Часта абедзве краіны ідуць адным шляхам у вырашэнні экалагічных праблем — у гэтым пераканаліся ўдзельнікі экспертна-медыйнага семінара «Актуальныя пытанні забеспячэння экалагічнай бяспекі ў Саюзнай дзяржаве. Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў прыродаахоўнай сферы», які праходзіў у Мінску напрыканцы лістапада.
«Выбар тэмы семінара не выпадковы, — адзначыў Андрэй Брыгадзін, саветнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску. — Экалагічная бяспека становіцца ўсё больш актуальнай тэмай Саюзнай дзяржавы і сусветнай супольнасці. Экалогія напрамую ўплывае на кожнага чалавека, на дэмаграфічную, харчовую, у канчатковым выніку на эканамічную бяспеку дзяржавы».
Беларусь з'яўляецца бокам каля 25 міжнародных дагавораў і канвенцый, якія датычацца экалагічнай бяспекі. Наша краіна актыўна супрацоўнічае ў гэтай сферы з міжнароднымі арганізацыямі, Еўрасаюзам, атрымліваючы ад іх, у тым ліку, фінансавую дапамогу для рэалізацыі шэрагу праектаў.
«Экалогія — гэта не выдаткі, а інвестыцыі ў будучыню», — падкрэсліла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна і нагадала пра Дзяржаўную праграму «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2016—2020 гады і Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі. Ія Малкіна адзначыла, што наладжана цеснае і эфектыўнае супрацоўніцтва паміж Белгідраметам і Расгідраметам, і выказала надзею, што расіяне адгукнуцца на нашу просьбу папрацаваць сумесна ў сферы абыходжання з адходамі.
Першы намеснік начальніка Белгідрамета Марыя Гермянчук расказала пра сумесную работу з расійскімі калегамі: абмен інфармацыяй аб гідраметэаралагічных параметрах ідзе ў рэжыме рэальнага часу. Падрыхтоўка якаснага прагнозу істотна залежыць ад абмену інфармацыяй паміж суседзямі. Генадзь Елісееў, намеснік дырэктара па навуцы Расгідрамета, нагадаў, што яшчэ ў СССР беларускія калегі былі на перадавых пазіцыях.
Вострую праблему закрануў Філіп Гулый, старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі. Ён адзначыў, што ў нашай краіне нядрэнна развіваецца экалагічны турызм. Сярод расіян папулярныя нашы аграэкасядзібы, нацпаркі. Па словах эксперта, раней да нас з суседняй краіны прыязджалі групы школьнікаў, каб убачыць, як растуць грыбы, ягады, то-бок ішла гаворка аб арганізацыі адукацыйнага турызму для дзяцей. Цяпер жа, як гаворыць Філіп Гулый, ёсць негалосная забарона на выезд студэнтаў і школьнікаў з прыгранічных раёнаў Расіі ў Беларусь — такім чынам ствараюцца штучныя перашкоды на шляху натуральных падарожжаў расійскай моладзі.
Удзельнікі семінара наведалі рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Белгідрамет, а таксама прынялі ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу маладых настаўнікаў Расіі і Беларусі «Люблю Геаграфію».
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.