Вы тут

Будаўніцтва сцяны на граніцы з Мексікай і хваля забойстваў у Швецыі


Байдэн ухваліў будаўніцтва сцяны на граніцы з мексікай

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна прыняла рашэнне пабудаваць участак сцяны ўздоўж граніцы з Мексікай, на поўдні Тэхаса, даўжынёй 32 кіламетры. Такі крок амерыканскія ўлады абгрунтавалі павелічэннем міграцыйнага патоку, паведаміла «Бі-бі-сі». Па прапанове мытнай і пагранічнай службы ЗША (DHS), сцяна будзе мець абсталяванне для відэаназірання, а саму загароду ўзвядуць з высокіх слупоў з выкарыстаннем бетону. 

Міністэрства нацыянальнай бяспекі краіны заявіла, што будзе асвойваць фінансаванне, атрыманае падчас прэзідэнцтва Дональда Трампа, для ўзвядзення новага ўчастка.

Будаўніцтва пагранічнай сцяны было фірмовай палітыкай Дональда Трампа на пасадзе прэзідэнта, супраць якой актыўна выступалі дэмакраты. У 2020 годзе Байдэн паабяцаў, што ў выпадку свайго абрання не будзе ўзводзіць ні кіламетра сцяны. Яго адміністрацыя неўзабаве пасля ўступлення на пасады прыняла пракламацыю, у якой адзначалася, што ўзвядзенне загароды праз паўднёвую граніцу «не з’яўляецца сур’ёзным палітычным рашэннем». Міністр унутранай бяспекі прэзідэнта Байдэна Аляхандра Маёркас таксама падтрымаў ідэю аб будаўніцтве загароды. Ён адзначыў «вострую і неадкладную неабходнасць» пабудаваць новы ўчастак сцяны і прадухіліць незаконныя пранікненні.

Каб ухваліць будаўніцтва плота на граніцы з Мексікай, былі адменены дзясяткі федэральных законаў, у тым ліку закон аб чыстым паветры, а таксама аб бяспечнай пітной вадзе. Гэты крок раззлаваў абаронцаў навакольнага асяроддзя, якія сцвярджаюць, што такія збудаванні разбураць асяроддзе пражывання раслін і жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. «Сцяна пракладзе непранікальны бар’ер прама праз сэрца гэтага асяроддзя пражывання. Гэта спыніць міграцыю дзікіх жывёл, прывядзе да знішчэння велізарнай колькасці тэрыторый, якія з’яўляюцца для іх сховішчам. Гэта жахлівы крок назад для прыгранічных тэрыторый», — заявіла спецыяліст па ахове прыроды паўднёвага захаду з Цэнтра біялагічнай разнастайнасці Лайкен Джордал. — Крыўдна бачыць, як прэзідэнт Байдэн апусціўся да такога ўзроўню, адкінуўшы асноватворныя законы нашай краіны па ахове навакольнага асяроддзя, і хоча пабудаваць неэфектыўныя пагранічныя сцены, якія забіваюць дзікую прыроду».

Пры адміністрацыі Трампа ў перыяд з 2017-га да студзеня 2021-га на паўднёва-заходняй граніцы было пабудавана каля 724 кіламетраў загарод. Губернатар Тэхаса Грэг Эбат аднавіў гэтыя работы пасля таго, як адміністрацыя Байдэна прыпыніла іх у пачатку яго прэзідэнцтва. Прыхільнікі будаўніцтва сцяны сцвярджаюць, што адмена федэральных законаў павінна стаць стартавай пляцоўкай для змены палітыкі ў цэлым. «Надзейная сцяна — гэта эфектыўны інструмент для падтрымання кантролю над нашымі граніцамі, — гаворыцца ў заяве Дэна Стэйна, прэзідэнта Федэрацыі за амерыканскую міграцыйную рэформу. — Зрабіўшы гэтую саступку, адміністрацыя павінна неадкладна прыступіць да будаўніцтва сцяны на ўсёй граніцы, каб не дапусціць перамяшчэння нелегальнага трафіку на іншыя ўчасткі».

«Пагранічная сцяна — гэта вырашэнне праблемы ХХІ стагоддзя, прынятае ў XІV стагоддзі. Яна не ўмацуе бяспеку граніцы ў акрузе Стар, — адзначаецца ў заяве кангрэсмена Генры Куэлара. — Я працягваю выступаць супраць нерацыянальнага расходавання сродкаў падаткаплацельшчыкаў на неэфектыўную пагранічную сцяну». Прэзідэнт Мексікі Андрэс Мануэль Лопес Абрадор таксама выступіў з крытыкай планаў ЗША працягнуць будаўніцтва загарод уздоўж граніцы дзвюх краін.

