Вы тут

Алег Жугжда: Не бачу розніцы ў прыёме спектакля ў Гродне і за мяжой


Гродзенскі абласны тэатр лялек — адзін з тых беларускіх калектываў, які актыўна запрашаюць на фестывалі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі: прыцягваюць тэмы спектакляў і іх вырашэнне, аўтарскі почырк рэжысёра і мастацкага кіраўніка тэатра Алега Жугжды. І, здавалася б, ёсць п’есы, якія выкарыстоўваюцца ў тэатры даўно і актыўна, што сказаць у іх нешта новае і адмысловае досыць складана. Як чэхаўская «Чайка»: апошнім часам беларускія драматычныя і лялечныя тэатры вельмі ўпадабалі яе, прапаноўваючы свой погляд на герояў і матывы іх учынкаў. Тым не менш пастаноўка «Чэхаў. Чайка» гродзенскіх лялечнікаў вылучаецца: драматызм у ёй мяжуе з камедыйнасцю, адносіны герояў знаходзяць іншую матывацыю, кранальную і пераканаўчую, артысты ведаюць, што і чаму робяць на сцэне з лялькамі ці без іх. Чаго не хапала гродзенскаму рэжысёру ў пастаноўках гэтай п’есы іншых айчынных тэатраў, калі захацелася стварыць сваю? Ці сам матэрыял досыць прывабны дагэтуль, ці дае магчымасць эксперыментаваць з формай? З гэтых пытанняў пачалася наша размова з Алегам Жугждам:


— «Чайка» — вялікае поле для творчасці. Яна можа быць рознай у залежнасці ад часу, ад сітуацыі, у якой ствараецца спектакль, і дзеля чаго гэта робіцца. Звяртаешся да п’есы ў тым ліку і з-за таго, што табе нешта не спадабалася ў яе вырашэнні раней. Таму што калі быў варыянт, які спадабаўся, то наўрад ці захочацца рабіць яшчэ і на свой лад. Не хочацца адмаўляць і псаваць шэдэўры, якія ляглі табе на душу. А калі з нечым не згодны, здаецца, што не да канца тэма раскрыта, тады з’яўляюцца такія асабістыя варыянты.

— Вы любіце працаваць з класічным матэрыялам, у вашай інтэрпрэтацыі ёсць цікавае ўзаемадзеянне лялек і акцёраў на сцэне, што здаецца, нібыта спектакль драматычны. Гэта свядомая праца з матэрыялам ці вашы адносіны ўжо да лялечнага тэатра: паказаць, што гэта больш, чым тэатр?..

— З аднаго боку, так, гэта мой почырк. З іншага боку, ад акцёраў я заўсёды патрабую пераканаўчай сур’ёзнай драматычнай ігры, плюс яшчэ ігры з лялькай. У спектаклі «Чэхаў. Чайка» апраўданне для лялек — наогул апраўданне спектакля: дачны тэатр Канстанціна Трэплева. Ён не ў стане рабіць вялікі тэатр, значыць, стварае маленькі тэатр, лялечны. Жыццёвых герояў, якія знаходзяцца вакол яго, ён пераносіць на персанажаў свайго маленькага лялечнага тэатра, адсюль з’яўляецца лёгкі налёт абсурду ў тым, што адбываецца, казуістычнасць сітуацыі, у якой часам ёсць сатыра, часам — гратэск. Усё тое, што і ў Чэхава. І, можа, тое, што не так цікава было б у «жывой» падачы, але лялькі дазваляюць крыху больш...

— Вы з тых рэжысёраў, што задаюць у тэатры Беларусі высокую планку, у тым ліку для драматычных тэатраў. Чым можаце патлумачыць, што самыя цікавыя з’явы ў тэатры сёння прапануюць лялечнікі?

— Гэта ідзе ўжо даўно, і нават назіраецца адваротны рух. Патлумачу, што маю на ўвазе. Калі пару дзесяцігоддзяў таму лялькі актыўна выкарыстоўвалі нейкія сродкі з оперы, балета, драматычнага тэатра, то цяпер пайшла хваля ў адваротны бок, і да лялек звяртаюцца вядучыя рэжысёры драматычных тэатраў, оперных, нават у балеце. Выкарыстоўваюцца альбо лялькі, альбо маскі, альбо ценявы тэатр. Межы размываюцца, тэатр становіцца ўніверсальным і, напэўна, больш цікавым.

— Гродзенскі абласны тэатр лялек актыўна ездзіць з гастролямі за межы Беларусі. Можаце параўнаць працэсы, што ідуць у Еўропе і ў нас? Дзе і ў чым мы недапрацоўваем альбо, наадварот, настолькі самабытныя, што жывём у сваім асаблівым асяродку, у тым ліку тэатральным?

