Вы тут

Феномен паэзіі Заходняй Беларусі


Праект «Паэзія Заходняй Беларусі: анталогія» завершаны ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Бяроза Картузская. Першая траціна ХХ стагоддзя.

Над праектам рупіліся супрацоўнікі аддзела ўзаемасувязей літаратур сумесна з кафедрай беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку па гранце Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Упершыню ў нацыянальным літаратуразнаўстве дзякуючы сістэмнакомплекснаму аналізу канкрэтных мастацкіх твораў і творчых індывідуальнасцей распрацаваны тэарэтыкаметадалагічныя прынцыпы і канцэптуальныя асновы анталогіі паэзіі Заходняй Беларусі (1921 — 1939) як ідэйна-мастацкай сістэмы. Зроблена сюжэталагічная эндаскапія анталогіі заходнебеларускай паэзіі. Вызначана структурна-кампазіцыйная парадыгма анталогіі. Выяўлены ідэйна-мастацкая спецыфіка і грамадска-культурны феномен паэзіі Заходняй Беларусі.

Вынікам распрацоўкі праекта стаў збор мастацкіх твораў (вершаў) прыкладна 100 аўтараў: Міхася Васілька, Міхася Машары, Міколы Засіма, Сяргея Новіка-Пеюна, Алеся Салагуба, Ніны Тарас, Ганны Новік, Максіма Танка і г.д. У параўнанні са зборнікам заходнебеларускай паэзіі «Ростані волі», падрыхтаваным і выдадзеным у 1990 годзе У. Калеснікам, у акадэмічную анталогію ўключаны дзясяткі новых аўтараў. Гэта Наталля Арсеннева, Станіслаў Станкевіч, Францішак Грышкевіч, Яўген Бартуль, Уладыслаў Казлоўшчык, Пятро Сакол і інш. Стваральнікам анталогіі заходнебеларускай паэзіі ўдалося адшукаць у архівах і рэдкіх перыёдыках вершы зусім невядомых паэтаў, якія не толькі не аналізаваліся літаратуразнаўцамі, але нават і не ўпаміналіся, — таленавітых выхадцаў з масавай паэзіі Янкі Чорнага, С. Гаротнага, Янкі Бунтара, Мікалая Базылюка, М. Крывіча, К. Рагойшы, Уладзіміра Берняковіча, Аркадзя Заранкі і інш.

Даследаванне вызначаецца аналітычнасцю, сістэмна-комплексным характарам вывучэння гісторыка-літаратурнага працэсу. У ім выяўлена, што паэзія Заходняй Беларусі (1921 — 1939) — унікальная з’ява на літаратурнай карце Еўропы. Апелюючы да нацыянальных духоўна-сацыяльных і ідэйна-мастацкіх традыцый і каштоўнасцей, яна ва ўмовах тагачаснай польскай дзяржавы была неад’емнай часткай адначасова агульнабеларускага і польскага грамадска-культурнага асяроддзя. Паэзія заходняй Беларусі цесна ўзаемадзейнічала з прыбалтыйскім (найперш — літоўскім) і заходнеўкраінскім літаратурна-мастацкімі працэсамі. У той жа час на яе моцна ўплывалі, з аднаго боку, савецкая, а з другога — еўрапейская літаратуры (чэшская, славацкая, нямецкая і інш.). Гэта забяспечыла эвалюцыю і фарміраванне ў ёй розных, часам нават супрацьлеглых ідэйна-светапоглядных і мастацка-выяўленчых канстантаў і ліній. Традыцыйная для айчыннага прыгожага пісьменства парадыгма рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці спалучалася ў заходнебеларускай паэзіі з наватарскім дыскурсам — асаблівасцямі суб’ектыўна-ідэалістычнага пазнання жыцця і чалавека. Радыкальна-рэвалюцыйны фундаменталізм з яго жорсткімі класава-ідэалагічнымі ўстаноўкамі і сцвярджэннем прынцыпаў адмабілізаванай падпольніцкай дзейнасці і шырокага народна-вызваленчага руху пераплятаўся з ідэямі рэлігійнай філасофіі і хрысціянскага гуманізму. Нацыянальна-адраджэнскія тэндэнцыі і заканамернасці дапаўняліся і ўзмацняліся рамантычна-ўзвышаным пафасам.

