19 Кастрычнік, чацвер

Вы тут

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну


У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне. Мяркуецца, што да новага года з'явяцца яшчэ тры, каб паслуга была даступна ва ўсіх раёнах сталіцы. Такія кабінеты павінны спрыяць павышэнню нараджальнасці. Але ў людзей кансультаванне выклікае шмат пытанняў. Хто яго будзе праводзіць? Чаму гэта неабходна для ўсіх? Ці не бярэ на сябе спецыяліст залішнюю адказнасць, прымаючы рашэнне за жанчыну? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да галоўнага пазаштатнага акушэра-гінеколага па амбулаторнай рабоце Мінска, загадчыцы жаночай кансультацыі 37-й гарадской паліклінікі Аксаны КАРОТКІХ.


— Адкрыццё кабінетаў «За жыццё» было нашым даўнім планам, — расказвае Аксана Кароткіх. — Раней перадабортнае кансультаванне праводзілі валанцёры: цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» дасылаў сваіх спецыялістаў у некаторыя ўстановы. У гэтым годзе мы змаглі дабіцца таго, каб у жаночых кансультацыях выдзелілі стаўкі псіхолагаў. Рыхтаваць патрэбныя нам кадры дапамагае той жа цэнтр «Матуля». Таксама ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны курсы па аказанні псіхалагічнай падтрымкі.

Па законе аб ахове здароўя ніякае перарыванне цяжарнасці цяпер не робяць без перадабортнага кансультавання. Такі падыход ужо даўно дзейнічае ў многіх краінах, у суседняй Расіі ў тым ліку. Мы ў Еўропе аказаліся амаль апошнімі, хто да гэтага прыйшоў.

— Чаму кансультаванне праводзіць псіхолаг, а не ўрач?

— Першапачаткова так і было: гутарку ўсклалі на акушэраў-гінеколагаў. Але, я лічу, гэта няправільна. Асабліва ў камерцыйных структурах, дзе ўрачу больш выгадна зрабіць перарыванне цяжарнасці і атрымаць нейкі працэнт ад сумы, заплачанай за аборт, чым бясплатна кансультаваць.

— Якія жанчыны прыходзяць у кабінеты «За жыццё»?

— Вельмі розныя. Адны настроены катэгарычна і не хочуць нічога слухаць. А ёсць тыя, хто прыходзіць сямейнымі парамі і гатовы абмяркоўваць сітуацыю. І потым яны вяртаюцца, дзякуюць псіхолагу за тое, што ён адкрыў ім вочы на нейкія рэчы. Мы нават паспрыялі таму, каб некалькі пар падалі заяву ў ЗАГС (усміхаецца)! Задача псіхолага — не адгаварыць перарываць цяжарнасць, а зразумець праблему і дапамагчы прыняць патрэбнае для гэтай сям'і рашэнне. Выбар заўсёды застаецца за жанчынай.

— Але ж яна, напэўна, і так для сябе ўжо ўсё ўзважыла, калі прыйшла на аборт?

— Не зусім так. Цяпер, напрыклад, ёсць медыкаментозныя аборты: каб пазбавіцца ад цяжарнасці, дастаткова прыняць дзве таблеткі. Бывае, жанчына спужаецца навіны аб будучым мацярынстве, паспявае выпіць таблетку, а на наступны дзень прыбягае ў слязах: «Я падумала, паразмаўляла з мужам, а можна мне другую не піць?»

Усе формы перарывання цяжарнасці — гэта аборт. І наступствы ніхто ніколі не ведае. У нас ёсць пацыенткі, якія некалі па маладосці зрабілі вакуум, і цяпер ужо пятае ЭКА — і нічога не атрымліваецца. Пасля псіхалагічнага кансультавання даецца тры дні. Такі час цішыні, каб жанчына магла падумаць, абмеркаваць усё з сям'ёй. Тады гэта будзе ўсвядомленае рашэнне.

— Чаму вырашаюцца на аборт? Толькі фінансавая прычына?

— Мы ў жніўні праводзілі аналіз. Падлічылі, што прыкладна 15 працэнтаў жанчын ідуць на аборт з-за праблем з мужам. Кажуць: «ён не працуе», «не дапамагае», «няўпэўнена ў ім». Столькі ж прыкладна называюць прычынай тое, што стаміліся і хочуць адпачыць. Гэта тыя, у каго ўжо ёсць двое-трое ці нават пяцёра дзяцей. Вось такія часцей за ўсё потым адмаўляюцца перарываць цяжарнасць. Яшчэ 15 працэнтаў — па стане здароўя: п'юць лекі, знаходзяцца на антыдэпрэсантах, перанеслі аперацыю. Матэрыяльны фактар аказаўся, як ні дзіўна, толькі на пятым месцы — яго называюць каля сямі працэнтаў. Яшчэ столькі ж не гатовы станавіцца мамамі, бо не замужам. І зусім маленькі працэнт тых, хто ўвогуле не хоча мець дзяцей.

