Вы тут

Сучаснасць легенды: якім стаў адноўлены «Беларусьфільм»?


Кінематаграфічнае жыццё Беларусі абяцае быць адноўленым: на мінулым тыдні значная падзея для культурнага жыцця краіны была звязаная з «Беларусьфільмам»: завяршылася рэканструкцыя кінастудыі. Цалкам адрамантаваны адміністрацыйны корпус са здымачнымі павільёнамі, пабудаваны вытворчы корпус з двума новымі павільёнамі, закупленае сучаснае абсталяванне. На кінастудыі адзначаюць, што такіх высокатэхналагічных пляцовак няма ў нашых суседзяў.


На адкрыцці кінастудыі прысутнічаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, які ўпэўнены, што рэканструкцыя «Беларусьфільма» ўжо ў наступным годзе дапаможа павялічыць аб’ёмы кінавытворчасці:

— Мы зробім гэта з дапамогай трох спосабаў. Першы напрамак — нацыянальная прадукцыя, якая ствараецца за сродкі, вылучаныя з дзяржаўнага бюджэту (мы павялічым іх аб’ёмы практычна на 80%), другі — сумесная вытворчасць з іншымі вядучымі кінакампаніямі, а трэці — прадастаўленне вытворчай сілы для тых, хто гатовы сёння здымаць кіно ў Беларусі. У сувязі з гэтым перад намі стаіць актуальная задача па стварэнні зразумелых, празрыстых і выгадных умоў для такіх кінавытворцаў.

У наступным годзе на падтрымку нацыянальнага кіно прадугледжана вылучыць Br7,6 млн, але акрамя фінансавых выдаткаў будзе звернута ўвага на творчы асяродак кінастудыі: да работы на «Беларусьфільме» прыцягнуць маладых перспектыўных рэжысёраў, і для гэтага разам з Саюзам кінематаграфістаў будзе адмыслова створана аб’яднанне маладых творцаў. Не менш важным складнікам беларускай кінаіндустрыі стане і павышэнне якасці фільмаў, адзначае Юрый Бондар: «Гэты крытэрый палепшыць вельмі проста: дзякуючы правільнай, разумнай працы над сцэнарыямі, ацэнцы перспектыў пракату, падбору творчай і здымачнай груп. Гэтыя задачы на кінастудыі будуць рашацца, бо пытанне якасці — сістэмастваральнае. Варта дадаць, што хочацца, каб беларускі глядач пачаў уважліва ставіцца да нацыянальнага кінематографа, бо нагоды для гэтага ёсць».

Як доказ можна ўзгадаць паказ новага фільма Вячаслава Нікіфарава «Тум-пабі-дум» у межах кінафестывалю «Лістапад»: на сеанс сабралася поўная зала, стужка атрымала выдатную рэакцыю гледача, хоць гэтае кіно немагчыма назваць дарагім. Сам Вячаслаў Нікіфараў, мастацкі кіраўнік «Беларусьфільма», адзначае, што на студыі стварыць добрае кіно нескладана, бо ўмовы для гэтага маюцца: «У “Беларусьфільма” ёсць тое, чаму не патрэбнае ніякае абсталяванне, — гэта крэатыўны складнік, што і называецца студыяй. Нягледзячы на тое, што калектыў невялікі, здымачны працэс заўжды будуецца вакол гэтых прафесіяналаў, носьбітаў традыцыі, але хацелася б, каб іх станавілася яшчэ больш, таму мы будзем вітаць і падтрымліваць новыя кінематаграфічныя спробы».

Сёння ў вытворчасці «Беларусьфільма» знаходзіцца 8 ігравых фільмаў, у наступным годзе запусцяць яшчэ 8. Цалкам умовы кінастудыі дазваляюць ствараць 15 ігравых стужак у год. Ужо вядома, што да здымак рыхтуюць новы зборнік кінанавел маладых рэжысёраў, які будзе складацца з 4 маленькіх фільмаў. Акрамя ўласных праектаў, «Беларусьфільм» робіць стаўку на замежных калег, якія любяць працаваць на нашай студыі і з яе прафесіяналамі. Варта ўзгадаць, што калі Спілберг здымаў знакаміты «Спіс Шындлера», то ён карыстаўся дапамогай нашых спецыялістаў па касцюмах. У найбліжэйшы час на «Беларусьфільме» збіраюцца здымаць фільмы Мурадаў і Бекмамбетаў, хоча вярнуцца да супрацы серыяльная кампанія «Starmedia». Кіраўніцтва «Беларусьфільма» адзначае, што канкурэнцыя дыктуе свае правілы: перамагае той, у каго лепшыя ўмовы для здымак. Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Ігар Поршнеў адзначае: «Вельмі важна, што сучасная база студыі прывабная для іншых кінавытворцаў. Мясцовыя спецыялісты будуць задзейнічаны ў працы прыезджых груп, і гэта дазволіць ім таксама атрымліваць новыя ўменні, расці прафесійна».

Сёння «Беларусьфільм» уяўляе сабой легендарную, але сучасную кінастудыю з неабходным абсталяваннем, якім абяцаюць дазволіць карыстацца і студэнтам-кінематаграфістам. А карыстацца сапраўды ёсць чым: вялікія пляцоўкі для здымак, выдатныя прафесіяналы, унікальная ў межах Еўропы калекцыя зброі (якой на студыі больш за 200 тысяч адзінак), тысячы адзінак рэквізіту (у тым ліку адзення, абутку, мэблі і інш.).

У «Беларусьфільма» шмат амбіцыйных планаў: напрыклад, ладзіць экскурсіі па кінастудыі (першая, дарэчы, ужо адбылася), стварыць музей рэтрамабіляў і цікавых рэчаў са здымак, пабудаваць натурную дэкарацыю па прыкладзе «Масфільма», але што да найбліжэйшай перспектывы, то 22 лістапада міністру культуры будзе прадстаўлены план работы кінастудыі да 2020 года. Абяцаюць разнапланавае кіно для рознага гледача.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.