Вы тут

Як у галоўнай ВНУ краіны будуць змагацца за якасць ведаў?


Пасады прарэктара па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях і прарэктара па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі ўведзены ў БДУ. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўніверсітэта.


Пытанні, якія датычацца функцыянальных абавязкаў прарэктараў і аплаты працы кіраўнікоў структурных падраздзяленняў комплексу БДУ, сталі прадметам абмеркавання на пашыраным пасяджэнні рэктарата. Нагадаем, што крыху больш як тры месяцы таму ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылася змена кіраўніка, таму ўсе чакалі пэўных рэформаў.

Уважлівы аналіз абавязкаў прарэктараў, дэканаў і галоўнага ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы выявіў дубляванне функцый кіраўнікоў. «Гэта памнажае бюракратызм у кіраўніцкім працэсе і зводзіць ролю прарэктараў на тэхнічны ўзровень, — падкрэсліў у сваім выступленні рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ. — Для ўстойлівага развіцця неабходна ўжо запускаць магутную «турбіну», якая прывяла б у рух увесь універсітэт». Для таго каб пазбегнуць падобнага дублявання, функцыянал прарэктараў па вучэбных пытаннях быў адкарэктаваны, пераарыентаваны на актуальныя кірункі дзейнасці БДУ, і былі ўведзены новыя пасады.

З прычыны перагляду функцыяналу прарэктараў павінен змяніцца і функцыянал дэканаў. У прыватнасці, павысіцца іх роля ў якасці кіраўнікоў. У найбліжэйшы час давядзецца сканцэнтравацца на наступных актуальных для ўніверсітэта пытаннях: праектаванні і арганізацыі адукацыйных працэсаў на першай і другой ступенях вышэйшай адукацыі, удасканаленні стандартаў адукацыйных праграм, укараненні інавацыйных методык навучання, інтэрнацыяналізацыі адукацыі, экспарце адукацыйных паслуг і рабоце з заказчыкамі. Актуальнасць гэтых пытанняў пацвярджаецца некаторымі звесткамі і фактамі, якія агучыў Андрэй Кароль, у тым ліку і даволі істотнымі лічбамі па колькасці адлічаных студэнтаў. Адну з прычын гэтага рэктар бачыць у фармалізаваным падыходзе выкладчыкаў да навучання. «Пад прэстыжнасцю любога ўніверсітэта трэба разумець яго прывабнасць для студэнта. Гэта тое, наколькі мы забяспечваем маладым людзям магчымасць выявіць, раскрыць і рэалізаваць свой патэнцыял, — падкрэсліў Андрэй Кароль. — А трансляцыяй розным студэнтам аднолькавай, «правільнай» і «гатовай» інфармацыі гэтага дасягнуць нельга. Ці навучаем мы іх ствараць закончаны адукацыйны прадукт, залучаючы ў даследчую і творчую дзейнасць? Адказы звязаны перш за ўсё са змяненнем метадалогіі, зместу навучання на ўзроўні стандартаў і вучэбных праграм, крытэрыяў ацэньвання, выбарам прадукцыйных формаў і метадаў навучання. І тут асаблівую ролю павінен адыграць Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, які ўваходзіць у склад БДУ».

Адкрытым таксама застаецца пытанне экспарту адукацыйных паслуг. У 2017 годзе план па экспарце быў выкананы толькі на 82 %. «Гэты інтэгральны паказчык эфектыўнасці работы ВНУ прымушае задумацца. Таму ракурс на інтэрнацыяналізацыю абраны невыпадкова», — адзначыў рэктар.

Таксама на пасяджэнні рэктарата абмяркоўвалася схема работы ўніверсітэта з заказчыкамі кадраў. «Мы бачым, што гэты працэс пакуль недасканалы. Неабходна выбудоўваць бесперапынны ланцужок: ад замовы спецыяліста арганізацыямі да яго працаўладкавання. Сёння ён перарываецца, і часта таму, што кафедры і факультэты не ўдзяляюць належнай увагі рабоце з заказчыкамі і пытанням размеркавання», — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Андрэй Кароль. Кіраўніцтва ВНУ мае намер узмацніць работу па ўзаемадзеянні з заказчыкам кадраў, што адаб'ецца і на магчымасцях фінансавання ўніверсітэта.

На рэктараце таксама падкрэслівалася актуальнасць прафарыентацыйнай работы ва ўмовах павышанай канкурэнцыі за абітурыента. Яна патрабуе змяненняў у падыходах, кансалідацыі намаганняў факультэтаў, прыёмнай камісіі і ўдасканалення напрамкаў ва ўніверсітэцкім сегменце.

Былі агучаны на рэктараце і новыя прынцыпы налічэння заработнай платы. Рэктар вылучыў асноўны тэзіс у рэгуляванні гэтай сістэмы: «Не атрымліваць грошы, а зарабляць іх. Неабходна ўзмацніць пазабюджэтную дзейнасць падраздзяленняў».

Устаноўлены гранічныя і максімальныя ўзроўні аплаты адміністрацыйнай работы кіраўнікоў. Дадаткова магчыма выкананне імі работ па сумяшчальніцтве (ППС або навуковага супрацоўніка) да 0,5 стаўкі. І ўпершыню са студзеня 2018 года кіраўнік зможа зарабіць да 10 % сродкаў ад фонду аплаты працы, атрыманых у выніку дадатковай пазабюджэтнай дзейнасці падраздзялення.

Заробак дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў цяпер будзе залежаць у тым ліку ад колькасці студэнтаў, колькасці адукацыйных праграм на першай і другой ступенях, і асабліва, ад колькасці праграм на англійскай мове, замежных навучэнцаў і экспарту паслуг.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Прэстыжнасць і прывабнасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.