Вы тут

Падарожжа ў Раванічы


Дзіўныя гісторыі можна даведацца, варта толькі збочыць з тлумных магістраляў і заглыбіцца ў палі, лясы ды вясковыя прасторы, дзе патанае беларуская Атлантыда, пакідаючы на паверхні рэшткі муроў, калоны, што замест даху падтрымліваюць неба, ды падмуркі, на якіх вырастаюць хмызы...


Пахвальня пад іанічнымі капітэлямі

Раванічы, сёння сціплая вёска на Ігуменшчыне, пачалася для нас з могілак...

Новенькі драўляны плот, пафарбаваны ў чырвонае. А за ім, у атачэнні старых дрэваў, — руіны касцёла святога Антонія... Велічныя сцены, згрызеныя часам, калоны, увенчаныя там-сям захаванымі стылізаванымі галовамі баранчыкаў — сілуэт іанічных капітэляў і спрадвечны хрысціянскі сімвал. Цікава, фундатар замаўляў, ці архітэктар пастараўся? Зрэшты, паколькі гэта пахавальня, з'яўляецца дадатковы сэнс: у ранняй хрысціянскай сімволіцы баран — сімвал адраджэння душы на нябёсах.

Экскурс у старажытнасць дарэчны: Раванічам — гадоў тысяча, згадваюцца яшчэ ў ІХ стагоддзі ў «Аповесці мінулых гадоў». Нейкі час належалі аднаму з радавітых татараў, запрошаных у Вялікае Княства Літоўскае на вайсковую службу, Сяйгалу Мінбулатавічу, які ў 1535-м прадаў іх віленскаму ваяводзе Альбрэхту Гаштольду. Ды хто тут толькі не быў уладаром... Масальскія, Глябовічы, Вайніловічы...

Даху ў касцёла няма — у 1980-я тут быў пажар. Унутры растуць дрэвы... Затое на сцяне захаваліся рэшткі герба: шасціканцовая зорка, герб «Ляліва»... Менавіта ім карысталіся ўладальнікі Раванічаў Слатвінскія, называючы сябе часам (для важнасці) Слатвінскія-Ляліва. Будаваў жа гэты касцёл пан Антоній Слатвінскі ў 1799 годзе. Не проста так — а як радавую пахавальню... Відаць чорныя прагалы былых пахаванняў. Кажуць, там-сям яшчэ нядаўна знаходзілі і астанкі... Мы, на шчасце, іх не бачым. Затое бачым частку шыкоўнага мемарыяльнага барэльефа ў гонар аднаго са Слатвінскіх.

Караскаемся па напаўзруйнаванай лесвіцы. Мусіла весці на хоры, ці на званіцу? Над намі — беларускае неба, пад намі — прагалы пустых магіл...

Нагадваюць і яміны выкапаных скарбаў. Бо менавіта знойдзеным напалеонаўскім багаццям прыпісвалі мясцовыя сяляне заможнасць пана Антонія Слатвінскага. Капаў ягоны селянін зямлю, убачыў нешта жоўтае, бліскучае... Далажыў пану, атрымаў дваццаць пяць рублёў. А пан займеў схаванае французамі золата.

Хутчэй за ўсё, легенда... Разбудаваўся Слатвінскі яшчэ да вайны з французамі. Пякарня, сыраварня, малачарня, бровар, мылаварны цэх... Некаторыя гаспадарчыя пабудовы захаваліся. А спіртзавод, кажуць, і цяпер працуе. Меліся ў маёнтку адметныя каменныя лядоўні, у якіх узімку абкладвалі сцены знутры льдом, сем агародаў з цяпліцамі, сістэма сажалак...

 

Украдзены мёд

Могілкі, што вакол касцёла, таксама ў заняпадзе. Магільныя камяні паўрасталі ў зямлю, страцілі імёны... Адна магіла, аднак, захавалася добра. На каменным скрутку можна прачытаць, што тут пахаваная 20-гадовая Юзэфа Карказовіч, якая памерла ў 1885 годзе.

Тыя, хто бываў тут да нас, знайшлі звесткі, што Карказовічы жылі ў маёнтку Логі за пятнаццаць кіламетраў адсюль, былі сваякамі Слатвінскіх. Слуцкі шляхцюк Гектар Карказовіч і дачка ўладальніка Раванічаў Тэадора Слатвінская пажаніліся ў 1849-м. Магчыма, іх дачка? Праўда, калі яна нарадзілася, Гектар Карказовіч быў сасланы ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1864 года, дзе і памёр...