У 1920-я гады на літаратурнай карце Заходняй Беларусі выразна акрэслівалася тры пакаленні аўтараў. Першае, старэйшае, пакаленне складалі пісьменнікі-нашаніўцы Стары Улас, Гальяш Леўчык, Антон Навіна і г.д., якія прадукцыйна працавалі яшчэ на пачатку стагоддзя. Да другога, сярэдняга, належалі Казімір Сваяк, Леапольд Родзевіч, а таксама Ігнат Дварчанін, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Жылка і інш., заявіўшы пра сябе да Рыжскага міру (першыя двое пачалі друкавацца яшчэ ў газетах «Наша ніва» і «Беларус»). Трэцяе, маладое, пакаленне заходнебеларускіх літаратараў — Францішак Грышкевіч, Піліп Пестрак, Алесь Салагуб, Міхась Васілёк, Міхась Машара было паклікана да жыцця непасрэдна ўздымам народна-вызваленчага руху. Пазней да яго далучылася новая хваля пачынаючых талентаў — Валянцін Таўлай, Максім Танк, Сяргей Крывец, Анатоль Іверс і інш.

Паэтам Заходняй Беларусі даводзілася працаваць у цяжкіх, неспрыяльных для прадукцыйнай мастацкай творчасці грамадска-палітычных і сацыяльнамаральных умовах, дзе панаваў польскі аўтарытарызм, па словах А. Ліса, «замешаны на шавінізме, шляхетчыне і каталіцкім клерыкалізме». Многія аўтары валодалі бясспрэчным мастацкім талентам, аднак у сувязі з палітычна-ідэалагічным уціскам, сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасцю і пераследам не маглі ўзняцца з асяроддзя масавай самадзейнай паэзіі, а тыя, што ўзняліся, часцей за ўсё не маглі разгарнуцца ў значныя і арыгінальныя творчыя індывідуальнасці. Амаль нікому з заходнебеларускіх паэтаў не ўдалося пазбегнуць затрыманняў, арыштаў і допытаў у паліцэйскіх пастарунках, пагроз і абвінавачванняў у палітычнай нядобранадзейнасці, дэстабілізацыі грамадскага жыцця, а то і ў бальшавізме, замаху на канстытуцыйны лад Рэчы Паспалітай. Самым актыўным з іх, тым, хто быў непасрэдна заангажаваны ў розных формах народна-вызваленчага руху — М. Машары, П. Пестраку, В. Таўлаю, М. Танку, С. Хмары, Г. Новік, А. Дубровічу і інш., давялося зведаць астрожнай няволі. Ну, а тыя, як, напрыклад, П. Шукайла, А. Салагуб, В. Шкодзіч і інш., што, ратуючыся ад пераследу дэфензівы ці проста шукаючы лепшай долі, нелегальна перабраліся ў СССР, сталі ахвярамі таталітарнага сталінскага рэжыму і бясследна зніклі.

У параўнанні з добра вывучанай у нас паэзіяй Савецкай Беларусі 1920 — 1930-х гадоў, заходнебеларуская ўяўляла сабою зусім іншы ідэйна-мастацкі свет, які функцыянаваў у многім па сваіх, адметных, прынцыпах і законах. Па-першае, яна была адным з асноўных і дзейсных сродкаў раскрыцця грамадскай свядомасці «забранага краю», а па-другое, яе развіццё ажыццяўлялася ў шырокім спектры грамадска-культурнага ўзаемадзеяння, ва ўмовах жорсткай партыйна-ідэалагічнай і палітычнай барацьбы і супрацьстаяння. Тут мела месца вольнае сутыкненне розных поглядаў, мэтаімкненняў і інтарэсаў, ідэйнамастацкіх пазіцый і падыходаў, эстэтычных сістэм. Гэта была паэзія актыўнага пошуку новых тэм і вобразаў, спосабаў мастацкага адлюстравання жыцця і чалавека, тыпаў творчасці, эстэтычнавыяўленчых сродкаў і кампанентаў.

 Паэзія тут вызначалася падкрэсленай зместавай і фармальнай неаднароднасцю, шматколернасцю і поліфанічнасцю, спалучэннем розных мастацкіх напрамкаў і творчых метадаў, тэндэнцый і школ, стылявых плыняў, ліній і арыентацый, жанравых структур. Яна выяўляла багатую і шматгранную карціну ідэйна-мастацкіх пошукаў і развіцця, якую забяспечвала даволі канструктыўнае суіснаванне і ўзаемадзеянне розных палітычных і эстэтычных вектарных вымярэнняў, сацыяльна-культурных характараў і тыпаў творчых асоб, індывідуальна-аўтарскіх пазіцый і прыярытэтаў, спосабаў і сістэм мадэлявання рэчаіснасці. Кожны з паэтаў арыентаваўся на тыя ідэйна-палітычныя пазіцыі і платформы, якія адпавядалі яго жыццёвым поглядам і чалавечым сімпатыям, распрацоўваў тыя тэмы, матывы і вобразы, якія хацеў, лічыў неабходным, прытрымліваўся тых духоўна-мастацкіх прынцыпаў і палажэнняў, якія былі абумоўлены характарам яго асабістых схільнасцей і густаў. Ён меў права выбару, карыстаўся свабодай пошуку, доступам да многіх першакрыніц інфармацыі, адстойваў свае погляды і перакананні ў публічных дыскусіях.

