Вы тут

Як закон «аб дзвюх нагах» можа зрабіць нашу школу лепшай?


«Каб настаўнік пасля працоўнага тыдня адправіўся некуды яшчэ добраахвотна папрацаваць ды павучыцца, яму дакладна трэба ведаць, што ён адпраўляецца па натхненне, па вопыт, па новыя ідэі, па атмасферу супрацоўніцтва і творчасці. Настаўнікі, якія ўдзельнічалі ў першай педагагічнай неканферэнцыі, атрымалі ўсё гэта напоўніцу. Кожнаму было чым падзяліцца і павучыцца без пратаколаў і планаў-канспектаў. Для мяне асабіста вынік неканферэнцыі — фантан ідэй у выглядзе клічнікаў у маім нататніку: !Арганізаваць інтэрактыўны бацькоўскі сход на тэму «Кампетэнцыі ХХІ стагоддзя» !Правесці класныя гадзіны ў фармаце EdCamp !Абвясціць конкурс на самую лепшую рэкламу класа, урока !Наладзіць творчую сустрэчу ў фармаце скайп-сесіі...», — падзялілася сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №20 горада Оршы Алена ПАНКРАТАВА.


Ір­жы Трунда: «Жа­дан­не ву­чыць па-но­ва­му бы­ло, але ку­ды ру­хац­ца, ні­хто не ве­даў...»

Вазьмі, калі хочаш

Дык усё ж такі, што прымусіла 80 педагогаў з розных куткоў краіны, нават з тых, што знаходзяцца на самай паўночнай мяжы, накіравацца ў свой выхадны дзень у Мінск? І што хаваецца за новымі словамі і паняццямі: неканферэнцыя і EdCamp?

Educatіon Camp — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў настаўніцкім асяроддзі ў ЗША ў 2010 годзе і распаўсюдзілася на дзясяткі краін свету. На сённяшні дзень больш за 1500 мерапрыемстваў у 35 краінах свету аб'ядналі ўжо 120 000 педагогаў для адкрытага абмену педагагічным вопытам, супрацоўніцтва і вырашэння агульных задач. Цяпер да іх далучылася і Беларусь.

EdCamp мае ўнікальны фармат. Неканферэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам, зыходзячы з інтарэсаў кожнага ўдзельніка.

Усе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Могуць прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з ўласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць. Галоўны прынцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш». Ёсць і так званы эфект доўгага хваста, калі пасля завяршэння EdCamp абмеркаванне сучасных адукацыйных тэндэнцый працягваецца ўжо непасрэдна ва ўстановах адукацыі, ідэі ўкараняюцца і ўвасабляюцца ў штодзённых уроках, педагогі не чакаюць спрыяльных умоў, а дзейнічаюць тут і цяпер...

— Якасць адукацыі не можа быць лепшай за якасць яе настаўнікаў — такую выснову зрабіла Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, якая праводзіць самае аўтарытэтнае даследаванне якасці адукацыі ў свеце PІSA (Programme for Іnternatіonal Student Assessment), — падкрэслівае старшыня Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — Найлепшыя вынікі ў гэтым даследаванні дэманструюць краіны, якія зрабілі стаўку на павышэнне прафесіяналізму настаўнікаў... Як фізік па адукацыі, я добра ведаю, што такое сінергетычны эфект. Сінергія — гэта такое спалучэнне элементаў, якое прыводзіць да новай якасці развіцця. Напрыклад, каб атрымаць новую структуру рэчыва плюс энергію, трэба сабраць у адным месцы крытычную масу ўрану, прыкладна 0,8 кілаграма, інакш ланцуговая рэакцыя не пойдзе. Нават калі мы тону атамаў урану расцярушым па нейкай тэрыторыі. Цяпер кажуць, што законы сінергіі справядлівыя не толькі для фізікі і жывой прыроды, але і для соцыуму. Калі ў адным месцы сабраць разумных людзей для абмену ідэямі, то якраз такі эфект і ўзнікае. Інтэлектуальнае поле ўзмацняецца, адбываецца самаарганізацыя, развіццё, якое вядзе да пазітыўных змен. Сінергія — гэта калі мы разам можам больш, чым кожны паасобку. Калі 1+1=10.

Ідэя EdCamp заключаецца якраз у тым, каб сабраць разам разумных, творчых, неабыякавых настаўнікаў для ўзаемнага натхнення і абмену ідэямі, як зрабіць нашу школу лепшай.

Навошта пісаць сачыненні?

Старт першай беларускай неканферэнцыі дала панэльная дыскусія з удзелам спецыялістаў па рабоце з персаналам, якія расказалі пра кампетэнцыі, неабходныя маладым людзям для іх паспяховага працаўладкавання.