Антоній Слатвінскі ў вачах уладаў таксама не быў добранадзейным. Падчас паўстання 1831-га хаваў у Раванічах зброю, каб перадаць інсургентам. За руку не злавілі — але даносы адпаведныя знайшліся.

Зрэшты, раваніцкі люд заўсёды быў баявіты. Знайшла цікавую гісторыю, як у 1594-м жыхары маёнтка Шыпяны, які належаў каталіцкаму епіскапу, судзіліся з раваніцкімі, маўляў, тыя ўкралі ў іх пчол ды іншую псоту ўчынілі. Сабраліся на копны суд, але Раванічамі тады ўладарылі магутныя Глябовічы, апекуны кальвінізму. Іх прадстаўнік, Матэюш Раматоўскі, нахабна заявіў, што загад украсці вуллі аддаў ён, і нічога шыпянцам аплачваць не збіраецца, таму пайшлі, кажа сваім, дахаты.
А калі шыпянцы пачалі абурацца, пачаў страляць па іх. Узвіхурылася сапраўднае пабоішча. Матэюш з'ехаў на кані, месцічы паўцякалі пешкі. Але шыпянцы злавілі аднаго няўдаліцу, раваніцкага селяніна, які краў пчол. Ледзь не павесілі, адпусцілі за выкуп у 10 коп грошай...

Дарэчы, мёд раваніцкі вельмі славіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, штогод да вялікага князя адсюль пастаўлялася яго па паўтары тоны.

Дуброўскі, чытай — Астроўскі

У ХІХ стагоддзі Раванічы таксама праславіліся разбойнікам... Праўда, высакародным. Менавіта адсюль родам той, хто стаў прататыпам галоўнага героя аповесці Аляксандра Пушкіна «Дуброўскі».

Звалі яго Павел Астроўскі, нарадзіўся ён у Раванічах, у 1809 годзе... Але калі Слатвінскім вайна з Напалеонам нібыта прынесла скарбы, яго разарыла. Падчас вайны згарэлі дакументы на ягоны радавы маёнтак каля Дзісны — невялікі кавалак, дваццаць душ прыгонных, але ж дабро! Знайшоўся хцівы сваяк, які прысабечыў уладанні Паўла Астроўскага... І юнак застаўся літаральна на вуліцы, без маёнтка. Не дапамаглі ніякія суды.

Павел Астроўскі ўзброіў сваіх сялян і пачаў займацца... ну не тое, каб рабаўніцтвам — экспрапрыяцыяй, як казалі ў часы ваеннага камунізму. Забіраў у багацеяў лішняе. Раздаваў бедным. Як і ў аповесці, для маскіроўкі працаваў хатнім настаўнікам у аднаго з памешчыкаў, Памарнацкага. Па ягоным даносе і быў арыштаваны.

Праўда, Астроўскі быў не проста гэткі вось Робін Гуд, — супрацоўнічаў з паўстанцамі.

Пушкіну распавёў гісторыю маладога беларускага шляхціца сябар, маскоўскі мільянер Нашчокін, у якога меліся ўладанні на Віцебшчыне. Тое, што прататыпам Дуброўскага быў Астроўскі, пацвярджае ліст Пушкіна Нашчокіну ад 2 снежня 1832 года: «...честь имею тебе объявить, что первый том «Островского» кончен и на днях прислан будет в Москву на твое рассмотрение...».

Зрэшты, недарэмна Пушкін пасля трохі змяніў прозвішча героя: падчас напісання справа была гарачай, якраз ішлі актыўныя пошукі Астроўскага. Як дакладваў 26 сакавіка 1832 года палкоўнік Жукоўскі віцебскаму генерал-губернатару Хаванскаму, «содержащийся в г. Пскове в числе военнопленных польских и литовских мятежников уроженец Минской губернии Игуменского повета местечка Рованичи шляхтич Павел Островский, коему от роду 22 года, сего месяца марта 12-го числа неизвестно куда отлучился».

Заўважылі, як замест «уцёк» спалоханы чыноўнік піша асцярожнае «отлучился»?

Хто ведае, дзе і пад якім імем пасля дзейнічаў Павел Астроўскі... Наўрад ці такі чалавек мог жыць ціха. Пушкін недапісаў аповесць, далейшы лёс і літаратурнага героя, і яго прататыпа застаўся таямніцай.

Прывід венецыянскай мэблі

Мы рушым далей, да палаца... Ёсць легенда, што касцёл і палац былі аб'яднаныя падземным ходам, які пралягаў пад штучным возерам.

