Вы тут

Падарункі родным да Новага года сваімі рукамі


Хочаце стыльна ўпрыгожыць дом альбо зрабіць падарункі родным да Новага года? Зазірніце ў крамы, дзе прадаюцца тавары для рукадзелля. Убачыце багата матэрыялаў, пры дапамозе якіх можна ствараць шыкоўныя рэчы. А вось як разабрацца ў розных тэхніках, вашых дзетак ды вас (праводзяцца заняткі і для дарослых) могуць навучыць у цэнтрах дадатковай адукацыі. Між іншым, у некаторыя гурткі можна запісацца і сёння.


Кераміка і салома, бісер і шаўковая стужка (вышываць ёй могуць нават дзеці, у якіх ёсць праблемы са зрокам), — далёка не ўсе матэрыялы, з якімі чаруюць у сталічным Цэнтры тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі «Зорка». Тут навучаць нават, як зрабіць букеты з палімернай гліны, ды такія, што ад сапраўдных кветак адразу не адрозніш, альбо аўтарскія лялькі, падобныя на тыя, што прадаюцца ў сувенірных лаўках. Але гэтым разам мы завіталі сюды на майстар-клас, каб даведацца, як рабіць навагоднія падарункі.

— Нічога не выкідайце. Любому кавалку тканіны знойдзецца прымяненне. З мешкавіны, напрыклад, можна пашыць цудоўныя елачкі, пасля іх пафарбаваць, штучна «састарыць» і аздобіць гузікамі розных колераў і памераў, — падказвае кіраўнік студыі тэкстыльнага дызайну Ірына Джумаева. — З пражы мы пляцём бранзалеты, цацкі — апошнія можна павесіць на ёлку або выкарыстаць у якасці бірулькі для ключоў. Калі над вырабамі карпеюць зусім маленькія дзеці, якія толькі вучацца шыць, і ў іх не зусім роўныя атрымліваюцца шыўкі, — не бяда. Краі можна пафарбаваць акрылавымі фарбамі. Шапачка з пражы таксама можа быць выдатнай цацкай на ёлку, а зрабіце яшчэ шалік — і надзеньце ўсё на бутэльку шампанскага — вось вам і дэкор да навагодняга стала.

Падчас майстар-класа мы рабілі прыгожую цацку на ёлку з фетру. Яе выраб заняў менш чым гадзіну. Спачатку трэба стварыць малюнак, а на яго аснове — выкрайкі. Каб зрабіць сабачку (сімвал 2018 года), нам спатрэбіліся дзве дэталі з белага фетру і дзве для пярэдняй і задняй частак галавы — з карычневага. Ніткі мулінэ падбірайце пад колер матэрыялу. Дэталі можна злучыць шыўком «уперад іголка». Каб зрабіць сабачку аб'ёмным, выкарыстоўвайце напаўняльнік (напрыклад, вату). А яшчэ дэталі можна склейваць (гарачым пісталетам альбо клеем). Хочаце — вышывайце роцік, альбо намалюйце акрылавымі фарбамі ці контурам па тканіне. Тая ж варыятыўнасць з вырабам носіка і вочак — іх можна купіць гатовыя, вышыць, зрабіць з кавалка фетру ці пацерак. Дадайце атласную стужку (ці скруціце, напрыклад, дзве ніткі мулінэ) — і можна вешаць на ёлку. Калі прымацуеце зашпільку — атрымаецца стылёвая брошка.

А яшчэ з фетру па такім жа прынцыпе можна зрабіць Дзеда Мароза. Нам прапанавалі замацаваць яго на драўлянай палачцы. Такі элемент дэкору для гаршка з кветкамі будзе арыгінальным падарункам маці ці бабулі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.