Вы тут

Мікола Чарняўскі — паэт нечаканай метафары


Мікола Чарняўскі — паэт нечаканай метафары. Ён можа і ўмее ў яркай лаканічнай форме нават самай вонкава банальнай з’яве надаць творча-нечаканае гучанне. Вастрыня, іронія, унутраная лёгкасць — вось асноўнае, што ўласціва гэтаму дзівоснаму паэту. Калі чытаеш яго творы, то цяжка ўявіць і паверыць, што перад намі стаіць аўтар.


Па сваёй унутранай свабодзе, амаль джазавай імправізацыйнасці вершы Міколы Чарняўскага абсалютна тоесныя імпэтнай энергетыцы сённяшніх маладых аўтараў.

Яго творчы ўраджай — пяць дзясяткаў кніг для дзяцей і дарослых, якія даўно палюбіліся чытачам, увайшлі ў школьныя чытанкі, сталі сябрамі ўсіх, хто змалку любіць і шануе роднае слова, захапляецца літаратурай. Хто, як і сам аўтар, не сумняваецца ў перакананні:

Слова роднае — крок ад парога,

Слова роднае — вечнасці след.

Слова роднае — змалку ад Бога,

Ад зямлі, што радзіла на свет.

Першы верш Міколы Чарняўскага «Васілёк» быў надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ўлетку 1958 года, калі аўтару, школьніку з Гомельшчыны, споўнілася 15 гадоў. З таго часу шмат пражыта і перажыта, вынашана і ўзважана, увасоблена ў кніжках. Дзіцячая літаратура, лірыка, сатыра і гумар, пераклады з іншых моў, крытыка і публіцыстыка — вось тыя жанры, у якіх паспяхова і плённа працуе паэт, а ў значнай ступені і празаік Мікола Чарняўскі. Ён лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра і Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Выдатнік народнай асветы і выдатнік друку Беларусі. Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а таксама нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».

Напэўна, даўно вялікая зала Дома літаратара не выглядала такой ажыўленай і шматлюднай, як гэтым днём. Сотні школьнікаў і дарослых, прыхільнікаў творчасці паэта прыйшлі на літаратурную вечарыну, прысвечаную юбілею прызнанага майстра пяра. Былі запрошаны вядомыя пісьменнікі, кампазітары, артысты.

Распачаў свята выступ узорнага ансамбля народнай музыкі «Шчабятухі» Сенніцкай СШ імя Янкі Купалы Мінскага раёна. Захапляльнае дзейства самадзейных музыкаў і спевакоў і стала запеўкай усяму, што потым адбывалася на сцэне і ў зале.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, адзначыўшы шматграннасць паэтычнага таленту Міколы Чарняўскага, яго ўнёсак у беларускую дзіцячую літаратуру, павіншаваў Мікалая Мікалаевіча з юбілеем і ўручыў Ганаровыя граматы СПБ і гарадскога аддзялення.

Мікола Маляўка звярнуўся да юбіляра з жартоўнымі радкамі:

Дзетак кармілі рыфмай, як кашай,

і ты шчаслівы, Мікола:

у рэспубліцы нашай

ёсць твая паэтычная школа.

Мікола Чарняўскі сапраўды шмат сіл і старання аддае выхаванню літаратурнай моладзі, шчыра дапамагае, уважліва і клапатліва ставіцца да вучняў, якія спрабуюць пісаць вершы і казкі, імкнуцца авалодаць сакрэтамі творчасці, далучыцца да скарбаў роднай мовы, паэзіі. Амаль 30 гадоў Мікола Чарняўскі быў аўтарам і вядучым штомесячнай папулярнай радыёперадачы «Першыя сцяжынкі», а на сёння ўжо на працягу 25 гадоў з’яўляецца кіраўніком літаратурнай суполкі «Купалінка», якая аб’ядноўвае каля дваццаці школьных літгурткоў Мінскага раёна. З нагоды юбілею да віншавання ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама ўдзячныя купалінцы падрыхтавалі свой падарунак — кампазіцыю па вершах Міколы Чарняўскага, а таксама адмысловы фотаальбом.

Не абышлося без віншаванняў ад выдавецтваў, рэдакцый, часопісаў і газет, з якімі ўжо не адно дзесяцігоддзе плённа супрацоўнічае Мікола Чарняўскі. Паэтычнымі выступленнямі ды ўспамінамі падзяліліся сябры-равеснікі і слынныя творцы Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Ніна Галіноўская, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ліпскі. Падчас вечарыны адбылася прэзентацыя новых кніг, што выдалі да юбілею паэта выдавецтвы «Мастацкая літаратура» і «Чатыры чвэрці». Дырэктар апошняга Ліліяна Анцух прэзентавала зборнік «И весною взойду…» — проза і вершы творцы ў перакладзе на рускую мову. Каб склалася пэўнае ўражанне пра змест названых кніг, аўтар прачытаў некалькі вершаваных гумарэсак з іх.

А юныя артысты камернага драматычнага тэатра Наталлі Башавай падрыхтавалі да паказу на сцэне інсцэніроўку па казцы юбіляра «Ліса-калядоўшчыца». Гэтым днём віншаванні і пажаданні былі шчодра аздоблены музычнымі нумарамі, якія прагучалі ў выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята», выдатнага кампазітара, народнага артыста Беларусі Эдуарда Зарыцкага, кампазітара і спевака Яўгена Хаменкі. Яны пазнаёмілі слухачоў з новымі песнямі на словы Міколы Чарняўскага. Зноў не абышлося без сюрпрызаў для юбіляра: песні «Аброць кахання» і «Блакітная альтаначка» Я. Хаменкі прагучалі са сцэны ўпершыню. Парадавалі гледачоў спеўнымі нумарамі паэтка, кампазітар і выканаўца сваіх песень, зямлячка юбіляра Таццяна Атрошанка, унучка-гімназістка Ангеліна, вядучы, саліст ансамбля «Свята» Вячаслаў Статкевіч...

Сам юбіляр быў сціпла-стрыманы: шчыра падзякаваў усім, хто прыйшоў на сусрэчу, прыгадаў імёны першых літаратурных настаўнікаў, якія дапамаглі яму стала выйсці на творчы шлях, — Хведара Жычку, Міхася Герчыка, Рыгора Барадуліна, Васіля Вітку, Артура Вольскага. Прачытаў адзін са сваіх трыялетаў, адкуль і ўзятыя радкі, што далі назву вечарыне: «Грэцца тым, што роднае, сваё...»

Колькі б ні пражыў — усё тваё.

Колькі б ні зрабіў — тваё таксама.

Хоць жыццё парой — і фарс і драма.

Колькі б ні пражыў — усё тваё.

 

Што прыдбаў — не змарнаваць ні грама,

Грэцца тым, што роднае, сваё.

Колькі б ні пражыў — усё тваё.

Колькі б ні зрабіў — тваё таксама.

Як не пагадзіцца з гэтым?..

Мікола СІВЕЦ

Фота Васіля Кулікова

Загаловак у газеце: Грэцца тым, што роднае, сваё...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.