Вы тут

8 лютага ў Мінску адкрыецца выстаўка Марата Гаджыева


8 лютага ў 17.00 у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрыецца выстаўка «Зунзул чані» (світанак) дагестанскага мастака і пісьменніка Марата Гаджыева, прэзентацыя кніг выдавецтва Дагестана і іх перадача ў дар беларускім бібліятэкам.


На выстаўцы будзе прадстаўлена серыя графічных работ, напісаных майстрам на тутавай паперы.

Таксама тут прэзентуюць кнігі выдавецтваў «Дагестан» і «МавраевЪ». Журналісты Саід Ніналалаў, Жэмілат Ібрагімава і Марат Гаджыеў прадставяць аўтарскія кнігі, выдадзеныя за апошнія гады ў Махачкале. Аўтары перададуць кнігі ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі і бібліятэцы БДУКіМ.

У рамках выстаўкі будзе прадстаўлены літаратурна-мастацкі альманах «Каўказскі экспрэс», нядаўна адзначаны Гран-пры на дагестанскім кніжным кірмашы «Таркі-Таў». Выданне знаёміць чытачоў з творчасцю аўтараў з розных рэгіёнаў свету. Апошні выпуск альманаха змяшчае творы прозы і паэзіі, пераклады, лісты, унікальныя фатаграфіі, рэпрадукцыі твораў жывапісу, графікі, афорта.

Марат Гаджыеў - дагестанскі мастак, журналіст, выдавец. З'яўляецца заснавальнікам і галоўным рэдактарам каўказскай літаратурна-мастацкай газеты «Горцы», дырэктарам грамадскай арганізацыі «Каўказскі дом перакладаў», мастацкім рэдактарам выдавецкага дома «Дагестан», галоўным бібліятэкарам Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава. Член Саюза журналістаў Расіі. Лаўрэат рэспубліканскай прэміі «Залаты арол». Аўтар кнігі пра падарожжы па Каўказе «Соль».

Мерапрыемства арганізавана напярэдадні XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу сумесна з Выдавецкім домам «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Куратарам выставы з'яўляецца міністр інфармацыі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч.

Дар'я СПЕВАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.