— Ці многія змяняюць сваё рашэнне пасля кансультавання?

— 15—20 працэнтаў. Увогуле, палова жанчын перадумвае рабіць аборт яшчэ на прыёме ў гінеколага і да псіхолага не даходзіць.

— А якую катэгорыю амаль немагчыма пераканаць?

— Маладых студэнтак. Дзяўчына ў 18 гадоў баіцца прызнацца сям'і і спрабуе хутчэй пазбавіцца ад непажаданай цяжарнасці. Але як толькі яна ўсё раскажа бацькам, будучае дзіця перастане здавацца такой праблемай, бо, хутчэй за ўсё, яе падтрымаюць.

Ведаеце, да псіхолага адпраўляюць і тых жанчын, якія не хочуць рабіць аборт, а цяжарнасць ім катэгарычна супрацьпаказана па стане здароўя. Не, мы не прымушаем іх не нараджаць. Але псіхолаг рыхтуе жанчыну да таго, што яна мусіць назірацца ва ўрача, бо знаходзіцца ў зоне рызыкі.

— Складана працаваць з роднымі цяжарных: іх маці, мужамі? Чула меркаванне, што, калі маці жанчыны супраць таго, каб яна нараджала, адгаварыць ад аборту цяжка.

— Гэта праўда. Памятаю, адна жанчына тройчы прыходзіла да мяне на прыём і казала, што вельмі хоча захаваць цяжарнасць, і муж падтрымаў, але з мамай узнік канфлікт. Яна заяўляла дачцэ: «Расціце дзяцей самі, я вам дапамагаць не буду...» Ведаеце, мама — гэта родны чалавек, і што б яна цяпер ні казала, калі ўбачыць унукаў, зменіць гнеў на міласць. А вось калі муж пагражае пайсці з сям'і, тут складаней вырашыць сітуацыю.

— Ці не будуць жанчыну на кансультаванні асуджаць за яе выбар перарваць цяжарнасць?

— Я з падобным не сутыкалася. Але калі раптам такі псіхолаг з'явіцца, з ім трэба будзе развітвацца, бо асуджаць ён не мае права, гэта не яго задача. Яго мэта — дапамога.

— Па вашых назіраннях, наколькі беларускі адукаваныя ў сферы рэпрадуктыўнага здароўя?

— Нягледзячы на тое што інфармацыі па гэтай тэме ў інтэрнэце мора, часам прыходзяць жанчыны, якія не ведаюць аб формах кантрацэпцыі. Паколькі паліклініка знаходзіцца побач з кальцавой, да нас прыязджаюць і жыхаркі Мінскага раёна, а не толькі сталіцы. Была неяк пацыентка, якая лічыла, што, прабачце, прэзерватыў — рэч шматразовая! Многія ўпэўнены, што калі яны кормяць грудзямі, то зацяжарыць не могуць. Хоць усюды існуюць школы цяжарных, дзе адна з тэм — кантрацэпцыя ў пасляродавым перыядзе. Усё не так добра з інфармаванасцю ў ХХІ стагоддзі, як здаецца.

На маю думку, адукацыя павінна ісці са школы. Мы, напрыклад, ходзім на лекцыі ў мінскія навучальныя ўстановы: збіраем вучняў 9-х і 10-х класаў і расказваем пра здаровы лад жыцця, планаванне сям'і. Гэта важна для таго, каб зменшыць колькасць абортаў у будучыні.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Даведка «Звязды»

У 2016 годзе ў Беларусі было зарэгістравана амаль 27,5 тысячы абортаў. Гэта на 1,7 тысячы менш, чым у 2015-м. Львіную долю даюць камерцыйныя цэнтры. У Мінску, напрыклад, у платных установах робіцца абортаў больш, чым ва ўсіх паліклініках горада.

Абортам заканчваецца кожная пятая цяжарнасць. Па статыстыцы жаночых кансультацый сталіцы, для 20 працэнтаў гараджанак, якія вырашаюцца пазбавіцца ад дзіцяці, гэта цяжарнасць першая.

Загаловак у газеце: «Псіхолаг не мае права асуджаць»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Які шлях абраць, каб не адстаць ад канкурэнтаў.

Грамадства

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У мінулую нядзелю прайшоў хросны ход у гонар Абраза Багародзіцы Адзігітрыі. 

Грамадства

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

«Інтэрв'ю? Ну, толькі калі хутка, а то ў мяне вельмі шмат работы», — сказаў адзін з нашых герояў, калі тэлефанавалі дамовіцца на сустрэчу.