гадоў раней, была паэтычнай: у брэсцкай абласной газеце «Заря» ў 1963 годзе былі надрукаваныя вершы маладога паэта Міхася Тычыны… Сёння — аўтара шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцяў, апавяданняў, спецыяліста ў галіне літаратуразнаўчай экспертызы.


Фота Кастуся Дробава.

Як адзначыў акадэмік Уладзімір Гніламёдаў, Міхась Тычына — прадстаўнік слаўнага роду беларускай шляхты са Случчыны. Менавіта шляхта з даўніх часоў шмат рабіла для развіцця нашай культуры, а генетыка па-ранейшаму вызначальная. Вялікі плён творчых і навуковых здабыткаў юбіляра карэніцца ў выхаванні, сямейных традыцыях. Дарэчы, Міхась Аляксандравіч падрабязна вывучыў свой радавод, карані і мае адносіны да ўсіх Тычынаў Усходняй Еўропы. Менавіта таму і яго цікавасць да старажытнай беларускай літаратуры невыпадковая.

Літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі, які пачынаў свой прафесійны шлях у Акадэмііі навук разам з Міхасём Тычынам, прыгадаў, з чаго ўсё пачыналася: «Тады ва ўстанове працавалі карыфеі беларускай філалогіі, але і пакаленне тагачасных 30-гадовых выразна вылучалася на гэтым фоне вялікімі і прыгожымі ідэямі: Міхась Тычына, Сцяпан Лаўшук, Яўген Лецка, Ала Кабаковіч… Гэтае пакаленне было заўважнае, але не такое шматлікае, таму вельмі істотнымі для маладых супрацоўнікаў сталі размовы са старэйшымі. Менавіта адсюль заўсёды актуальная для Міхася Аляксандравіча тэма “Чалавек і вайна”».

Сапраўды, нават пачатак жыцця самога даследчыка быў звязаны з вайной. Ён нарадзіўся ў 1943 годзе, у разгар ваеннага ліхалецця. Няпросты быў і лёс сям’і: яго бацькі, беларускія земляробы, былі двойчы рэпрэсаваныя.

На цяперашні момант Міхась Тычына даследуе праблемы тыпалогіі, вывучае працэсы і асаблівасці кардынальных змен у жыцці грамадства, якія закранаюць усе сферы, выяўляючы глыбінныя зрухі і вызначаючы напрамкі развіцця. Ён выдатны педагог, пад яго кіраўніцтвам абаранілася пяць кандыдатаў навук. Загадчык аддзела тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства Алена Васілевіч звярнула ўвагу на тое, што Міхась Аляксандравіч — цудоўны, пазітыўны, чалавек, заўсёды добра ставіцца да людзей, адгукаецца на просьбы калег.

Падчас працы з аспірантамі Міхась Аляксандравіч заўсёды падкрэслівае: для беларускага літаратуразнаўцы галоўнае — беларускі народ і яго спадчынная мова, менавіта ад гэтага трэба адштурхоўвацца пры вызначэнні тэмы даследавання, без гэтага немагчымы ўваход у сапраўдную навуку, сапраўднае беларусазнаўства, беларускае літаратуразнаўства.

 «Збег лічбаў вымушаў адчуваць сябе народжаным невыпадкова, — пажартаваў сам юбіляр. — 10 лютага нарадзіўся Барыс Пастарнак, 14 лютага — Міхась Стральцоў, які заўсёды падтрымліваў мяне як рэдактар часопісаў, куды я прыносіў артыкулы, часам нават ідучы на рызыку».

Кожная кніга Міхася Тычыны цікавая, патрэбная, поўная глыбокіх роздумаў. Калегі выказалі думку, што яму варта было б звярнуцца да напісання ўспамінаў, бо ён добра ведаў многіх людзей, значных для нашай культуры, напрыклад, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна… А свайму стрыечнаму брату Алесю Адамовічу дапамагаў у ажыццяўленні шматлікіх творчых задум. Дарэчы, неўзабаве выйдзе з друку кніга Міхася Тычыны, прысвечаная жыццю і творчасці Алеся Адамовіча.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.