«Калісьці для таго, каб быць унікальным, трэба было ведаць замежную мову ці умець карыстацца камп'ютарам, сёння ж валоданне адной замежнай мовай — ужо «гігіенічны навык», — менавіта такую фразу пачулі педагогі ад «кадравікоў». Найбольшая колькасць вакансій (28 працэнтаў) на партале Работа.tut.by датычыцца сферы продажу, на другім месцы ідзе ІТ-сфера (11,9%), а на трэцім — рабочыя спецыяльнасці. Для педагогаў стаў адкрыццём той факт, што для таго каб прадаваць, трэба ўмець прыгожа выкладаць свае думкі, таму што большасць продажаў праводзіцца праз інтэрнэт з дапамогай тэкстаў, і калі там ёсць сэнс, калі тэкст прыгожа і смачна напісаны, гэта не застаецца незаўважаным і прыносіць поспех. Але сачыненні ў школе цяпер амаль не пішуць...

Пе­да­го­гі маг­лі пра­га­ла­са­ваць сты­ке­ра­мі толь­кі за дзве з агу­ча­ных пра­па­ноў.

— На рабоце не даводзіцца выбіраць правільны адказ з некалькіх прапанаваных варыянтаў, як у тэстах. Часцей за ўсё трэба генерыраваць новыя варыянты, выводзіць з двух невядомых трэцяе, прычым вельмі хутка, — падкрэслівае кіраўнік аддзела маркетынгу Работа.tut.by Алена ПРАСКУРЫНА.

Ёсць меркаванне, што паспяховасць чалавека ў прафесійнай сферы на 85 працэнтаў залежыць ад так званых мяккіх навыкаў (soft skіlls). Іх яшчэ называюць сацыяльнымі навыкамі, таму што размова ідзе пераважна пра ўзаемадзеянне паміж людзьмі. Маюцца на ўвазе такія чалавечыя якасці, як крытычнае мысленне, крэатыўнасць, гнуткасць, уменне працаваць у камандзе, стрэсаўстойлівасць, уменне папярэджваць і «гасіць» канфлікты, гатоўнасць браць на сябе адказнасць, аргументавана дыскутаваць, весці перагаворы, фармуляваць мэты і ставіць задачы, самаарганізацыя, гатоўнасць прыстасоўвацца да інавацый, вучыцца ўсё жыццё, таму што прафесійныя навыкі давядзецца абнаўляць пастаянна. Сён­няш­нія пер­ша­клас­ні­кі вый­дуць у дарос­лае жыц­цё толь­кі ў 2028 го­дзе, ка­лі мно­гія пра­фе­сіі бу­дуць ужо не­за­па­тра­ба­ва­ныя, та­му трэ­ба ў шко­ле да­ваць дзе­цям та­кія на­вы­кі, якія спат­рэ­бяц­ца ім у лю­бой сі­ту­а­цыі і ў лю­бой пра­фе­сіі.

Хачу падзяліцца

Безумоўна, самым захапляльным атрымаўся кірмаш педагагічных ідэй, дзеля чаго, уласна кажучы, педагогі і сабраліся. У ахвотных была толькі адна хвіліна на тое, каб зацікавіць калег сваёй тэмай. Усяго было агучана больш за 20 прапаноў: педагогі хацелі падзяліцца з калегамі сваім досведам стварэння медыяўрокаў, расказаць, як з дапамогай двух-трох мабільных тэлефонаў з выхадам у інтэрнэт і камп'ютара ці ноўтбука можна ператварыць клас у камп'ютарную лабараторыю, як стварыць у Фэйсбуку эфектыўную суполку настаўнікаў-прадметнікаў, як развіваць сеткавыя праекты, сумяшчаць анлайн-тэхналогіі з навучаннем, як развіваць метапрадметныя кампетэнцыі, як выкарыстоўваць міждысцыплінарныя сувязі з вывучэннем гісторыі ў рабоце тэхнічнага гуртка канструктарскага мадэлявання і ваеннай рэканструкцыі, як навучыць крытычна мысліць, як растлумачыць дзецям, чаму яны павінны вучыцца і дзе могуць спатрэбіцца канкрэтныя веды.

«Ці ёсць у вашым жыцці праблемы? Ці лёгка вам іх вырашаць? А ці ведаеце вы, што ў свеце ёсць такая прафесія «траблшутар» (troubleshooter)? Гэта эксперты па вырашэнні праблем любой складанасці, якія гарантуюць стапрацэнтны вынік... І вось на сваім майстар-класе я прапаную вам ператварыцца ў траблшутараў, навучыцца ставіць перад дзецьмі праблемы і разам іх вырашаць, — смела заявіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры з сярэдняй школы №6 горада Оршы Алена ХАЦЬЯНАВА. — Гэтыя прыёмы можна выкарыстоўваць на любых уроках па любых дысцыплінах».

