Вы тут

Sex-балясы. Паміж намі, людзьмі і звярамі


Памятаеце айчынную сацыяльную рэкламу пра тое, што збіраць смецце — наш клопат, а не янота? І сапраўды, чаго гэтым павінен займацца янот? Вось у Швецыі, калі верыць паведамленню, хочуць навучыць крумкачоў за ежу збіраць на вуліцах недакуркі і іншае дробнае смецце і прыносіць яго ў аўтамат, які абменьвае «працу» на корм. Чаго толькі часам не прыдумаюць што людзі, што звяры...


Самцы гладкіх марскіх змей пераследуюць чалавека ў вадзе, прымаючы яго за самку свайго віду. Пры гэтым іх самкі, у сваю чаргу, бачаць у дайверах шанц пазбавіцца ад назойлівых кавалераў. («— Чым вы захапляецеся?» — «Сачу за ядавітымі змеямі». — «Працуеце ў жаночым калектыве?» — «Так».) Такія змеі даўжынёй да двух метраў і вагой да трох кілаграмаў сустракаюцца на ўсходзе Індыйскага і на захадзе Ціхага акіянаў. Пры гэтым ніхто з іх не спрабаваў укусіць нырца, хоць змеі даволі ядавітыя. («Мужчынская жыццёвая мудрасць: часам чым ярчэйшая афарбоўка, тым больш небяспечная асобіна».) Замест гэтага некаторыя самцы нават абвівалі канечнасці чалавека — гэтак жа, як яны робяць з целамі самак падчас заляцанняў. Усе падобныя выпадкі здараліся ў сезон размнажэння. Самцы «атакавалі» дайвера ў асноўным адразу пасля няўдалай спробы дагнаць самку ці канфлікту з сапернікам, а самкі — калі спрабавалі ўцячы ад самца. («— Лёня, што ты бегаеш туды-сюды з гэтай мухалапкай?» — «Маша, не перашкаджай! Я забіў пяць мух... Тры самцы і дзве самкі!» — «А як ты даведаўся?» — «А што тут даведвацца? Тры на канапе, а дзве на тэлефоне...»)

У самак дэльфінаў знайшлі такі ж палавы орган, як і ў... жанчын, які можа дапамагаць ім адчуваць задавальненне падчас спароўвання. («Жонка: — «З цягам часу гаспадары становяцца падобнымі на сваіх гадаванцаў». Муж, усхвалявана: — «Слухай, Люсь, давай не будзем ката кастрыраваць».) Раней навукоўцы даведаліся, што дэльфіны могуць займацца сексам не толькі для таго, каб размнажацца, але і для атрымання асалоды. («У акіяне вакол самкі кружыць кіт і выгаворвае той: «Мы — від, які вымірае! Мільёны людзей ва ўсім свеце занепакоеныя лёсам нашай папуляцыі! Сотні экалагічных арганізацый намагаюцца зрабіць нешта для нашага захавання! А ты мне што?! «Галава баліць, галава баліць...»)

Пяціметровага кракадзіла асядлаў дацкі турыст у Аўстраліі. Біёлаг Нільс Джэнсан і яго таварышы падчас падарожжа па парку дзікай прыроды знялі на відэа смяротна небяспечны трук з грабянёвым кракадзілам. («Чабурашка, чуеш мяне?» — «Гена, ну што за пытанні? Паглядзі на мяне. Вядома, чую!») Турыст прынадзіў рэптылію, а калі драпежнік пачаў есці, 22-гадовы Нільс сеў яму на спіну, а потым паўтарыў такія дзеянні яшчэ некалькі разоў. Біёлаг сказаў, што гэта было вельмі цікава, але рызыкоўна. («Кракадзіл сцішыўся і паўгадзіны прыкідваўся бервяном, калі на яго выпадкова прысеў адпачыць Мікалай Валуеў».) Аўстралійскія ўлады асудзілі ўчынак. Яны заклікалі турыстаў паводзіць сябе асцярожна побач з кракадзіламі, асабліва з грабянёвымі, якія з'яўляюцца найбуйнейшымі з усіх існуючых рэптылій. («Займальная заалогія. Ці ведаеце вы, што больш за ўсіх таварышаў у тамбоўскага ваўка?»)

У Новай Зеландыі апосум узяў... у заложнікі жанчыну і не выпускаў яе з дому да прыезду паліцыі. Паводле слоў гаспадыні, яна спрабавала выйсці з жылля і дайсці да машыны, калі жывёліна ўстала ў яе на дарозе і прымусіла вярнуцца назад. «Тэрарыста» злавілі, адвезлі далей ад жылых раёнаў і выпусцілі на волю. Паліцыя выказала здагадку, што апосум мог быць нейчым збеглым гадаванцам або дзіцянём, нядаўна разлучаным з маці. («Вакол дзяўчыны трэба віцца чмялём. З кожным колам робячыся ўсё чмялей і чмялей...»)

Алень уварваўся ў цырульню і ўчыніў пагром у цэнтры Нью-Ёрка. Жывёліна разбіла вітрыну і трапіла ў памяшканне, перад гэтым пераскочыўшы праз кліентку, якая яшчэ і атрымала ад аленя капытом па галаве. Некаторы час нечаканы госць бегаў па салоне прыгажосці, а потым выбег на вуліцу праз дзверы і знік у невядомым кірунку. («Паводле кацінага фэн-шуй ёлка не павінна быць устаноўлена вертыкальна. Нават тэарэтычна».) Алень напалохаў наведвальнікаў і работнікаў салона, аднак больш цікавіць іншае: як жывёліна апынулася ў цэнтры Нью-Ёрка?

У Пінску быў выпадак, калі наведвальніца начнога клуба адсцябала сваім бюстгальтарам ахоўніка. На знятым відэа відаць, як аголеная да пояса жанчына нападае на супрацоўніка ўстановы і б'е яго. («Убачыла павука. Закрычала. Тата спытаў, чаму крычу. «— Таму што павук». — «Ты ж большая за яго». — «А ён страшны». — «Ну, ведаеш, ты таксама не прыгажуня».) Што было прычынай канфлікту, не паведамлялася, аднак, хутчэй за ўсё, на такія дзеянні прадстаўніцу прыгожага полу натхніў алкаголь. Пагадзіцеся, ну чым не «алень»? («Леў — цар звяроў. Пакуль не прачнулася львіца...»)

...Калі чытаеш такія гісторыі, міжволі думаеш, што паміж намі часам бывае нешта агульнае. Паміж людзьмі і звярамі... («Чалавек не горш за мураша можа пераносіць цяжар у 20 разоў большы за ўласную вагу. Але за большую колькасць разоў і пры гэтым страшэнна мацюкаючыся».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.