На паўднёвай граніцы Злучаных Штатаў з Мексікай, паводле папярэдніх даных за мінулы месяц, было зафіксавана больш за 260 тысяч чалавек, якія заехалі ў краіну «несанкцыянавана». У 2023 фінансавым годзе, што скончыўся ў верасні, колькасць мігрантаў, якія нелегальна прыбылі ў ЗША, паводле папярэдніх падлікаў, наблізіцца да рэкордных 2,5 мільёна чалавек.


Французы пачалі масавую вакцынацыю качак, каб не пазбавіцца фуа-гра

Францыя пачала першую ў Еўропе кампанію па вакцынацыі качак, паведаміла міністэрства сельскай гаспадаркі краіны. З яе дапамогай чыноўнікі спадзяюцца стрымаць распаўсюджванне смяротнага штама птушынага грыпу, а таксама не даць пацярпець чарговыя страты фермерам і вытворцам фуа-гра, далікатэснага паштэту з качынай або гусінай печані.

Французскія фермеры за апошнія тры гады знішчылі 30 мільёнаў асобін хатняй птушкі ў прафілактычных мэтах, імкнучыся выкараніць высокапатагенны штам птушынага грыпу H5N1. Тыя ж меры былі прынятыя і ў іншых краінах свету. Гэта прывяло да парушэння глабальных паставак мяса птушкі і яек і рэзкага ўзлёту цэн. Сёлета французскія ўлады прынялі рашэнне перашкодзіць паўтору гэтага сцэнарыя з дапамогай абавязковай вакцынацыі.

Але некаторыя фермеры выступаюць супраць вакцынацыі, заяўляючы, што птушкі могуць бессімптомна заразіцца яшчэ да таго, як іх прышчэпяць, і незаўважна распаўсюдзіць хваробу. Гэтая верагоднасць у рэшце рэшт можа паставіць пад пагрозу экспарт французскай прадукцыі. Калі Францыя абвясціла пра вакцынацыю качак, ЗША тут жа ўвялі абмежаванні на імпарт прадуктаў птушкагадоўлі з Еўропы, спасылаючыся на рызыку пападання віруса ў краіну. Японія таксама разглядае падобныя меры.

Фуа-гра — гэта паштэт з печані качкі або гусака, якая набракла ў выніку прымусовага кармлення праз зонд. Многія гурманы па ўсім свеце лічаць гэтую страву візітнай карткай французскай кухні, але іншыя сцвярджаюць, што метад яе вытворчасці прадугледжвае катаванні і жорсткае абыходжанне з жывёламі. Вытворчасць фуа-гра забаронена ў многіх краінах Еўропы, Аўстраліі, Аргенціне, і спробы яе забараніць таксама рабіліся ў некаторых штатах ЗША.

З пачатку 2022-га да пачатку 2023-га птушыны грып прывёў да таго, што больш за 200 мільёнаў птушак па ўсім свеце былі забітыя з-за хваробы або ў прафілактычных мэтах, паведаміла Reuters Сусветная арганізацыя аховы здароўя жывёл (WOAH). Акрамя выдаткаў, звязаных з выбракоўваннем мільёнаў птушак, сур’ёзным аргументам на карысць вакцынацыі для навукоўцаў і чыноўнікаў з’яўляюцца і апасенні наконт мутацыі віруса і таго, што ён можа перадацца людзям.


Верасень у шэрагу еўрапейскіх краін стаў самым гарачым за гісторыю назіранняў

Мінулы месяц стаў самым гарачым, калі-небудзь зафіксаваным у Францыі, Бельгіі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі і Швейцарыі, паведамілі нацыянальныя метэаралагічныя службы. Так, паводле даных французскай службы Meteo-France, сярэдняя тэмпература склала 21,5 градуса, што прыкладна на 3,5 градуса вышэй за норму. Гэты паказчык стаў самым высокім для першага восеньскага месяца за ўсю гісторыю назіранняў, якую пачалі весці з 1900-га. Папярэднім рэкордам лічыўся верасень 1949-га, тады сярэдняя тэмпература была 20,3 градуса.