Наш шлях — па зямлі... Адразу заўважаецца, што дрэвы тут адметныя, экзатычныя — ад былога раскошнага парку. Шкада, ураган 2009-га загубіў каштоўныя двухсотгадовыя асобіны. Падбіраю на памяць незвычайную разлапістую шышку — здаецца, ад тсугі канадскай. Пры Антоніі Слатвінскім тут разводзілі больш за тры дзясяткі кветак, а саджанцы рэдкіх дрэваў пан прывозіў з-за мяжы.

Справу бацькі прадоўжыў сын Людвіг, маршалак Мінскай губерні... Пабудаваў суконную фабрыку, млыны... Пры ім быў дабудаваны і шыкоўны палац, да якога мы цяпер падыходзім. Калісьці да яго вяла ліпавая алея, стракацелі клумбы... Мы крочым проста па парудзелай траве. Будынак усё яшчэ ўражвае памерамі, але разбураецца на вачах. Тыповая «занядбанка», агароджаная ненадзейным плотам. Вялізныя калоны ў плямінах пабітай цэглы, порцік над імі абваліўся... На фотаздымках, зробленых некалькі гадоў таму, можна бачыць балюстраду на ўрачыстай лесвіцы — сёння яе рэшткі змарнаваныя. Няма перакрыццяў, няма даху...

Пры савецкай уладзе ў панскім маёнтку зладзілі школу, той час пазначаны на фасадзе — 1952. Потым была бальніца... Калі бальніцу ў 1990-х перавялі ў іншае памяшканне, гэтае засталося ў пошуках інвестараў. А між тым, калісь столі палаца былі ўпрыгожаныя ляпнінай ад запрошаных замежных майстроў, у асабістым кабінеце Людвіга Слатвінскага красавалася венецыянская мэбля, кабінет ягонай жонкі Сюзаны быў ва ўсходнім стылі, з грэчаскімі і персідскімі кілімамі. Былі калекцыі — фарфору, кніг, карцін, у тым ліку сямейныя партрэты Богуш-Сестранцэвіча.

Мы ходзім па друзе, асцярожна, каб не зваліцца ў пустоты на месцы колішняй падлогі... Па «столі» плывуць аблокі.

Бомба над атэлем «Парыж»

Слатвінскія з Раванічаз засталіся ў гісторыі Беларусі яшчэ адным цікавым фактам. Юзаф Слатвінскі, унук Людвіга, які валодаў Раванічамі ў пачатку ХХ стагоддзя, стаў першай ахвярай авіяналёту на Беларусі. Было гэта падчас Першай сусветнай вайны, у 1916-м... Юзаф, чалавек дзелавы, часта прыязджаў у Мінск і заўсёды спыняўся ў атэлі «Парыж». Той жнівеньскай раніцай — прыфрантавая паласа, тлум — усе нумары аказаліся занятыя. Парцье папрасіў прабачэння, прапанаваў пану пакуль пасяліцца ў адным з ванных пакояў. Юзаф Слатвінскі, зразумела, абурыўся, выбег, ляснуўшы дзвярыма... Парцье спалохаўся, што страціць важнага кліента, — і за ім... Урэшце нейкага не такога пачэснага госця перасялілі ў лазенку, а Юзаф заняў нумар.

І тут здарыўся адзіны зафіксаваны ў той час авіяналёт на Мінск. Нямецкі самалёт ляцеў атакаваць будынак гімназіі, дзе знаходзіўся штаб фронту генерала Эверта, побач з атэлем «Парыж» (у другой крыніцы я прачытала, што гэта быў дырыжабль). Былі скінутыя тры бомбы. Яны па памеры нагадвалі гранаты, шкоды няшмат... І собіла ж, што адна з тых бомбаў прабіла дах атэля «Парыж» і ўзарвалася якраз у з такой цяжкасцю адваяваным нумары пана Юзафа Слатвінскага! Юзаф атрымаў 17 раненняў і праз тры дні памёр.

Вось і кажыце, што няма наканавання...

Раванічы засталіся ўвекавечаныя на адным з малюнкаў Напалеона Орды, летапісца беларускіх сядзіб. Прачытала ў нататках аднаго з цяперашніх турыстаў, што сядзіба магла ператварыцца ў «беларускі Пецяргоф». Гледзячы на даўні малюнак, у гэта верыш... Гледзячы на сённяшні стан сядзібы — мякка кажучы, — не вельмі. Ці адновяцца Раванічы?

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.