Вы тут

У Мінску адкрылася першая экспазіцыя Гільдыі керамістаў


Старажытнае мастацтва керамікі на працягу тысячагоддзяў ішло з чалавецтвам плячо ў плячо. У адрозненне ад іншых відаў творчасці яно не забывалася на практычнасць дзеля знешняй эфектнасці, а ў сваім развіцці арганічна спалучала дэкаратыўны і ўтылітарны пачаткі. Пачэснае месца кераміка займае і ў беларускай культуры, як традыцыйнай, так і сучаснай. Менавіта таму ўтварэнне грамадскага аб'яднання «Беларуская гільдыя керамістаў» у канцы лістапада стала значнай падзеяй у нашай культурнай прасторы. Новая суполка амаль адразу зладзіла першую выстаўку, і цяпер з творчасцю беларускіх керамістаў можна пазнаёміцца на адмысловай экспазіцыі «Між рукамі і полымем» у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».


Таццяна Уруціна. «Камунікацыі».

Старшыня Беларускай гільдыі керамістаў Святлана Цап расказала, што ідэя стварыць саюз з'явілася яшчэ ў 2014 годзе падчас фестывалю «Кераміка Крэва». Наступным штуршком для ўз'яднання стаў удзел у праграме Еўрасаюза «Мост», якая дапамагла знайсці блізкіх па духу людзей у розных кутках Еўропы. Вызначальным аказалася падарожжа групы майстроў у Італію: пасля яго тэма ўтварэння гільдыі была ўзнятая ізноў, давялося прааналізаваць свае рэсурсы і магчымасці. Керамісты імкнуліся да юрыдычнай абароненасці, мелі патрэбу ў грантах і прэміях, якія цяжка атрымаць самастойна: творцам патрэбны вольны час на ўдасканальванне свайго майстэрства. «Быў момант, калі мы ледзь не аб'ядналіся з Беларускай гільдыяй майстроў і рамеснікаў, але адчулі, што здолеем арганізаваць асобны саюз», — падзялілася Святлана Цап.

У першую чаргу аб'яднанне з'явілася дзеля таго, каб дапамагчы беларускаму керамічнаму мастацтву і керамістам у пошуках далейшых шляхоў развіцця. Адсюль вынікаюць розныя напрамкі дзейнасці: гэта і стварэнне новых навучальных устаноў для падрыхтоўкі керамістаў, і арганізацыя спецыялізаваных выставак і фестываляў, і ўсялякая падтрымка сяброў саюза. Сярод мэт гільдыі асобным пунктам пазначана стварэнне беларускага «Музея керамікі», якога ў Мінску дагэтуль няма.

— Ступень успрымання нашага мастацтва залежыць ад таго, наколькі актыўна людзі звяртаюцца да яго ў паўсядзённым жыцці. Трэба падымаць агульны ўзровень спажыўца, таму асноўная місія гільдыі — рабіць так, каб людзі ўлюбіліся ў кераміку, выкарыстоўвалі ўтылітарныя прадметы высокай якасці, — сцвярджае Святлана Цап. — Хацелася б зрабіць беларускую кераміку брэндам, які мае павагу і пакупніка за межамі краіны.

«Геаметрыя формы. Бычок» Сяргея Моўчана.

Пасля першай сумеснай выстаўкі можна сказаць, што творчае аб'яднанне спраўдзілася. Экспазіцыя «Між рукамі і полымем» прадэманстравала гледачам набыткі беларускіх керамістаў, разнастайнасць і шматграннасць іх мастацтва. Арганізацыя вельмі дэмакратычная: у сценах галерэі «Універсітэт культуры» знайшлося месца як для работ прызнаных майстроў, выкладчыкаў, членаў Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, так і для арт-аб'ектаў, створаных рукамі таленавітых маладых аўтараў.

Члены Гільдыі керамістаў пастараліся зацікавіць наведвальнікаў экспазіцыі, зрабіць сваё мастацтва зразумелым для спажыўца, таму ў межах выстаўкі ладзяцца творчыя сустрэчы і майстар-класы па ганчарстве, лепцы з гліны, роспісе керамічных вырабаў.

Убачыць дасягненні айчыннай керамікі на ўласныя вочы можна да 8 лютага.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Вікторыі АСКЕРА

Загаловак у газеце: Згуртаваныя полымем

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.