Вы тут

Пакутнік з вострым пяром


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта «ЛіТэАрт» прайшла вечарына «На восеньскай мяжы», дзе адбылася прэзентацыя кнігі дакументальных аповесцяў «19 гадоў» Сяргея Грахоўскага ды ўшанаванне 110-годдзя Алеся Звонака і 115-гадовага юбілею Язэпа Пушчы.


На вечары гучала шмат вершаў згаданых паэтаў — і ў выкананні маладых артыстаў народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова», і ў аўтарскім — у запісах чытаў Сяргей Грахоўскі.

 Аб’яднанне імёнаў трох выбітных пісьменнікаў на прэзентацыі не выпадковае. Усе яны былі беспадстаўна абвінавачаныя і асуджаныя, на доўгія гады вырваныя з жыцця, зведалі жахі рэпрэсій.

Сяргей Грахоўскі адбываў пакаранне ў сібірскіх лагерах з 1936 па 1955 гг. Яму пашанцавала вярнуцца адтуль, дзе нашмат болей вязняў памірала, чым заставалася жыць. Ён прайшоў праз пакуты і выжыў, і галоўным для сябе лічыў распавесці ўсяму свету пра скалечаныя лёсы, забраныя жыцці, нечалавечыя выпрабаванні, што выпалі на долю паплечнікаў, сяброў, таварышаў па няшчасці.

Дачка пісьменніка Таццяна Грахоўская згадвала: перш чым пачаць працу над успамінамі, яе бацька абмяркоўваў з сям’ёй, ці варта кранаць мінулае, — вяртанне туды прынясе толькі новыя пакуты і перажыванні. Спрабавалі адгаварыць. Але ён вырашыў інакш, бо адчуваў асабістую адказнасць за тых, хто не вярнуўся.

Казалі — рукапісы не гараць,

А я аднойчы бачыў, як гарэлі

Ў печы Галубковы акварэлі,

Як вершы адпраўлялі паміраць…

Гэтыя словы можна аднесці да літаратараў, якія засталіся непачутымі, нерэалізаванымі. «Усе тыя вязні дапамагалі адзін аднаму, і ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо там былі найлепшыя...» — не сумняваецца Таццяна Грахоўская.

Згадкамі пра пісьменніка падзяліўся і Уладзімір Арлоў, рэжысёр і аўтар дзясятка навукова-папулярных кніг з серыі «100 выдатных дзеячаў». У. Арлоў, які быў асабіста знаёмы з С. Грахоўскім і зняў дакументальны фільм пра яго жыццё і творчасць, назваў паэта «пакутнікам з вострым пяром». З падачы Сяргея Грахоўскага рэжысёр яшчэ ў савецкія часы адшукаў у спецсховішчах недаступны тады твор Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» і стварыў па ім мастацкі фільм.

 Дарэчы, дзякуючы ўспамінам С. Грахоўскага мы ведаем пра страшны лёс брата А. Мрыя, драматурга Васіля Шашалевіча, які загінуў на сібірскім лесапавале ў той час, калі ў Беларускім драматычным тэатры ішлі яго п’есы.

«У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца чатыры вопісы дакументаў Сяргея Грахоўскага. Па іх, а таксама па яго прозе можна вывучаць гісторыю пакалення рэпрэсаваных пісьменнікаў», — падзяліўся ўражаннямі даследчык і вядучы навуковы супрацоўнік архіва Віктар Жыбуль.

У вечарыне таксама браў удзел Аляксандр Чарнушэвіч, сын рэпрэсаванага пісьменніка, маладнякоўца Міколы Хведаровіча. Мікола Хведаровіч — аўтар кнігі ўспамінаў пра творцаў яго пакалення, сяброў і паплечнікаў: Цішку Гартнага, Алеся Гурло, Кузьму Чорнага, Андрэя Александровіча, Платона Галавача, Міхася Чарота. Амаль усе яны былі рэпрэсаваны, і толькі адзінкі праз гады выпрабаванняў вярнуліся жывымі. Гучалі імёны творцаў, чые жыцці былі адабраныя на самым узлёце: Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Янкі Туміловіча...

Да юбілею пісьменнікаў была адкрыта міні-выстаўка «У бурлівым віры», дзе прадстаўленыя ўнікальныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Выстаўка прысвечана аўтарам, якія, нягледзячы на свой нялёгкі лёс, знайшлі сілы вярнуцца на радзіму, працягваць пісаць і нагадваць пра тых, чые імёны маглі б застацца забытымі.

…ніхто за мяне не раскажа

Чаго я расказаць не паспеў, —

пісаў С. Грахоўскі. Ён імкнуўся паспець як мага больш. І цяпер праз яго намаганні, яго самаахвярную працу да нас вярнуліся рукапісы, якія не гараць, і імёны, якія мы мусім памятаць.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Аксаны Жлобіч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.