«А я прапаную злавіць усіх зайцоў за раз. Настаўнікі шмат спрачаюцца, як рэалізаваць прадметны змест і патрабаванні стандартаў праз розныя трэндавыя адукацыйныя сродкі, і вельмі часта здараецца, што яны становяцца ахвярамі «спецэфектаў», а я ў сваёй прафесійнай дзейнасці выбрала іншы шлях: імкнуся фарміраваць у дзяцей жыццёва неабходныя кампетэнцыі (перш за ўсё чытацкую і медыяінфармацыйную адукаванасць) сродкамі медыяадукацыі праз прадметны змест. Такім чынам апошні рэалізуецца ў актуальнай для вучняў плоскасці», — падзялілася сваёй ідэяй дырэктар сярэдняй школы №2 горада Століна Ала ЛАЗІЦКАЯ.

«Працую з логіка-сэнсавымі мадэлямі на ўроках замежнай мовы, таму калі вам па дарозе з логікай і сэнсам, завітайце да мяне», — запрасіла Вераніка АРЛОВА з CШ №14 горада Мазыра.

«Нашы маладыя людзі маюць праблемы ў стасунках. Я магу навучыць, як працаваць з дзецьмі ў пачатковай школе, каб яны раслі разняволенымі, гаваркімі, якія «фішачкі» выкарыстоўваць на ўроках, як іх ацэньваць», — прапанавала настаўніца пачатковых класаў барысаўскай сярэдняй школы №17 Святлана ЛОКІС.

ЕdСаmр мае ўні­каль­ны фар­мат. Удзель­ні­кі да­лу­ча­юц­ца да той дыс­ку­сіі, якая ці­ка­вая ме­на­ві­та ім.

Далей — кароткі перапынак, падчас якога ўдзельнікі EdCamp маглі прагаласаваць стыкерамі толькі за дзве з агучаных прапаноў. І гэта аказалася задача не з лёгкіх, бо хацелася пачуць многіх. Тым не менш цягам аднаго дня проста фізічна немагчыма было даць шанц выступіць усім. Былі арганізаваныя дзве сесіі, якія адначасова праходзілі на чатырох пляцоўках: такім чынам падзяліцца сваімі ідэямі змаглі восем педагогаў.

Акрамя таго, эксперты прапанавалі чатыры майстар-класы на тэмы «Ці праўда, што мэты — галоўны элемент урока?», «Крытэрыі ацэньвання: Што? Калі? Як?», «Зваротная сувязь — ядро актыўнай ацэнкі» і «Што мы робім не так на традыцыйным уроку?». Прынцып свабоднага выбару дзейнічаў і ў гэтым выпадку.

«У цырульніка мэта — гэта прычоска, якая задаволіць кліента, і тады ён прыйдзе другі раз і прывядзе сваіх сяброў. Хутчэй за ўсё, такі цырульнік добра зарабляе. А мала зарабляе той цырульнік, у якога мэта — стрыгчы, — разважае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ. — Не аддавайце сваё дзіця репетытару, у якога мэта — рэпеціраваць. Не ідзіце да ўрача, у якога мэта — лячыць: ён вас залечыць. У любой дзейнасці паспяховыя тыя людзі, якія першапачаткова ведаюць мэту, да якой яны збіраюцца прыйсці. Вучэбная мэта — гэта тое, чаго настаўнік з вучнямі спадзяецца дасягнуць на працягу 45 хвілін урока. А калі вучні не ведаюць мэты, ці будзе ў іх матывацыя?»

Шэф для школы

Выступіць перад беларускімі педагогамі запрасілі і дырэктара базавай школы «Вратыслаўска» горада Прагі, выкладчыка Карлаў універсітэта, доктара педагагічных навук Іржы ТРУНДУ.

— У мяне сёння сапраўдны інтэлектуальны пір. Я магу слухаць, і для мяне гэта важна, тым больш што ў Чэхіі пакуль такі адукацыйны фармат не рэалізаваны, — зазначыў ён. — У 90-я гады мінулага стагоддзя галоўнай нашай мэтай было адысці як мага далей ад ранейшай мадэлі школы, калі дырэктар фактычна выконваў функцыю кантралёра: кантраляваў тое, што яму спускалася зверху, настаўнікі прыходзілі на ўрок, расказвалі, а задача вучняў была — проста аднавіць пачутае. Мы імкнуліся да аўтаноміі школ, да фінансавай самастойнасці. Лёгка сказаць, але складана зрабіць. Жаданне вучыць па-новаму было, але куды рухацца, ніхто не ведаў... Да таго ж і некаторыя бацькі не хочуць ніякіх змяненняў, бо не ведаюць, што іх чакае наперадзе. Мы не маглі прыйсці да адной думкі, якой павінна быць чэшская школа, але ўсе жадалі дзецям дабра...

