Вы тут

Летась палова рэкламных сюжэтаў была неналежнай якасці


У мінулым годзе Міжведамасны савет па рэкламе разгледзеў 560 сюжэтаў сацыяльнай рэкламы. У асноўным гэта вонкавая і тэлевізійная. 58 працэнтаў сюжэтаў не адпавядалі стандартам якасці і былі адпраўлены на дапрацоўку.


— Спажывец цяпер крытычна ставіцца да таго, як з ім размаўляе дзяржаўная ўлада. Таму да сацыяльнай рэкламы высокія патрабаванні, — адзначае начальнік сектара па рэкламе ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна ГАЎРЫЛЬЧЫК. — Адсейваем сюжэты, дзе проста пазіцыянуецца дзяржаўны орган і яго сімволіка. Рэклама павінна працаваць: ставіць праблему і прапаноўваць яе рашэнне. Часта бываюць нараканні на нізкі ўзровень тэхнічнага і эстэтычнага выканання. Мае значэнне і творчы складнік. Заўсёды ў выйгрышы тыя ролікі, якія былі зроблены пры дапамозе прафесійных агенцтваў.

Ёсць праблема з тым, што сацыяльныя сюжэты рыхтуюцца і змяшчаюцца не на сістэмнай аснове. Выключэнне — работа Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства па падатках і зборах, аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў. Мала ўвагі ўдзяляецца сегменту інтэрнэту.

У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях расказваюць, што калі ствараюць ролікі і буклеты, то стараюцца падаваць інфармацыю максімальна проста і даступна для насельніцтва. Для дзяцей распрацоўваюць адмысловыя закладкі для кніжак, расклады заняткаў, размалёўкі. Самыя папулярныя відэасюжэты ведамства — «Пражыць адно жыццё — выратаваць тысячы» і «Вечная памяць нецвярозым купальшчыкам». Кожны з іх набраў у інтэрнэце па мільёне праглядаў. Добрыя водгукі атрымалі таксама білборды «Дзеці не шукаюць небяспекі. Яны проста гуляюць». Сюжэты ратавальнікі выбіралі, зыходзячы са статыстыкі няшчасных выпадкаў з малечай і школьнікамі.

— Ацаніць эфектыўнасць сацыяльнай рэкламы дапамагаюць лічбы аператыўных зводак, — каментуе афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь НАВІЦКІ. — Калі ў пачатку 1990-х на пажарах гінулі сотні дзяцей, то летась — чатыры чалавекі.

Самыя папулярныя тэмы сацыяльнай рэкламы — падаткі, бяспека, турыстычны патэнцыял краіны (гістарычныя аб'екты, аграэкатурызм). Іна Гаўрыльчык заўважае, што хацелася б больш сюжэтаў, скіраваных на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, у прыватнасці, правільнага харчавання.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Рэклама — рухавік... бяспекі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.