Вы тут

На сумленні ў педагогаў


Міністэрства адукацыі вырашыла яшчэ раз нагадаць настаўнікам пра гэтыя патрабаванні ў сваім інструкцыйна-метадычным лісце да новага навучальнага года, таму што ні для каго не сакрэт, што настаўнікаў, якія лічаць менавіта свой прадмет самым галоўным і задаюць заданне на дом без уліку заданняў па іншых дысцыплінах, хапае. Адзін настаўнік можа даць заданне — падрыхтаваць прэзентацыю, другі — прачытаць вялікі тэкст па літаратуры ці вывучыць верш, трэці — самастойна праштудзіраваць матэрыял, які не паспелі разам прайсці на ўроку. І ўсё гэта падае на галаву аднаго дзіцяці. А калі наперадзе выхадныя, то і аб'ёмы заданняў таксама павялічваюцца. І гэта пры тым, што ў многіх еўрапейскіх краінах дамашнія заданні на суботу-нядзелю ніколі не задаюць.


Можна заняцца простай арыфметыкай: у старшых класах у вучняў не менш як шэсць урокаў штодня. І калі па кожным прадмеце настаўнік задае дамашняе заданне, то тэарэтычна на кожную дысцыпліну падлетак павінен выдаткаваць не больш як 30 хвілін, каб падрыхтавацца да наступнага ўрока. Але ж ці такое магчыма?

У інструкцыйна-метадычным лісце падкрэсліваецца, што асноўная функцыя дамашняга задання — замацаванне ведаў і ўменняў, а асноўны вучэбны матэрыял павінен быць засвоены вучнямі на ўроку. Для папярэджання перагрузкі навучэнцаў настаўніку трэба сачыць за дазіраваннем дамашняга задання, тлумачыць на ўроку змест, парадак і прыёмы яго выканання. Заданні павышанага ўзроўню складанасці могуць прапаноўвацца для самастойнага выканання вучням толькі па іх жаданні. Аб'ём дамашняга задання павінен адпавядаць санітарным нормам з улікам яго аб'ёму па іншых вучэбных прадметах і магчымасці выканання дамашняга задання па ўсіх прадметах.

Тыповым дамашнім заданнем па матэматыцы для вучня 2-га класа можа стаць задача ці два слупкі прыкладаў. Па рускай (беларускай) мове заданне можа складацца з 15—17 слоў, пры гэтым практыкаванне не можа ўтрымліваць больш за адно дадатковае граматычнае заданне. Па літаратурным чытанні і прадмеце «Чалавек і свет» другакласнікі павінны прачытаць не больш за 1—1,5 старонкі тэксту. Затое вучань 4-га класа па матэматыцы цалкам можа падрыхтаваць рашэнне задачы і двух выразаў (або дзвюх задач, або задачы і чатырох прыкладаў). Па рускай (беларускай) мове ён можа выканаць практыкаванне з 35—37 слоў, а да літаратурнага чытання падрыхтаваць матэрыял, які ахоплівае не больш за 3—3,5 старонкі.

Інфаграфіка БЕЛТА

Першакласнікі вучацца ўвогуле без дамашніх заданняў. Нікому не павінна таксама задавацца заданне на дом па вучэбным прадмеце «Асновы бяспекі жыццядзейнасці». Як не павінны задавацца школьнікам дамашнія заданні і на канікулы.

Яшчэ адзін важны аспект — аптымальна складзены школьны расклад. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так арганізацыя адукацыйнага працэсу ў школе пачынаецца з раскладу вучэбных заняткаў. Згодна з санітарнымі патрабаваннямі, кантрольныя работы павінны праводзіцца ў адпаведнасці з графікам, зацверджаным кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі, не больш чым па адным вучэбным прадмеце ў дзень у адным класе. Правядзенне кантрольных работ у панядзелак, пятніцу і на апошніх вучэбных занятках забараняецца.

Між іншым, падчас рэспубліканскага маніторынгу, праведзенага Нацыянальным інстытутам адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе, 17% навучэнцаў паведаміліі што складаныя прадметы (матэматыка, фізіка, хімія і іншыя) заўсёды ідуць першым і (або) апошнім урокамі, яшчэ 70% адзначылі, што такое адбываецца час ад часу. У 10% выпадкаў кантрольныя работы праводзяцца на першым уроку і амаль у 7% — на апошнім уроку. Больш як 45% васьмікласнікаў канстатавалі, што час ад часу ў адзін дзень у іх праводзяцца кантрольныя работы адразу па некалькіх вучэбных прадметах.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkaleva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.