Варта падкрэсліць, што ў адрозненне ад БССР, заходнебеларуская рэчаіснасць вызначалася балансам нацыянальнапатрыятычнага, этнакультурнага і грамадска-палітычнага, рэвалюцыйнага пачаткаў, якія пэўным чынам ураўнаважваліся ў яе духоўна-сацыяльнай прасторы. Яна характарызавалася высокім узроўнем народна-патрыятычнай самасвядомасці, наяўнасцю шырокага пласта нацыянальна ўстойлівай і актыўнай творчай інтэлігенцыі. Нацыянальна-патрыятычны фактар астуджаў ці ацверажаў прадстаўнікоў радыкальна-рэвалюцыйнага крыла народна-вызваленчага руху, звернутых да сцвярджэння класава-ідэалагічных прынцыпаў і каштоўнасцей непрымірымых дзеячаў камуністычнага падполля. Ён засцерагаў іх ад паспешлівых, непрадуманых рашэнняў і ўчынкаў, змушаў да паразумення і згоды з лагерам правых сіл і цэнтрыстамі і тым самым выконваў своеасаблівую праваахоўную ці стабілізацыйную функцыю ў грамадстве.

Феномен заходнебеларускай паэзіі, як і ў цэлым літаратуры і культуры, заключаўся ў тым, што яна мела ў многім самадастатковы, аўтаномны характар і ўяўляла сабою пэўнае духоўна-мастацкае адзінства і цэласнасць. У ёй актыўна прадуцыравалі і тыя з’явы і працэсы, якія па прычынах грамадска-ідэалагічнага парадку, партыйна-камуністычнага дыктату не маглі знайсці развіцця ва ўмовах Савецкай Беларусі. Больш за тое, якраз падвергнутае экстракізму, жорсткай крытыцы, пераследу і адмаўленню, фактычна забароненае на Усходзе, на Захадзе развівалася асабліва прадукцыйна і вынікова. Мы маем на ўвазе, напрыклад, звернутую да адзнак духоўна-ірацыянальнага асэнсавання рэчаіснасці паэзію Казіміра Сваяка, Наталлі Арсенневай, Хведара Ільяшэвіча, Анатоля Бярозкі і інш., якая актыўна сцвярджала сябе ў якасці альтэрнатывы творчасці паэтаў пракамуністычнай ці прасавецкай арыентацыі. Тут пэўным чынам знаходзіў рэалізацыю прынцып кампенсацыі, калі заходнебеларуская паэзія культывавала тыя тэмы, матывы і вобразы, якія не адпавядалі нормам і крытэрыям сацыялістычнага рэалізму з яго ідэйна-эстэтычнай адналінейнасцю, нівеліроўкай і ўніфікацыяй творчых індывідуальнасцей і таму не маглі атрымаць належнай мастацкай распрацоўкі і ўвасаблення. І. Багдановіч, думаецца, абгрунтавана адзначала, што «падзел Беларусі быў адначасова гістарычнай драмай і пэўным выратаваннем — выратаваннем культуры і захаваннем у ёй той галіны, для якой не пустымі гукамі былі словы энцыклікі аб найвышэйшай таямніцы ў сэрцы культуры». «Нягледзячы на вельмі цяжкія ўмовы развіцця ў часе польскай акупацыі, — падкрэслівала даследчыца, — менавіта арыентацыя заходнебеларускіх культурных дзеячаў на трывалыя хрысціянскія каштоўнасці і нехрысціянска-дэмакратычную ідэйную плынь сталася асновай самазахаванасці беларускай культуры ў 20 — 30-я гады, а таксама асяродкам, дзе культывавалася пазіцыя незалежнасці, дзе працягваў жыць дух адраджэння».

Упершыню падрыхтаваная акадэмічная анталогія паэзіі Заходняй Беларусі выяўляе цэласную сістэму дыяхроннага ўзаемадзеяння і ўзаемаабумоўленасці лірыка-апавядальнай, рамантычнай і духоўна-ірацыянальнай мастацка-стылявых плыней, якія складаюць жывую, дынамічную, паўнакроўную карціну яе ідэйна-эстэтычнага багацця і разнастайнасці і з’яўляецца важным базавафакталагічным матэрыялам для вывучэння ўсёй літаратурнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя

Мікола МІКУЛІЧ, кандыдат філалагічных навук

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Загаловак у газеце: Пераможцы астрожнай няволі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як перазімаваць без праблем?

Як перазімаваць без праблем?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». 

Культура

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. 

Грамадства

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Ён стаў кі­раў­ні­ком рэс­пуб­лі­кі ў 28 га­доў. Праз дзе­ся­ці­год­дзе "ла­пат­ная Бе­ла­русь" ужо ме­ла на­цы­я­наль­ны ўні­вер­сі­тэт, Ака­дэ­мію на­вук і раз­ві­тую гас­па­дар­ку.