— Мы, як многія тэатры Усходняй Еўропы, яшчэ прытрымліваемся мадэлі вялікага дзяржаўнага тэатра, дзе ёсць цэхі, адміністрацыя, акцёры і кожны займаецца сваёй справай, усё гэта існуе ў нейкай сваёй гармоніі і выяўляецца ў стварэнні цуду-спектакля. Чым заходней, тым лялечнікі больш самастойныя: сам прыдумаў, сам зрабіў, сам выступіў, сам некуды прадаў сваю пастаноўку. З аднаго боку, яны абсалютна свабодныя ў плане ідэалогіі, тэм, якія выбіраюць, задач, якія самі перад сабой ставяць. З іншага боку, у іх задача — шукаць грошы самім, таму ўсе ў Еўропе пішуць гранты, распрацоўваюць праекты, у тым ліку тэатры. Гэта плынь пакрысе рухаецца да нас. Але інстытут вялікага (стацыянарнага) тэатра, на маю думку, даў шмат цікавага для развіцця тэатра наогул. Я б не стаў ад яго адмаўляцца, таму што, нягледзячы ні на што, гэта сістэма дае пэўную сацыяльную абароненасць яго стваральнікаў. Але ўсё адносна. Іншы варыянт больш творча незалежны...

— Ці былі выпадкі, калі вам дыктавалі ўмовы?

— За ўсё маё жыццё ў мяне ніводнага разу не было такога, каб спектакль знялі, нешта забаранілі. Ды і ў Савецкім Саюзе тэатры прымудраліся казаць, што хацелі: праз эзопаву мову, калі можна было зашыфраваць сэнс і яго цудоўна разумелі тыя, каму трэба, а тыя, каму не трэба, не разумелі. Я заўсёды валодаў пэўнай творчай свабодай.

Сцэна са спектакля «Чайка».

— Фармат рэпертуарнага тэатра многія лічаць састарэлай формай. Калі мы трымаемся за гэтую форму, напэўна, нешта пакуль не дазваляе перайсці на іншы фармат?

— Трымаемся не мы адны. Напрыклад, у Польшчы ідзе паскарэнне працэсу стварэння спектакля, яго пракату, потым яго сыходу з рэпертуару. Ставяць вельмі шмат: розныя спектаклі, розныя рэжысёры, з рознымі эстэтычнымі пазіцыямі. Але ў той жа час мы ведалі вельмі добры польскі тэатр. А яго ўсё меней. Ствараюцца разавыя выбуховыя праекты, але і хутка сыходзяць. Можа быць, гэта добра, таму што ўсе хочуць паспець сябе рэалізаваць. Моладзі шмат, усе стаяць у чарзе і дыхаюць адзін аднаму ў патыліцу. А стацыянарных тэатраў не так і шмат. З іншага боку, хочацца пэўнай стабільнасці. Каб можна было прыйсці і выбраць з рэпертуару пэўныя назвы для прагляду, каб нікуды не спяшацца і потым не перажываць, што не паспеў паглядзець цікавую пастаноўку. Рытм сучаснага жыцця надзвычай узбуджаны, гэта недобра і для чалавека, і для тэатра.

— У Гродне, відаць, іншы рытм, а ці ёсць у мясцовай публікі зацікаўленасць у тэатры?

 — Публіка ў нас прасунутая. Не бачу вялікай розніцы паміж прыёмам спектакля ў Гродне ці недзе за мяжой: успрыманне, адзнакі падобныя... Як рэжысёр і кіраўнік тэатра я нармальна адчуваю сябе ў любой еўрапейскай сталіцы. Можа, акрамя Масквы, з яе вар’яцкім рытмам жыцця. У старой добрай Еўропе ўжо даўно ніхто не спяшаецца. Асабліва ў культурных праектах. Іншы рытм — з думкай паспець прадаць — хутчэй навеяны тэндэнцыямі з-за акіяну. У нас у тэатры вельмі насычанае жыццё. Нядаўна было фестывальнае турнэ, адразу пасля адкрыцця тэатральнага сезона: на пяць фестываляў патрапілі, і наперадзе яшчэ два да канца года, у тым ліку трэба злятаць на Сахалін.

— Вас ведаюць і запрашаюць як зорак з Беларусі?

— Як правіла. Таму што тэатр вядомы, на слыху. На нас глядзяць як на жыхароў неба, якія прыехалі і ўзнялі фестываль да пэўнага ўзроўню.

— Вашы асабістыя кантакты і магчымасці працы ў іншых тэатрах з-за гэтага павялічыліся?

