Вы тут

Час за ці супраць нас?..


Гэтымі днямі даводзілася назіраць за сітуацыяй, якая разварочвалася вакол усталявання помніка Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі — у горадзе Заталурне,  дзе ён пахаваны. Камянём спатыкнення стала шыльда каля скульптуры, а дакладней яе змест. Пытанне паўстала такое: ці маюць беларусы права напісаць, што яны паставілі помнік свайму суайчынніку?.. Некаторыя меркавалі, што не.


Помнік быў зроблены на сродкі Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі. Заканамерна, што на шыльдзе яны хацелі напісаць: «Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў». Аднак у апошні момант, калі помнік ужо быў гатовы і дастаўлены ў Швейцарыю, нечакана ўмяшаўся трэці бок. Польскі пасол у Берне запатрабаваў змяніць шыльду. Ён заявіў, што калі будзе зацверджаны першапачатковы надпіс, то афіцыйная дэлегацыя іх краіны не будзе ўдзельнічаць у швейцарска-польскіх мерапрыемствах, прымеркаваных да 200-годдзя смерці Касцюшкі, у Залатурне... У выніку мэр горада пагадзіўся з такімі патрабаваннямі. Шыльду вырашылі замяніць, адтуль цалкам прыбралі надпіс на беларускай мове, а тое, што засталося, гучала так: «Пастаўлены Асацыяцыяй беларусаў Швейцарыі ў 2017 годзе». Слова «беларусаў» прапаноўвалі напісаць як Wеіssrussіsсhеn. Прытым што ў першапачатковым варыянце, на замежнай мове яно было напісана як Bеlаrus. Пагадзіцеся, розніца істотная.

У справу давялося ўмяшацца Міністэрству замежных спраў Беларусі. З мэрам Залатурна асабіста сустракаўся кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч. Менавіта яму ўдалося дамовіцца з мэрам наконт прыняцця кампрамісу. Канчатковы варыянт шыльды выглядае так «Тадэвуш Касцюшка. 1746—1817. Ад Беларускага аб'яднання ў Швейцарыі. 2017 год», на беларускай і нямецкай мовах. 21 кастрычніка помнік з такой шыльдай нарэшце быў адкрыты.

Шчыра сказаць, не надта прыемная гэта гісторыя. І не вельмі хочацца гаварыць пра яе са старонак рэспубліканскага выдання. Але ж факты застаюцца фактамі. Тое, што адбылося ў Залатурне, — як лакмусавая паперка. Кожны можа зрабіць уласныя высновы — і нават не трэба нічога тлумачыць.

А мне вось думаецца пра саміх беларусаў і пра нашу славутую талерантнасць. Часам ужо надараецца чуць, што гэта якасць у нашага народа — быццам фэйкавая... Але ж відавочна, што нават уявіць, каб Беларусь умешвалася ў культурныя справы іншай краіны на тэрыторыі трэцяй дзяржавы, проста немагчыма. Гэта здаецца зусім нерэальным. Ёсць у нас пачуццё ўласнай годнасці і разуменне мяжы, за якую не варта пераходзіць. Усім вядомая ісціна пра тое, што свабода аднаго чалавека (чытай, народа) заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода другога... І я радуюся, што ў нашым менталітэце не закладзена імкненне высвятляць адносіны, спробы паказаць іншым іх месца. У нас ёсць сваё месца, а чужога не трэба. Усіх сяброў (і нават не сяброў) шчыра паважаем. Добра, што ёсць у гэтым свеце, у цэнтры Еўропы, такая краіна-міратворац.

Гэта станоўчая якасць, вядома ж, часам выходзіць нам крыху бокам. Мы настолькі талерантныя, што, здараецца, не ўмеем адстойваць сваё. З гэтай боязі — хоць бы не пакрыўдзіць каго — часам гатовы ўласнае аддаць: «Вазьміце, забірайце, толькі не крыўдзіцеся». У гэтым сэнсе сітуацыя з шыльдай, калі быў адстаяны кампрамісны варыянт, з захаваннем беларускай мовы, выглядае нават пазітыўна — у нас не кожны раз так адбываецца.

Хоць і гэта заканамерна. Беларусь заўсёды была скрыжаваннем, дзе сутыкаліся розныя імперыі, пастаянна вяліся баявыя дзеянні. Кватараваліся захопнікі розных масцяў: і што ты зробіш, і каму дакажаш?.. Чакалі лепшых часоў — а можа, усё зменіцца раптам? Але, часы, відаць, і не плануюць рабіць саступкі беларусам. Бо і сёння нам даводзіцца змагацца за права ўсталяваць помнік, зроблены на ўласныя грошы, з надпісам на роднай мове.

Час не стаў больш лагодным. Можа, гэта значыць, што пара змяніцца нам самім? Вядома ж, чужога браць не будзем. Але больш дакладна акрэсліць межы свайго не зашкодзіла б. Я неяк прысутнічала на лекцыі літоўскай даследчыцы гісторыка-культурнай спадчыны Расы Чэпайтэне. І яна казала, што ў Літве працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці завяршыўся ўжо гадоў дваццаць таму, а ў Беларусі ён акурат ідзе. І мы з'яўляемся яго сведкамі і ўдзельнікамі. У гэтым сэнсе даследчыца адзначыла, што яна нам па-добраму зайздросціць.

Відавочна, што, калі працэс ідзе, ён не будзе завершаны сіламі адной асобы ці групы людзей. Думаецца, з гэтай справай не справілася б і дзяржава ў адзіночку, і грамадскасць сама па сабе. Час не робіцца больш лагодным да нас і не абяцае гэтага. Але час кажа, што пара аб'яднаць намаганні.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.