Штодзень на Галоўпаштамце абслугоўваюць да дзесяці тысяч чалавек. За суткі тут прымаецца каля тысячы пасылак і трох тысяч лістоў. А некалі ў гэтых сценах гучаў стук малатка, дыктаваліся віншавальныя тэлеграмы і завязваліся гарадскія раманы...
Ручная работа
Праектаваць Галоўпаштамт пачалі ў 1947 годзе. Работу даручылі Уладзіміру Каралю — намесніку начальніка ўпраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР. Дапамагаў яму малады выпускнік Маскоўскага архітэктурнага інстытута Абрам Духан. Мінскі паштамт узводзіўся, можна сказаць, уручную: без кранаў і спецыяльнай тэхнікі, толькі намаганнямі рабочых.
Гэта быў адзін з першых новых будынкаў, што з'явіліся ў разбуранай сталіцы пасля Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што Мінгарвыканкам і гасцініца «Мінск», якія праектаваліся пазней, не маглі быць вышэйшыя за паштамт.
28 мая 1955 года адбылося ўрачыстае адкрыццё. А ўнікальны гадзіннік над уваходам з'явіўся ў маі 1961 года. Яго называюць «гадзіннікам свету», бо ён паказвае час у дзясятках гарадоў — Берліне, Токіа, Парыжы, Баку. За ўсю гісторыю ён ні разу не спыняўся. Раней, дарэчы, у пачатку кожнай гадзіны гучала вядомая мелодыя «Радзіма мая дарагая». Ігралася яна на звычайнай гітары: да струнаў былі прымацаваны малаточкі, якія злучаліся з гадзіннікам, і гук узмацняўся праз дынамікі. Замаўчаў гадзіннік у пачатку 1970-х, калі выйшаў указ аб забароне ў гарадах лішніх гукаў.
Інтэр'ер паштамта ўпрыгожваюць вітражы. Яны былі зроблены да Алімпіяды ў 1980 годзе і на той час лічыліся раскошай. У кожным акне — помнік беларускай архітэктуры (Сафійскі сабор у Полацку, Камянецкая вежа, ратуша ў Віцебску). Выявы на вітражах ахопліваюць вялікі перыяд часу — з ХІ па ХVІІІ стагоддзе. У круглай зале вісіць жырандоля, выкананая па спецзаказе Міністэрства сувязі СССР, вагой амаль паўтоны. А ў цэнтральнай устаноўлены знак, які паказвае адлегласць да гарадоў Беларусі і Еўропы.
Тэлеграмы і мяхі са спадчынай
— У пасылачнай зале заўсёды стаяў пах клею, сургучу і чуўся стук малаткоў, — успамінае работу на Галоўпаштамце Таццяна ГУЗЯНКОВА, цяперашняя супрацоўніца гісторыка-інфармацыйнага цэнтра «Белпошты».
У прафесіі жанчына ўжо 45 гадоў. Усміхаецца, што ў яе і выбару не было: мама працавала на пошце. Дома заўсёды было шмат газет — маленькая Таня любіла перапісваць адтуль літары і так у пяць гадоў навучылася чытаць. Дапамагала маме разносіць прэсу па суседзях. Натуральна, за гэта была ўзнагарода: хто грушу дасць, хто яблычак. А ў школе дзяўчынка ўжо рабіла падпіску на «Зорку» і «Піянера Беларусі».
У 17 гадоў (у 1972-м), паралельна з вучобай на вячэрнім факультэце Інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава (цяперашні БДЭУ), Таццяна Аркадзеўна пайшла працаваць вучнем аператара сувязі ў аддзяленне №83 сталіцы. Пасля была начальнікам 114-га аддзялення, а ў 1980-х перавялася на паштамт — яе выбралі старшынёй прафсаюзнага камітэта прадпрыемства.
— Як і ўсюды ў сферы абслугоўвання, у нас працавалі пераважна жанчыны — 97 працэнтаў калектыву, — кажа Таццяна Гузянкова.
Фірмавае адзенне ў аператараў сувязі ўзнікла ў 1980 годзе: пашылі спецыяльна да Алімпіяды (сёння яго, дарэчы, можна ўбачыць у музеі пошты). А дагэтуль супрацоўнікі атрымлівалі звычайныя халаты.
Памятае Таццяна Аркадзеўна і як пошта пераходзіла на новую тэхніку. Замест квітанцый, якія пісаліся ўручную, — касавы апарат «КІМ» (на ім выконваліся простыя аперацыі для прыёму падпіскі і тэлеграм), электрамеханічная машына «Анега».
«З такой цяжкасцю яны ўкараняліся, — дзеліцца суразмоўніца. — Прыходзілася весці тлумачальную работу і ўласным прыкладам паказваць, як гэта зручна і добра. Не трэба сляпіцца і разбірацца — 1, 4 ці 7 напісана ў квітанцыі».
Тэлеграм у 1980-я гады слалі вельмі шмат. У асноўным віншавальныя, але сустракаліся і сумныя — з паведамленнем аб смерці блізкіх. Пасылак таксама было многа. З Беларусі адпраўлялі адзенне, дзіцячы абутак. З Украіны да нас часта ішлі семкі і арэхі, а з Еўропы ў вялікіх мяхах дасылалі рэчы, якія засталіся ў спадчыну ад кагосьці са сваякоў, што жылі ў эміграцыі.
— Усе думалі, што мы тут вельмі дрэнна жывём, і адпраўлялі паношанае адзенне, абутак. Была неяк прэтэнзія: жанчына з Бабруйска атрымала пасылку з Ізраіля і заявіла, што яе падмянілі. Пачалі разбірацца. Пошта прыйшла ў добрым стане, распакавана не была, вага адпавядала. Але жанчына не магла паверыць, што ёй прыслалі з Ізраіля калінінградскія шпроты, грэчку і гарох нашай вытворчасці. Аказалася, калі яе сваякі з'язджалі туды на пастаяннае месца жыхарства, бралі з сабой усё, што толькі можна. Прадуктаў таксама назапасілі. А ў іх жа тэрміны прыдатнасці не вечныя. Вось і адправілі зямлячцы: лічылі, у нас голад.
Скрыні для пасылак тады былі толькі драўляныя. На касах у спецыяльных каробачках ляжалі маленькія цвікі: кліенту ці аператару прыходзілася самастойна іх забіваць (малаток таксама выдавалі). Потым скрыні туга перавязвалі льняным шпагатам. На канцы ніці накладаўся плаўлены сургуч і ставіўся адбітак страхавой пячаткі. За змену аператар прымаў да ста такіх пасылак.
А яшчэ паштамт быў улюбёным месцам закаханых: тут часта прызначалі спатканні.
Вядома, цяпер тэхніка зусім іншая. Патокі людзей рэгулюе электронная чарга, грошы за «камуналку» прымае плацежна-даведачны тэрмінал. Але што захоўваецца — гэта высокія стандарты абслугоўвання, заўважае Таццяна Аркадзеўна:
— Я заўсёды кажу, што наведвальніка трэба прымаць так, быццам ён прыйшоў на пошту ўпершыню і не ведае, што такое бандэроль і дробны пакет. Варта расказаць аб усіх відах паслуг, якія цікавяць чалавека, назваць кошты, каб ён мог выбраць. Тады кліенты будуць вяртацца.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.