Вы тут

Мацерыкі чалавечнасці


Мой уласны досвед дазваляе не пагадзіцца з тым, што журналісцкая праца не спрыяе напісанню нечага значнага, а, маўляў, наадварот, ператварае ўсё ледзь не ў паток, што ў выніку негатыўна ўплывае на мастацкасць твораў. Многае залежыць ад таленту. У гэтым лішні раз упэўніўся, пазнаёміўшыся з кнігай Уладзіміра Субата «Вытокі», жыццё якой даў Выдавецкі дом «Звязда». Аўтар — чалавек у нацыянальнай журналістыцы бывалы. Як сведчыць сам Уладзімір Паўлавіч, «амаль за паўвека творчых вандровак бадай што не засталося куточка Беларусі, дзе не давялося пабываць». Працаваў У. Субат і на Рэспубліканскім радыё, і на Беларускім тэлебачанні. Цяпер — аглядальнік «Сельской газеты».


Вядома ж, напісана і прагучала ў эфіры шмат. Калі сабраць разам усе гэтыя матэрыялы, набярэцца не на адзін том. Таму «Вытокі» — свайго роду выбранае, але толькі з таго, што створана апошнім часам. У кнігу ўвайшло больш за сорак матэрыялаў.

 Героі нарысаў — не толькі тыя, чые імёны на слыху: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, кіраўнік знакамітай гаспадаркі «Прагрэс — Верцялішкі» Герой Беларусі Васіль Равяка, старшыня СВК «Астрамечава» Аляксей Скакун. Піша У. Субат і пра тых, каго ведаем менш, але сваімі справамі яны заслужылі належнай увагі і павагі. Менавіта такі падыход у выбары герояў кнігі апраўданы, бо тым самым праз лёс асобных людзей ствараецца летапіс сучаснай Беларусі.

Важны і такі момант. Пісьменнікі, журналісты, знаёмячы з пэўным чалавекам, зразумела, не абыходзяць увагай і ягоных бацькоў. Але звычайна, пры ўсёй павазе да іх, робяць гэта неяк мімаходзь, канцэнтруючы ўвагу толькі на сямейным выхаванні. У. Субат пайшоў іншым шляхам. Тым, хто выхаваў знакамітых людзей краіны, прысвяціў нават асобныя нарысы. Гэта цікава таму, што тут раскрываюцца сакрэты вясковай педагогікі, якая жывіцца самім жыццём. Такі падыход адчуў на сабе і дырэктар КСУП «Саўгас “Камуніст”» Ельскага раёна Рыгор Бабчанок, кіраўнік адной з перадавых гаспадарак краіны. Да ўсяго Рыгор Уладзіміравіч піша вершы, выдаў некалькі кніг, не так даўно яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У. Субат не толькі сам расказаў пра гэтага неардынарнага чалавека — далучыўся і бацька Уладзімір Дзям’янавіч («Сам гарэў у працы і дзецям гультаяваць не даваў»).

Адметнасць творчай манеры У. Субата ў тым, што нават да людзей знакамітых ён умее знайсці падыход, раскрыць грані, якія дазваляюць па-новаму зірнуць на самога чалавека, на зробленае ім. Гэта, прынамсі, тычыцца гаворкі пра пісьменніка Георгія Марчука. Пра Георгія Васільевіча пісалі шмат (і я ў тым ліку), здавалася б, нешта новае сказаць — няпроста. Але чытаю У. Субата («Не прасіць, а дзякаваць») і адкрываю выдатнага літаратара па-новаму. Яго постаць — блізкая, знаёмая — высвечваецца новымі фарбамі. Яны дазваляюць лепш адчуць і маштабнасць таленту, і тое, наколькі Г. Марчук паслядоўны ў стварэнні свайго пісьменніцкага свету, дзе роднае яму Палессе паўстае асобным мацерыком.

Георгій Марчук, як вядома, нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, сёння гэта Столінскі раён. Сам У. Субат родам з горада Століна. Безумоўна, пра тых, хто нарадзіўся на Століншчыне, ён расказвае з асаблівай любоўю. У кнізе ім прысвечана некалькі матэрыялаў. Каго ні возьмеш, лішні раз упэўніваешся, наколькі беларуская (а ў дадзеным выпадку палеская) зямля багатая на таленты. Алена Гаўрыльчык — акурат з такіх адораных людзей. Назва нарыса пра яе гаворыць сама за сябе — «Класічная музыка лічбаў і любімы гармонік». Захаплялася ігрой на домры, а стала галоўным эканамістам столінскага СВК «Фядорскі». На гармоніку ж іграе муж.

 Раней кнігі нарысаў, якія знаёмілі чытача з лепшымі людзьмі краіны, часта выходзілі ў рэспубліканскіх выдавецтвах. У «Мастацкай літаратуры» была нават спецыяльная серыя «Рэспубліка. Час. Людзі». Дый пісьменнікі, журналісты ахвотна падключаліся да гэтай важнай справы. Тым больш ухвальна, што Выдавецкі дом «Звязда» прыгадаў забытае старое. Яшчэ больш радасна, што кніга У. Субата, напісаная з глыбокім пранікненнем у характары герояў, атрымалася вельмі цікавай.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.