Вы тут

Што рабіць з адходамі


Стварэнне эфектыўнай сістэмы абыходжання з адходамі, памяншэнне аб'ёмаў іх утварэння, максімальнае выкарыстанне смецця, абмежаванне выкарыстання пластыку і ўкараненне вытворчасцяў па біяраскладальнай упакоўцы. Такія мэты, што ставіць перад сабой Беларусь на найбліжэйшыя гады, агучваліся за круглым сталом «Удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі» ў межах экафоруму. Падчас мерапрыемства айчынныя і замежныя эксперты падзяліліся не толькі тэхналогіямі, але і напрацоўкамі нарматыўна-прававой базы ў сферы абясшкоджвання і выкарыстання адходаў.


Фота minsknews.by

Біяраскладальная ўпакоўка і харчовыя рэшткі

Асаблівая ўвага ў краіне ўдзяляецца тэхналогіям па абясшкоджванні небяспечных адходаў і перапрацоўцы камунальных. А таксама вопыту абыходжання з непрыдатнымі пестыцыдамі, якіх у нас ужо назапасілася больш як 10 тысяч тон, і абсталяваннем, што ўтрымлівае ПХБ, якога ўтворана каля трох тысяч тон, абазначыў Аляксандр КОРБУТ, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— У краіне праводзіцца пастаянная работа па ўдасканаленні заканадаўства і выкананні плана па змяншэнні выкарыстання пластыкавай упакоўкі і пераходу да экалагічна бяспечнай. Абмяркоўваюцца пытанні стварэння вытворчасці біяраскладальных відаў упакоўкі, у тым ліку з прыцягненнем прыватных кампаній і інвестараў.

Распрацоўка біяраскладальных матэрыялаў добра суадносіцца з тым, што ў Беларусі ідзе актыўная работа па стварэнні сістэмы збору раслінных адходаў і размяшчэнні на палігонах пляцовак для іх кампасціравання. Пра неабходнасць асобнага збору арганічных адходаў, у прыватнасці харчовых, гаварыла Ірына Вага, вучоны сакратар Інстытута ЖКГ. Яна нагадала, што забруджаныя рэшткамі ежы і арганічнага смецця адходы, нават адсарціраваныя, значна менш карысныя для другаснага выкарыстання і больш дарагія пры падрыхтоўцы да перапрацоўкі.

Валерый Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН, прадставіў тэхналогію вытворчасці біяраскладальных палімераў на аснове прыроднай сыравіны (малочнай кіслаты).

— Галоўнае — не паўтарыць памылкі і не стварыць палімер, які за кошт дабавак будзе раскладацца, скажам, не 400 гадоў, а год, аднак па выніку гэтак жа ўплываць на асяроддзе, як і звычайны, бо канчатковым прадуктам яго распаду стане той жа мікрапластык. Пры гэтым варта памятаць, што біяраскладальная тара будзе патрабаваць асобнай сістэмы збору і абарачэння, — заўважыла Вольга САЗОНАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды.

Фота Анатоля Клешчука.

ПХБ-абсталяванне і пестыцыды

За круглым сталом падзяліліся вопытам абясшкоджвання адходаў і замежныя спецыялісты. Грэгары Хамон з французскай кампаніі TREDІ, якая спецыялізуецца на перапрацоўцы абсталявання з ПХБ, расказаў пра два магчымыя спосабы. Першы — калі кандэнсатар дробніцца і спальваецца цалкам. Другі — калі з трансфарматара зліваецца і знішчаецца масла (антыэлектрычная вадкасць), а сам трансфарматар прамываецца і выкарыстоўваецца далей. Не менш карысным падаецца і вопыт славацкай кампаніі ROVAMІ па выкарыстанні адпрацаванага электроннага абсталявання і іншых небяспечных адходаў, пра што паведаміў начальнік яе экалагічнага ўпраўлення Уладзімір Радух. Падзялілася польскім вопытам бяспечнага знішчэння пестыцыдаў Дзіяна Паруб з кампаніі Geocoma.

— У рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі ствараецца аб'ект па абясшкоджванні небяспечных адходаў на базе комплексу па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў Гомельскай вобласці. Так што нам было вельмі цікава даведацца, як такая работа арганізавана за мяжой, — акрэсліла Вольга Сазонава.

У Беларусі плануецца максімальна ўцягваць адходы ў грамадзянскі абарот з акцэнтам менавіта на камунальнае смецце. Узровень выкарыстання адходаў вытворчасці без уліку буйнатанажных у краіне складае звыш 80 %, а цвёрдых камунальных — толькі 27 %, адзначыў Аляксандр Корбут:

— На прадпрыемствах першапачаткова, згодна з заканадаўствам, арганізаваны раздзельны збор адходаў, якія арганізацыі абавязаны перадаваць на выкарыстанне і абясшкоджванне. Пры гэтым пералік прамысловых адходаў большы, чым камунальных. Калі ў прадпрыемства ёсць від адходаў, які ў Беларусі можна перапрацаваць, яно ніколі не атрымае дазволу на яго захаванне. На сайце Мінпрыроды змешчаны рэестр аб'ектаў па выкарыстанні адходаў, і любы суб'ект гаспадарання можа скарыстацца ім, каб вызначыць парадак абыходжання з адходамі, якія ў яго з'яўляюцца.

За мяжой да раздзельнага збору таксама ішлі доўга, сведчылі спецыялісты. Напрыклад, прадстаўнік славенскай кампаніі расказаў, як у іх рэалізаваны вакуумныя сістэмы збору смецця, якія знаходзяцца пад зямлёй, ды заземленыя кантэйнеры. Айчынныя эксперты, у сваю чаргу, упэўненыя, што ў Беларусі неўзабаве таксама ўкараняцца новыя тэхналогіі па абыходжанні з адходамі з выкарыстаннем міжнароднага вопыту.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.