Вы тут

Чым унікальныя работы выстаўкі «Рабізна нябачаных палёў»


Замест палатна — тэхнічныя прыстасаванні, замест фарбы і пэндзля — выпраменьванне і ўласцівасці матэрыі. Напрыканцы Года навукі ў Беларусі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася непаўторная выстаўка работ Эвяліны Домніч і Дзмітрыя Гельфанда «Рабізна нябачаных палёў», дзе размываецца мяжа паміж навукай і мастацтвам.


Ла­зер­на-элект­ра­хі­міч­ная ін­ста­ля­цыя «Ва­да­ро­дзі­на» Віктара Ведзеня.

Для стварэння сваіх работ Эвяліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд выкарыстоўваюць хімію ды фізіку, аб'яднаўшы гэтыя навукі агульнай мастацкай ідэяй. На сутыкненні дакладнага і ўяўнага прасочваюцца з'явы, якія ў звычайных умовах застаюцца недаступнымі няўзброенаму воку. Нездарма творцы — уладальнікі ганаровых прэмій Jараn Mеdіа Аrts (Японія, 2007 год) і Аrs Еlесtrоnіса (у 2007, 2009, 2011, 2013, 2017 гадах).

Эвяліна Домніч, якая мае дыплом аб заканчэнні філасофскага факультэта БДУ, нарадзілася ў Мінску, Дзмітрый Гельфанд — у Санкт-Пецярбургу, але ступень бакалаўра выяўленчых мастацтваў (кіно і відэа) атрымаў у Нью-Ёркскім універсітэце. У 1997 годзе Эвяліна і Дзмітрый сустрэліся ў ЗША і разам пачалі ствараць інсталяцыі і перформансы з дапамогай навуковых ведаў. Досвед мастакоў для творчых людзей незвычайны, бо, акрамя ўдзелу ў буйных міжнародных выстаўках сучаснага мастацтва, яны маюць багаты вопыт супрацоўніцтва з прэстыжнымі навукова-даследчымі лабараторыямі: Інстытутам сучасных навук і тэхналогій (Японія), факультэтам фізікі і астраноміі Vrіjе Unіvеrsіtеіt (Нідэрланды), Drіttеs Рhіsіkаlіshеs Іnstіtut Гетынгенскага ўніверсітэта (Германія) ды іншымі. З 2008 па 2011 год Эвяліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд працавалі ў лабараторыі «Орtоfоnіса», а ўжо ў 2012 годзе адкрылі ў Амстэрдаме ўласную лабараторыю «Sуnеrgеtіса».

Выстаўка «Рабізна нябачаных палёў» — гэта заклік да пазнання свету, бачнага і нябачнага, ключ да якога хаваецца ў навуковых ведах. У кожнай зале галерэі — па адным аб'екце. Натуральна, калі глядзіш на аб'екты, здаецца, што паміж магіяй і навукай няма мяжы: настолькі фантастычна выглядаюць экспанаты. Што цікава, экспанаты, створаныя з улікам нябачных працэсаў, міжволі абуджаюць цікавасць да бясконцага космасу. Прыкладам, лазерна-электрахімічная інсталяцыя «Вадародзіна», дзе ў ваду падаецца слабы электрычны ток, які расшчапляе яе, вызваляе бурбалкі вадароду. Вадарод узнімаецца на паверхню ў дзівосных завітках, якія перакручваюцца чароўнымі ўзорамі. Натуральна, правобразы галактык з мірыядамі зорак змясціліся ў «Вадародзіне»! Вадарод — гэта самы пашыраны ў сусвеце элемент, паліва для зорак. Як засцерагчыся ад касмічных асацыяцый?

Яшчэ адзін цікавы аб'ект — гука-хімічная абсерваторыя «Саmеrа luсіdа». Напачатку гледача на некалькі хвілін пакідаюць у абсалютнай цемры, каб вочы адаптаваліся да ўспрыняцця светлавых канфігурацый гукавых палёў. Дарэчы, гэта таксама незвычайны ў сучасным асяродку досвед: ці часта жыхарам мегаполіса даводзіцца сустракацца з абсалютнай цемрай? Пасля адаптацыі можна падысці да празрыстага шара, напоўненага вадой: надзвычайныя, гіпнатычныя з'явы, што адбываюцца ўнутры, — гэта трансфармацыя гукавых хваляў у светлавыя, вынік працэсу гукалюмінісцэнцыі.

У межах закладзенай канцэпцыі, пад уздзеяннем аўтарскай думкі фізічныя феномены на выстаўцы пераўтвараюцца ў цэласны арт-аб'ект. Ці не такім бачылі мастацтва ХХІ стагоддзя нашы папярэднікі?

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Між навукай і мастацтвам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.