Вы тут

Свой след. Незалежныя калектывы: гомельская версія


Студзень. Знаёмства для мінчан: незалежныя тэатры з Гомеля. І магчымасць разумення: лёс спрыяе настойлівым і адданым, гатовым адстойваць права на сваё мастацтва, гатовым за яго цярпець і сцвярджацца наноў, калі спатрэбіцца. Гатовым даказваць: Гомель — горад тэатральнай ініцыятывы. Горад, дзе ёсць тыя, хто любіць розны тэатр. Горад, дзе ёсць тэатры, якія гатовыя бачыць у іншых гарадах — не толькі Беларусі.


Сустрэчы з тэатральнай майстэрняй «Сляды» ўжо адбыліся ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Дзве сустрэчы — два спектаклі. «Самая прыгожая жанчына ў горадзе» паводле апавяданняў Чарльза Букоўскі — пастаноўка ўжо вядомая: амаль 200 паказаў на самых розных пляцоўках, цікавасць, у тым ліку ад вядомых асоб тэатральнага свету, напрыклад, Івана Вырыпаева. І нават Сяргей Шнураў у якасці гледача беларускага незалежнага тэатра з Гомеля.

Ёсць, вядома, тлумачэнне: Аляксандр Курц, дзякуючы імпэту якога ўзніклі і існуюць «Сляды», цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу. А пачыналася ўсё калісьці для яго з работы гукарэжысёрам у гарадскім Цэнтры культуры г. Гомеля. Паглыбіўшыся ў творчую атмасферу, трэба было ў адзін момант кардынальна перагледзець свае планы на жыццё. І зразумець: ёсць толькі тэатр. А ў ім для яго ёсць усё. Толькі трэба было стварыць свой калектыў. І аказалася, што ў яго можа быць свой глядач. У Мінск «Сляды» завіталі яшчэ і з прэм’ерай псіхалагічнага трылера «Medea ўнутры сваёй кошкі» паводле твораў Эўрыпіда, Сенекі, Жана Ануя. Злучыў усё ў спектаклі для дарослых рэжысёр і выканаўца Аляксандр Курц. І адзін у полі…

Ды не адзін, таму што ў тым жа Гомелі ўзнік яшчэ адзін тэатральны праект «Цім Тэатр». Прыклад таго, як не складваць рукі ў самай адчайнай сітуацыі і верыць у сваю справу. Нават калі здараецца так, што на працы няма разумення і тэатр, які любіў, мяняецца з-за таго, што прыходзіць новае творчае кіраўніцтва, можна не застацца без працы: стварыць сабе працоўныя месцы. Так і зрабіла частка трупы маладзёжнага тэатра, стварыўшы новы праект. Рызыкнулі. Пераадолелі. Існуюць. Праўда на іх баку, даказала жыццё. Цяпер — уласная пляцоўка, свая тэатральная студыя, міжнародныя праекты.

Гэты ўнікальны тэатральны калектыў яшчэ можна пабачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (на Някрасава, 3) 26 студзеня. Ад рэжысёра Вольгі Чарненкі і артысткі Алесі Бордухавай для нас манадрама-гульня «Джуманджы». Але сама сустрэча з гэтым калектывам — магчымасць адчуць смак творчай перамогі: «Цім Тэатр» напрыканцы года стаў пераможцам Дзясятага конкурсу сацыяльных праектаў Беларусі «Social weekend». Гісторыя, якая сведчыць: усё магчыма, калі ёсць моцная каманда аднадумцаў, калі ёсць творчае бачанне адметнага тэатра. І тады, пераадолеўшы абставіны, можна рухацца далей, перасягнуць папярэдні ўзровень і нават зварочваць горы. Не толькі ў тэатры: такога аптымізму і веры ў свае сілы нам бы паболей ды на ўсю краіну.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.