На кон­кур­се са­цы­яль­ных пра­ек­таў SосіаlWееkеnd ідэя пер­шай не­кан­фе­рэн­цыі для пе­да­го­гаў ака­за­ла­ся ся­род пе­ра­мож­цаў.

Чаго нам удалося дабіцца? Дырэктар сёння стаў сапраўдным шэфам для сваёй школы: ён можа вырашаць і педагагічныя пытанні, і кадравыя, і фінансавыя. Адсутнічаюць адзіныя вучэбныя планы — вядома, дзяржава задае пэўныя рамкі, але школа сама думае, чым іх напоўніць і якімі сродкамі дасягнуць чаканага выніку. Мы разам з настаўнікамі вырашаем, як змяніць нашу адукацыйную праграму, што мы будзем набываць для нашай школы і якія падручнікі выкарыстоўваць. Па кожнай дысцыпліне існуе шмат падручнікаў, пры гэтым яны вельмі моцна адрозніваюцца. Мы можам і самі ствараць і выкарыстоўваць уласныя падручнікі. Нашы класы аснашчаны сучаснай тэхнікай, але, шчыра кажучы, замест таго, каб паказваць дзецям штосьці на інтэрактыўным экране, я б лепш адвёў іх у батанічны сад, каб вывучаць расліны там».

...Субота праляцела для педагогаў як адно імгненне. У планах арганізатараў на будучыню праводзіць EdCamp на працягу двух дзён. А што думаюць самі настаўнікі пра новую нефармальную дыскусійную пляцоўку?

Вольга ЖЫТКАЯ, настаўнік біялогіі Ушацкай сярэдняй школы:

— Выдатная ідэя для нас, настаўнікаў! Мы заўсёды пастаўлены ў жорсткія рамкі семінараў і канферэнцый. Такая форма мерапрыемства дае нам права на выбар і тэмы, і выступоўцы. Што зачапіла? Сюды прыехалі педагогі не толькі з гімназій, але і са звычайных сельскіх школ. І ў іх вельмі шмат цікавых ідэй, якімі яны гатовы самі (а не пад прымусам!) дзяліцца з калегамі. А асэнсаванне і абмеркаванне выступленняў працягваецца і ў кулуарах. Парадаваў той факт, што сярод арганізатараў і запрошаных гасцей была вялікая колькасць моладзі, зацікаўленай у развіцці нашай адукацыі. Было б выдатна, каб мерапрыемства такога фармату праводзілася і ў рэгіёнах, асабліва ў невялікіх, сельскіх...

Ала ПАЗНЯКОВА, настаўнік гісторыі сярэдняй школы №10 горада Бабруйска:

— Сказаць, што было проста цікава, — нічога не сказаць. Уразіў фармат неканферэнцыі — гэта тое, чаго не хапае нашым метадычным аб'яднанням і педагагічным форумам рознага ўзроўню. Мець магчымасць выбраць актуальнае для сябе — проста выдатна. Майстар-класы, цікавы досвед экспертаў, сустрэчы з «рэальнымі» сябрамі і асабістае знаёмства з віртуальнымі. Мне асабіста не хапіла часу, каб заяўленыя майстар-класы не толькі паглядзець і пачуць, але і абмеркаваць. Колькі ідэй у нашых настаўнікаў! Гэта ж сапраўдны цуд!

Алена ПАНКРАТАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №20 горада Оршы:

— Эфект нефармальнай сустрэчы актыўных настаўнікаў у тым, што пасля яе хочацца працаваць па-новаму, творча, актыўна, плённа і ў сучасным фармаце. Фарміраванне кампетэнцый ХХІ стагоддзя ў моладзі патрабуе іх наяўнасці ў настаўнікаў... Навыкі soft skіlls, высокі ўзровень матывацыі, гнуткасць, здольнасць вучыцца і перавучвацца на працягу ўсяго жыцця, уменне прэзентаваць свае ідэі — гэта тое, да чаго мы, настаўнікі, сёння павінны рыхтаваць сваіх вучняў у адпаведнасці з патрэбамі часу, але перадусім павінны навучыцца гэтаму самі. Фармат EdCamp дазволіў гэта зразумець кожнаму ўдзельніку неканферэнцыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рэакцыя пайшла...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.