Вы тут

Ці можа навуковае выданне быць сагай?


Кніга Анастасіі Скеп’ян «Князі Слуцкія» пабачыла свет у серыі «Беларуская гісторыя» ў выдавецтве «Беларусь», пра якую пойдзе гаворка. Адметная рыса выдання (2013 г.) — візуалізацыя зместу сродкамі выяўленчага матэрыялу. Гістарычныя асобы і помнікі архітэктуры паўстаюць перад чытачом у выглядзе рэпрадукцый мастацкіх твораў розных перыядаў. Напрыклад, Кацярына з Тэнчынскіх, княгіня Слуцкая, прадстаўлена творамі невядомых мастакоў. Каляровая рэпрадукцыя 1579 — 1582 гг. паказвае княгіню маладога ўзросту, а выява XVII ст. — пажылога. Чорна-белая выява Кацярыны з Тэнчынскіх, маці князёў Слуцкіх, сустракае чытачоў на першай старонцы пазначанага выдання, пераважна прысвечанага жыццю і дзейнасці яе сыноў.


Сярод рэпрадукцый пераважаюць карціны невядомых мастакоў XVI — XVIII стст. Агульная колькасць ілюстрацый налічвае 134 адзінкі, у ліку якіх — 49 гравюр, 19 лістоў, прывілеяў і кантрактаў, 35 рэпрадукцый карцін, малюнкаў і мініяцюр, а таксама — казанні, надпісы, кенатафіумы, медалі, пячаткі і аўтографы, фотаздымкі і інш. Багаты ілюстрацыйны матэрыял выдання, сабраны з дапамогай супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, не толькі гарманічна дапаўняе навуковы тэкст, але і робіць яго зручным для ўспрымання шырокага кола чытачоў. Выданне змяшчае архіўныя матэрыялы, уведзеныя аўтарам у навуковы ўжытак, надрукаваныя ў дадатку.

Кніга «Князі Слуцкія» напісана на падставе дакументаў, што захоўваюцца ў фондах архіваў, нацыянальных і навуковых бібліятэк — Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі, матэрыялаў з прыватных архіваў — Радзівілаў, Сапегаў, Замойскіх і інш.

Аўтар адзначае вялікую ролю роду Алелькавічаў у вырашэнні спраў на дзяржаўным, мясцовым і прыватным узроўнях і каштоўнасць захаваных дакументальных крыніц, падкрэслівае распрацоўку вобразаў князёў Алелькавічаў некалькімі пакаленнямі гісторыкаў. Даследчыца зрабіла агляд пытанняў, асветленых гісторыкамі, і падкрэсліла, што ў айчыннай гістарыяграфіі няма ніводнай манаграфіі, прысвечанай князям Слуцкім, акцэнтавала ўвагу чытача на наяўнасць вялікай колькасці факталагічных памылак вакол Соф’і Юр’еўны Алелькавіч (княгіні Радзівіл), адной з чатырнаццаці беларускіх святых. Дарэчы, Сафіі Слуцкай прысвечаны шэраг артыкулаў А. Скеп’ян, якія вызначаюцца глыбокім навуковым абгрунтаваннем. Мы бачым, што распрацоўка тэмы веравызнання Соф’і Алелькавіч, княгіні Радзівіл, вялася аўтарам не адзін год. Высновы базуюцца на аўтэнтычных архіўных дакументах часоў жыцця Соф’і Алелькавіч, яе апекуноў і іншых гістарычных асоб. З асобай апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў аўтар манаграфіі звязвае вялікую колькасць фальсіфікацый, падтасавання фактаў. Соф’я Алелькавіч прызнаецца праваслаўнай царквой мясцовашанаванай святой, хаця кананізацыі не было.

Падчас больш чым дзесяцігадовага даследавання А. Скеп’ян не толькі былі ўведзены ў навуковы ўжытак новыя крыніцы, але і прааналізаваны вядомыя. Ва ўводзінах да манаграфіі даследчыца дае падрабязны агляд выкарыстаных груп крыніц: летапісы, акты Літоўскай метрыкі, прыватныя паперы з родавых архіваў, друкі (аб прыватным жыцці любога прадстаўніка можна даведацца толькі з прыватнай перапіскі і згадак сучаснікаў), з тлумачэннем, чаму аддавалася перавага той альбо іншай крыніцы. Яшчэ ва ўводзінах аўтар пазначае, што асноўная ўвага ў кнізе будзе сканцэнтравана на прадстаўніках двух апошніх пакаленняў князёў Слуцкіх — братах Юрыі, Яне Сімяоне, Аляксандры Юр’евічы і іх адзінай спадчынніцы Соф’і Юр’еўне.

Першая глава паказвае пачатак і станаўленне магутнасці роду. У кнізе падаецца толькі асноўная інфармацыя, якая дапаможа разабрацца ў роднасных сувязях, бо падзеі XV ст. дастаткова шырока асветлены ў працах, прысвечаных панаванню Казіміра Ягелончыка і яго сыноў. Другая глава прысвечана пакаленню князёў Слуцкіх, што жылі ў 30 — 70-я гг. XVI ст. У трэцяй главе рэканструявана гаспадарчая, палітычная і рэлігійная дзейнасць братоў Алелькавічаў. У чацвёртай разгледжаны жыццёвы шлях Соф’і Алелькавіч. Даследчыца адзначае заслугу праваслаўнай царквы ў апублікаванні вядомых на сёння фундушаў Алелькавічаў на карысць розных манастыроў і цэркваў. Аўтар не прэтэндуе на ўсебаковае асвятленне дзейнасці князёў Алелькавічаў: штосьці засталося па-за ўвагай з-за фармату самой працы, штосьці — з-за недаказанасці некаторых меркаванняў. Акрамя гэтага, недастатковасць інфармацыі пра першых князёў з гэтага роду пакідае шырокае поле дзейнасці ў кірунку вывучэння асобных арыстакратычных родаў ВКЛ.

