Вы тут

Чым філарманічныя музыканты заваёўваюць слухача?


Тыдзень таму Беларуская дзяржаўная філармонія распачала новы сезон, які стаў васьмідзясятым у яе гісторыі. Але, па прызнанні саміх музыкантаў, сёлетнія канцэрты якасна не будуць адрознівацца ад мінулых, бо кожны год у філармоніі — святочны, а кампазітары і выканаўцы падчас кожнага выступлення шукаюць самы кароткі шлях да свайго слухача.


Фота: art-grand.by

Юбілейныя даты ў філармоніі ідуць паралельна: 30 гадоў дзейнічае Дзяржаўны камерны хор, 50 гадоў спаўняецца Дзяржаўнаму камернаму аркестру, 90-гадовы юбілей адзначае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, а 70-гадовы — яго кіраўнік, дырыжор Аляксандр Анісімаў, які прызнаецца, што калектыў сёлета занадта запатрабаваны і бярэ ўдзел амаль ва ўсіх юбілейных канцэртах. Тым не менш гэты аркестр заўсёды ўмеў уражваць, вось і 26 кастрычніка на юбілеі свайго дырыжора музыканты выканаюць «Урачыстую месу» — твор, які ў Беларускай філармоніі ігралі толькі аднойчы.

Святкаванне юбілеяў працягнецца цыклам канцэртаў «Беларуская музычная восень». Гэта адзіная восень, дзе не будзе дажджу і пахмурнага надвор'я, а толькі найлепшая музыка і яе якаснае выкананне. Напрыклад, канцэртнымі праграмамі адзначаць юбілеі кампазітараў Дзмітрыя Смольскага, Віктара Войціка, Сяргея Бельцюкова, Андрэя Мдзівані: у выкананні вядучых калектываў філармоніі будуць гучаць найлепшыя сачыненні юбіляраў.

Безумоўна, ні адзін музычны сезон немагчымы без арганных канцэртаў, таму філарманічны цыкл «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва» вяртаецца разам з новымі музыкантамі: польскім арганістам Маркам Маркушэўскім, музыкантамі Даніэлем Сальвадорам з Іспаніі і Ёганэсам Гефертам з Германіі. Не забыліся таксама і пра любімы беларускай публікай джаз: сёлета філармонія зноў супрацоўнічае з Польскім Інстытутам у Мінску, таму на сцэну завітаюць польскія джазмены, а таксама прадстаўнікі краіны, дзе нарадзіўся гэты кірунак, — амерыканскія музыканты.

Адной з самых доўгачаканых падзей музычнага жыцця беларускай сталіцы зноў становіцца Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, які пройдзе ў Мінску ўжо дванаццаты раз! Шэраг канцэртаў адбудзецца ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, у тым ліку і самы грандыёзны: адзін з класікаў сучаснасці, кампазітар і дырыжор Кшыштаф Пендэрэцкі ўпершыню будзе дырыжыраваць сімфанічным аркестрам Беларусі на мінскай сцэне.

Беларускія музыканты таксама падрыхтавалі шмат сюрпрызаў. Напрыклад, мастацкі кіраўнік народнага аркестра імя І. Жыновіча Міхаіл Казінец расказаў, што калектыў вырашыў аддаць увагу творчасці, якая згубілася ў часе: «Раней мы аднавілі «Гусляра» Мулявіна, а зараз звярнуліся да бессмяротнага «Вянка» Максіма Багдановіча, які складаецца з пятнаццаці кампазіцый на вершы паэта».

Фальклорныя праграмы ў юбілейным сезоне падрыхтуюць таксама калектывы «Купалінка», «Свята», «Харошкі», выступяць маладыя піяністы і вакалісты. Адной з самых нечаканых падзей будзе новы праект камернага хора. Ён створаны кампазітарам Ларысай Сімаковіч, якая таксама з'яўляецца сцэнарыстам, рэжысёрам, харэографам і лібрэтыстам. Без сумненняў, перформанс будзе канцэптуальным: твор з сімвалічнай назвай «Плошча Якуба Коласа», напісаны ў жанры харавога тэатра, будзе не толькі вартым падарункам паэту-юбіляру, але і эксперыментальным праектам: аб жыцці Коласа слухачы даведаюцца праз музыку.

Для філармоніі новы сезон будзе адзначаны не толькі шэрагам канцэртаў, але і спробай дадаць у музычнае жыццё краіны новыя фарбы: сёлета плануецца стварыць канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам побач з філармоніяй, заснаваць Алею зорак, а таксама выдаць кнігу пра філарманічнае жыццё за апошнія пятнаццаць гадоў.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Чароўныя гукі і новыя фарбы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.