У нямецкай метэаралагічнай арганізацыі DWD паведамілі, што мінулы верасень стаў самым гарачым у гісторыі краіны. Сярэдні паказчык тэмпературы быў на 4 градусы па Цэльсіі вышэй, чым кліматычная норма. Сіноптыкі ў Польшчы ў сваю чаргу абвясцілі, што такога гарачага верасня ў краіне не было за больш чым 100 гадоў назіранняў.

У Каралеўскім метэаралагічным інстытуце Бельгіі таксама паведамілі аб нацыянальным рэкордзе. «Верасень быў больш гарачым, чым ліпень і жнівень. Такога не было з 1961 года», — адзначыў прадстаўнік інстытута.

Метэаролагі зафіксавалі тэмпературныя рэкорды для верасня ў Швейцарыі, а таксама ў Аўстрыі. У Іспаніі і Партугаліі таксама адзначалася надзвычай гарачае для гэтага часу года надвор’е. У некаторых частках Іспаніі паветра прагравалася ажно да 35 градусаў. Жыхары Партугаліі таксама перажылі 30-градусную спякоту.


Швецыю захліснула хваля забойстваў, на дапамогу паліцыі клічуць армію

Шведская армія будзе дапамагаць паліцыі ў барацьбе з узброенай злачыннасцю, заявіў прэм’ер-міністр Ульф Крыстэрсан пасля экстраннай сустрэчы з кіраўніком шведскай арміі Мікаэлем Байдэнам, кіраўніком паліцыі Андэрсам Торнбергам і міністрам юстыцыі Гунарам Штромерам. Пра гэтыя меры кіраўнік урада абвясціў на фоне рэзкага росту колькасці нападаў з ужываннем агнястрэльнай зброі і выбуховых прылад. У верасні з-за дзеянняў узброеных банд у краіне загінулі ў агульнай складанасці 12 чалавек. Паводле звестак газеты Dagens Nyheter, гэта найвышэйшы паказчык са снежня 2019 года.

Крыстэрсан таксама заявіў аб неабходнасці заканадаўча пашырыць паўнамоцтвы ўзброеных сіл краіны. «Я не магу не прызнаць, наколькі сур’ёзная сітуацыя. Швецыя ніколі раней не бачыла нічога падобнага. Ніводная іншая краіна Еўропы цяпер такога не перажывае», — заўважыў прэм’ер-міністр, звяртаючыся да жыхароў краіны. Ён прыйшоў да ўлады ў мінулым годзе пры падтрымцы антыэмігранцкай Шведскай дэмакратычнай партыі, але так і не здолеў утаймаваць злачыннасць — адну з галоўных праблем краіны, якая выклікае асаблівую незадаволенасць выбаршчыкаў.

Шведскія СМІ звязваюць рост колькасці забойстваў у краіне з унутраным канфліктам у крымінальнай бандзе, вядомай як сетка «Факстрот». Паведамляецца, што яна раскалолася на дзве групоўкі, паміж якімі рэгулярна адбываюцца сутыкненні. Шведская паліцыя мяркуе, што мясцовыя банды ўсё часцей выкарыстоўваюць дзяцей для здзяйснення злачынстваў, паколькі асобы, якія малодшыя за 18 гадоў, часта атрымліваюць лёгкія прысуды або наогул застаюцца без пакарання.

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, дзеці ўсё больш малодшага ўзросту (некаторым усяго 10 гадоў) уключаюцца ў гандаль наркотыкамі, і сярод іх павялічваецца колькасць тых, хто ў канфліктах выкарыстоўвае зброю са смяротнымі наступствамі. У Швецыі адносна лёгка можна купіць нелегальную зброю, якая паступае ў асноўным з балканскіх краін, лічыць паліцыя.

Як падкрэсліў у сваім звароце прэм’ер Крыстэрсан, ахвярамі ўнутраных канфліктаў банд усё часцей становяцца дзеці і мінакі. У мінулым годзе ў выніку перастрэлак у краіне загінула больш за 60 чалавек — найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю вядзення статыстыкі. Чакаецца, што па выніках 2023 года сітуацыя будзе настолькі ж дрэнная ці яшчэ горшая.

У афіцыйнай урадавай справаздачы, апублікаванай у 2021 годзе, гаворыцца, што кожны год у выніку перастрэлак у Швецыі гінуць чацвёра з мільёна жыхароў — у параўнанні з 1,6 чалавека на мільён у сярэднім у Еўропе. Паліцыя звязвае гвалт з дрэннай інтэграцыяй мігрантаў, разрывам паміж багатымі і беднымі, які павялічваецца, а таксама ўжываннем наркотыкаў.

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.