У часопісе «Беларуская думка» (№ 9 за 2014 год) была змешчана рэцэнзія Ю. Мікульскага на кнігу «Князі Слуцкія». На думку крытыка, гэта хутчэй навукова-папулярнае выданне, чым навуковае. Ю. Мікульскага здзіўляе павярхоўнае асвятленне ранняга перыяду жыццяпісу Алелькавічаў, які ён лічыць вызначальным для роду. На нашу думку, даследчыца добра раскрыла абраны перыяд, таму прэтэнзіі рэцэнзента застаюцца незразумелымі.

Ю. Мікульскі, аўтар цікавых архіўных публікацый у часопісе «Беларуская даўніна», вінаваціць даследчыцу ў адсутнасці спасылкі пры вызначэнні даты смерці Алелькі (1454 год). Пералапаціўшы тысячы архіўных матэрыялаў і іншых дакументаў, лічу, навуковец мае права згубіць адну спасылку, тым больш што дату пазначае правільна. Згаданы артыкул Ю. Мікульскага носіць даволі катэгарычны характар, нягледзячы на тое, што самы старажытны дакумент з прыведзеннага да рэцэнзіі спіса літаратуры датуецца 1867 годам. Зразумела, сучасныя даследаванні апелююць да цікавых фактаў, уводзяць у навуковы ўжытак новыя дакументы, але, упэўнена, паводле навуковай значнасці іх нельга ставіць побач з аўтэнтычнымі архіўнымі крыніцамі, якія выкарыстоўваліся падчас працы над выданнем «Князі Слуцкія».

Як візуальны аргумент крытычны артыкул змяшчае ілюстрацыю «Пячатка князя Алелькі з родавым знакам князёў Алелькавічаў-Слуцкіх», але не пазначана, адкуль узята выява. У кнізе А. Скеп’ян змешчаныя пячаткі з пазначэннем архіўнага фонду. Выява «Граматы князя Алелькі» 1433 — 1434 г. у матэрыяле Ю. Мікульскага адметная, аднак яе адсутнасць у манаграфіі А. Скеп’ян ніяк не адбіваецца на змесце, бо ён прысвечаны братам Алелькавічам — Юрыю, Яну Сімяону, Аляксандру, таксама адзін раздзел прысвечаны Соф’і Алелькавіч. І лёсы пазначаных асоб, на нашу думку, дастаткова раскрыты. «Грамата князя Алелькі» ў дадзеным выпадку, кажучы словамі К. С. Радзівіла Пане Каханку, «ні Богу свечка, ні чорту качарга».

Другая рэцэнзія — «Сага аб Алелькавічах» А. Гуда («Полымя», № 9 за 2016 г.) уводзіць чытача ў зман адносна даты выхаду кнігі — 2012 г. На самай справе выданне надрукавана ў 2013 г. і на адвароце тытульнага ліста пазначана, што серыя «Беларуская гісторыя» заснавана ў тым жа 2013 г. Асаблівую цікавасць крытыка выклікае раздзел «Апошняя з князёў Слуцкіх». А. Гуд лічыць сенсацыйнай падзеяй сварку паміж Радзівіламі і Хадкевічамі, але ў корань гэтай сваркі не зазірае, дакументаў, уведзеных А. Скеп’ян у навуковы ўжытак і надрукаваных у дадатках выдання, не разглядае. Таму і вінаваціць даследчыцу ў катэгарычнасці меркаванняў.

Кульмінацыяй артыкула — заклік да літаратараў ствараць мастацкія творы пра Соф’ю Алелькавіч, Анастасію Слуцкую і інш. Між тым пра Соф’ю Слуцкую пісалі І. Масляніцына і М. Багадзяж, у творчасці якіх гістарычныя факты патанулі ў моры мастацкага вымыслу. Твораў такога кшталту шмат. Возьмем грунтоўны твор А. Дзялендзіка «Легенда пра Анастасію Слуцкую», па якім зняты знакаміты фільм «Анастасія Слуцкая», што стаў лаўрэатам міжнародных фестываляў і ўзнагароджаны Гран-пры фестывалю «Лістапад».

Лічу, што выданне А. Скеп'ян «Князі Слуцкія» навуковае, праўдзівае, цікавае і даступнае шырокаму колу чытачоў. Змест дазваляе не толькі экранізаваць яго цалкам, але і зрабіць асобныя фільмы пра кожнага з братоў — Юрыя, Яна Сімяона, Аляксандра і іх маці Кацярыну з Тэнчынскіх, апошнюю за слуцкіх князёў — Сафію Слуцкую.

Хацелася б, каб выдаўцы і рэдактары, дапускаючы да друку крытычны матэрыял на навуковую работу кандыдата гістарычных навук, супрацоўніка Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, рэцэнзент якой — доктар гістарычных навук і аўтар вядомых кніг Ю. М. Бохан, звярталі ўвагу на абгрунтаванасць крытычных заўваг. Спіс крыніц да артыкула А. Гуда адсутнічае, і чытачу незразумела, на падставе якіх фактаў навуковае выданне — сага і развага.

Гістарычная навука ўвогуле не мае прац, якія можна было б назваць ідэальна закончанымі: новае пакаленне даследчыкаў, працягваючы працу ў пэўным кірунку, абавязкова яшчэ штосьці «адкапае». Калі б кожная манаграфія ставіла кропку ў абранай тэме, гісторыя як навука даўно спыніла б існаванне.

Вольга ПАЛУНЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.