— Так, вядома. Мы выступілі, з’ездзілі. І як працяг: «А мы таксама нешта такое хочам…» І становяцца ў чаргу на некалькі гадоў наперад.

— Як выбіраеце, з кім працаваць: па геаграфіі ці па матэрыяле, які быў бы цікавы?

— Матэрыял звычайна прапаноўваю я. Выбіраю нават не па геаграфіі, а па людзях, з якімі хочацца кантактаваць. Сапраўды, гэта самае вялікае багацце. Калі прыязджаеш на пастаноўку і калі пастаноўка атрымліваецца ўдалай (як правіла, гэта так), тут жа запрашаюць далей. Не паўсюль можна ставіць двойчы. Але людзі, новыя сябры, якія з’яўляюцца, — гэта вялікае шчасце, што прыносіць такая праца.

— У вас трупа даволі стабільная, хоць у тэатрах сітуацыі бываюць розныя...

— Гэта не на пустым месцы. Я прыйшоў у тэатр, які ўжо існаваў 20 гадоў, і 17 гадоў працую ў ім. У нас няма сацыяльнага пакету, які ёсць у той жа Расіі, — хоць бы інтэрнат, хоць бы службовая кватэра. Да нас прыязджаюць абсалютна апантаныя артысты, якія хочуць працаваць менавіта ў гродзенскім тэатры лялек (некалькі чалавек такім чынам у нас з’явіліся, што вельмі прыемна). Але ў асноўным усе мясцовыя, самі гадуем.

У тэатры, які б ён ні быў цудоўны, заўсёды збіраюцца розныя людзі, ёсць кааліцыі. Заўсёды так было і будзе, калі гэта не прыватны тэатр. Не буду нікога выганяць з тэатра. Але выбіраю тых, хто хоча працаваць.

— Ці ёсць матэрыял-мара, які па нейкіх прычынах адкладаеце?

— Я доўга адкладаў вельмі многа спектакляў і думаю, што, можа, іх час ужо прайшоў, а надта доўга чакаў. Таму што залежыш і ад плана па колькасці новых спектакляў, і ад свайго асабістага плана, калі ўжо паабяцаў некаму прыехаць паставіць спектакль. Самая вялікая праблема — дэфіцыт часу.

— Колькі ў вас пастановак у год?

— Летась было 6, і я вельмі радаваўся, што не 8. Калі нехта цяпер пачынае адмаўляцца ад пастановак — няма грошай, ці з-за іншых праблем, — я вельмі радуюся, калі ёсць час, каб можна было яго прысвяціць сабе, сваёй сям’і і свайму тэатру перш за ўсё.

— З-за мяжы ёсць зараз прапановы?

 — Шмат. Вельмі шмат запрашэнняў з Расіі (геаграфія — ад Масквы да Сібіры і Сахаліна), таксама з Літвы, Польшчы.

— Вы адсочваеце сітуацыю ўнутры тэатральнай прасторы Беларусі. У тых, хто любіць тэатр, ёсць адчуванне спыненага часу. Як вам здаецца, што магло б змяніць наш тэатр знутры, каб ён стаў больш разнастайны? У вас быў знакавы спектакль, які ацаніла ўся Беларусь, — нездарма ж і трыумфальная Нацыянальная прэмія...

— Нацыянальная прэмія — гэта такая з’ява, што сёння яна ёсць, а заўтра яе можа не быць. Я яе атрымаў, супакоіўся, і больш мяне гэта не цікавіць. А наконт сітуацый у тэатрах, напэўна, трэба мяняць стаўленне да культуры наогул. Патрэбны нейкія больш магутныя сацыяльныя гарантыі, таму што мы цяпер страцілі прэстыж прафесіі. Дзе моладзь, якая выпускаецца? Усе — у Маскву, у Маскву, у Маскву. І — серыялы, серыялы, серыялы… Усе хочуць зарабляць, але мала хто хоча ў тэатры напружана працаваць. А тут патагонная сістэма, і — план, план, план, зарабляйце, зарабляйце, зарабляйце… Я думаю, што наша краіна не настолькі багатая, каб губляць так проста тых таленавітых асоб, у падрыхтоўку якіх укладзены сродкі і сілы. Культура патрабуе ўвагі і тады аддае значна больш.

— Калі культура зарабляе, то гэта ж нядрэнна?

— Абсалютна нядрэнна! Але гэта не можа быць для яе самамэтай. У яе ёсць і іншыя задачы.

— Ваш тэатр зарабляе?

— Мы вельмі стараемся. Акупляем сябе і можам спектакль паставіць за свой кошт. У нас акцёры адны з самых высокааплатных у Беларусі сярод тых, хто працуе ў тэатрах лялек.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.